Аб’ектам новага нападу беларускіх прапагандыстаў стала беларуская лацінка. Дзяржаўная газета «Мінская праўда» назвала яе «нетрадыцыйнымі краказябрамі», а таксама заявіла, што яе выкарыстоўвалі нацысты і «заўзяты русафоб і кат беларускага сялянства Каліноўскі». Расказваем, калі лацінка з’явілася ў Беларусі, хто яе выкарыстоўваў, калі лацінскі алфавіт выйшаў з ужытку і ці ёсць шанец на яго адраджэнне ў нашай краіне.
Першым алфавітам, які з’явіўся на нашых землях, была кірыліца — тая самая, якую мы выкарыстоўваем у паўсядзённым жыцці і якой напісаны гэты тэкст. Гэта адбылося не пазней за хрышчэнне Русі (988 год). Магчыма, усходнія славяне ведалі пісьменнасць і да прыняцця хрысціянства, але дакладных навуковых дадзеных на гэты конт пакуль няма. Кірыліцу выкарыстоўвалі для запісу летапісаў, жыццяў святых, пропаведзяў і сказанняў на трох мовах:
- царкоўнаславянскай (стараславянская мова ва ўсходнеславянскай рэдакцыі),
- старажытнарускай (агульнай ва ўсіх славян да пачатку XIV стагоддзя),
- старабеларускай (пасля таго як яна аддзялілася ад старажытнарускай).
На старабеларускай мове з дапамогай кірыліцы былі напісаныя тры выданні Статута Вялікага княства Літоўскага — збору законаў нашай дзяржавы.
У ХVI стагоддзі ў беларускай гісторыі адбылося адразу некалькі важных падзей. У 1569-м ВКЛ аб’ядналася з Польшчай, дзе выкарыстоўвалі лацінскі алфавіт (лацініцу ці лацінку), у адзіную федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Адначасова на беларускіх землях развівалася Рэфармацыя (рух па абнаўленні каталіцкай царквы, што прывяло да ўзнікнення пратэстантызму), а затым і Контррэфармацыя. У тым жа ХVI стагоддзі да нас прыйшла культура Рэнесансу (Адраджэння). Усё разам гэта прывяло да яшчэ большага ўключэння сучаснай Беларусі ў заходнееўрапейскую сістэму каардынат, распаўсюджвання адукацыі ў еўрапейскім духу — і ўкараненні лацінкі.

Менавіта ў канцы XVI стагоддзя сталі з’яўляцца першыя пісьмовыя помнікі беларускай лацінкі — часцей за ўсё юрыдычныя дакументы. Яна ўзнікла, каб запісаць лацінскімі літарамі тэкст, першапачаткова створаны на кірыліцы старабеларускай мовы. Для «перакладу» звычайна выкарыстоўвалася графічная сістэма польскай мовы.
Напрыклад, з наступнага XVII стагоддзя лацінскі алфавіт пачалі выкарыстоўваць у тэатры. Самі п’есы пісалі на лацінскай ці польскай мовах, а беларуская мова звычайна гучала ў інтэрмедыях, якімі забаўлялі гледачоў у антрактах. У асноўным інтэрмедыі запісвалі польскай графікай, але часам у іх можна ўбачыць самабытныя напісанні. Напрыклад, беларускі гук [г] пазначаўся то як ch, то як h (другі варыянт выкарыстоўваецца дагэтуль). У выніку пасля некалькіх рэформаў беларуская лацінка аддзялілася ад польскай і стала развівацца самастойна.
На распаўсюд лацінкі паўплывалі і палітычныя працэсы. На жаль, з цягам часу беларуская мова стала знікаць з афіцыйнага звароту. У 1696 годзе ў Рэчы Паспалітай прынялі пастанову, што дзяржаўныя дакументы ў ВКЛ павінны пісацца на польскай і лацінскай мовах. Гэта стала ўдарам па старабеларускай мове.
Але сяляне працягвалі размаўляць на беларускай — невядома ні пра які дакумент аб забароне яго ўжываць. Родную мову ведалі і беларускія магнаты, бо інакш яны не змаглі б мець зносіны са сваімі падданымі. Арыстакраты нават складалі творы на ёй. Напрыклад, знакаміты вучоны Адам Мальдзіс знайшоў верш на беларускай мове, які Яўхім Храптовіч, апошні канцлер ВКЛ, напісаў у сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя. Ён таксама быў напісаны на лацінцы.
Лагічна, што магнатам і шляхцічам было прасцей пісаць лацінскімі літарамі, бо менавіта ёй карысталася большая частка арыстакратыі ў Рэчы Паспалітай.

Лацінка працягвала выкарыстоўвацца і ў побыце. Напрыклад, у 1583 годзе ў вёсцы Моладава Іванаўскага раёна адлілі звон, надпіс на якім зрабілі на лацінцы (цяпер ён знаходзіцца ў Музеі старабеларускай культуры пры Акадэміі навук Беларусі).
А ў 2014-м магілёўскія археолагі на чале з Ігарам Марзалюком, тады сенатарам, а цяпер дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, выявілі ў Горацкім раёне курганны могільнік, а там надмагільны камень, званы «прыкладам». На ім добра відаць выбіты надпіс: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750». Гэты надпіс быў зроблены на беларускай мове лацінскімі літарамі. Сюжэт аб гэтым выпусціла тэлекампанія «Магілёў». Цяпер спасылка на матэрыял недаступная, але інфармацыя захавалася ў архівах TUT.BY.
Забарона лацінкі
У канцы ХVIII стагоддзя ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Напачатку гэта не прывяло да падзення цікавасці да лацінкі. Наадварот, ёй карысталіся большасць тагачасных пісьменнікаў. Менавіта ў гэты час у лацінцы з’явілася арыгінальная літара «ŭ». Пазней яна перайшла ў кірыліцу, дзе стала вядомая як «ў» (дарэчы, менавіта гэтую літару ў якасці свайго лагатыпу выкарыстоўвае газета «Мінская праўда», якая назвала лацінку «краказябрамі»).
У сярэдзіне ХIХ стагоддзя пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч тлумачыў прычыну цікавасці да гэтага алфавіта ў лісце да цэнзараў:
«У нашых правінцыях са ста сялян, напэўна, можна знайсці 10, якія добра чытаюць па-польску, і, наадварот, з тысячы з цяжкасцю адшукаецца адзін, які ведае рускую мову. Калі надрукаваць які-небудзь беларускі твор рускімі літарамі (на кірыліцы. — Заўв. рэд.), смела можна замкнуць той у куфар, бо вышэйшы клас грамадства, маючы пад рукой рускую, польскую, французскую і нямецкую літаратуры, не возьме і ў рукі простанароднай кнігі, а сяляне хоць бы і жадалі чытаць аповесці і апавяданні, але, не ведаючы рускіх літар, не ў стане задаволіць свайго жадання».
Аналагічная сітуацыя мела месца і з ўкраінскай мовай. Таму царскі ўрад вырашыў дзейнічаць у адказ: 30 красавіка 1859-га з’явіўся цыркуляр Галоўнага ўпраўлення цэнзуры аб забароне друку ўкраінскай літаратуры лацінскім алфавітам.

За год да гэтага, у 1858-м, той жа Дунін-Марцінкевіч выдаў на беларускай лацінцы пераклад паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча. Тыраж затрымалі. Галоўнае ўпраўленне цэнзуры, якое базавалася ў Санкт-Пецярбургу, запатрабавала спыніць «друкаванне буквароў (у гэтым кантэксце — кніг. — Заўв. рэд.), якія ўтрымліваюць у сабе ўжыванне польскага алфавіта да рускай мовы». Нагадаем, што тады ў Расіі не прызнавалі існаванне беларускай мовы як асобнай.
Класік беларускай літаратуры спрабаваў апраўдацца (яго цытату мы прыводзілі вышэй). Тады цэнзары ў Вільні (сучасны Вільнюс) вырашылі ўдакладніць інфармацыю ў калегаў з Санкт-Пецярбурга. «Хоць вышэйзгаданае (гаворка пра цыркуляр. — Заўв. рэд.) адносіцца, уласна, да маларасійскай гаворкі (украінскай мове. — Заўв. рэд.), але, як і беларуская гаворка, складае галіну рускай мовы і некаторым чынам можа падыходзіць пад азначаную пастанову Галоўнага ўпраўлення цэнзуры, то камітэт засумняваўся, ці можа быць дазволена друкаванне твораў на беларускай мове польскім шрыфтам», — напісалі яны ў красавіку 1859-га.
Мяркуючы па ўсім, з тагачаснай сталіцы папрасілі ўдакладніць падрабязнасці, паколькі ў лістападзе таго ж 1859-га Віленскі цэнзурны камітэт паведаміў у Санкт-Пецярбург: «наколькі Камітэту вядома, усе беларускія складанні друкаваныя былі дагэтуль польскімі літарамі».
У выніку дзеянне дакумента, накіраванага на Украіну, распаўсюдзілі і на Беларусь.
Працяг адбыўся ў 1863-м. Тады расійская цэнзура забараніла друкаваць кнігі духоўна-маральнага зместу на ўкраінскай мове. Паводле Эмскага ўказу 1878 года забаранялася ўвозіць у Расійскую імперыю кнігі на ўкраінскай (афіцыйна «на маларускай гаворцы»), друкаваць на ёй арыгінальныя творы або пераклады (акрамя помнікаў фальклору), ставіць ўкраінскія спектаклі. Таксама з бібліятэк усіх вучылішчаў павінны былі прыбраць усе кнігі на гэтай мове. Гэтыя абмежаванні таксама распаўсюдзілі і на беларускія кнігі.
Як вынік, у 1860−1880-х гадах у Расійскай імперыі не апублікавалі ніводнага літаратурнага твора на беларускай мове (за выключэннем фальклорных зборнікаў, якія выпускаліся Расійскай акадэміяй навук).
Таму «Мужыцкая правда» — першая беларускамоўная газета, што выдавалася Кастусём Каліноўскім на лацінцы — у поўнай меры з’яўлялася нелегальным прадуктам.
Як кірыліца перамагла лацінку

Рубежнымі для беларускай мовы сталі 1890-я гады.
У гэта час забарона на выданне прадукцыі лацінкай захоўвалася. Кнігі на кірыліцы ў сваю чаргу масава не прапускала цэнзура. Таму колькасць выданняў на беларускай мове была мінімальнай. У 1801−1890 гадах зафіксавана 25 захаваных выданняў на лацінцы і ўсяго 3 — на кірыліцы (дадзеныя па зводным каталогу «Кніга Беларусі: 1517−1917»).
Большасць выданняў на лацінцы выходзілі за межамі Расійскай імперыі. Сярод іх былі і класічныя творы беларускай літаратуры, якія вывучаюцца цяпер у школе (зразумела, пазней перакладзеныя на кірыліцу) — напрыклад, творы Францішка Багушэвіча. Таму сучасная беларуская літаратурная мова першапачаткова развівалася менавіта ў форме лацінкі.
Але ўвесь гэты час Беларусь знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, якая праводзіла палітыку русіфікацыі. Нашы продкі, якія жадалі атрымаць вышэйшую адукацыю, ехалі ў Санкт-Пецярбург ці Маскву (універсітэт у Вільні закрылі пасля аднаго з паўстанняў). Між тым забароны на друк беларускіх выданняў на кірыліцы ўвесь гэты час не было. Існавалі толькі цэнзурныя абмежаванні. Таму неўзабаве сітуацыя пачала мяняцца на карысць кірылічнага алфавіту.
У 1890-х выдавецкая дзейнасьць на беларускай мове ажывае. Выдаўцы пачынаюць карыстацца кірыліцай. У 1891−1917 гадах выйшла 139 кніг на ёй і 67 — на лацінцы.
Адкуль у такім выпадку ўзялася апошняя лічба? Пэўнае адраджэнне лацінкі адбылося ў 1905-м. Тады ў Расійскай імперыі адбылася рэвалюцыя. Імкнучыся збіць грамадскія выступы, манархія пайшла на саступкі. 17 кастрычніка імператар Мікалай II апублікаваў Маніфест аб стварэнні парламента (Дзяржаўнай Думы) і ўвядзенні дэмакратычных свабод. Новыя правілы дазволілі выпускаць газеты і кнігі на беларускай мове — у тым ліку, выкарыстоўваючы лацінку. Напрыклад, на ёй быў апублікаваны другі паэтычны зборнік Янкі Купалы «Гусляр» (цікава, што першы, «Жалейка», выйшаў кірыліцай), выданні пісьменніцы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і іншыя творы.
Час беларускага адраджэння стаў перыядам выбару паміж лацінкай і кірыліцай. У 1906−1917 гадах выходзіла не менш за 60 выданняў у двух алфавітах паралельна. Напрыклад, легендарная газета «Наша Ніва» друкавалася ў двух варыянтах цягам шасці гадоў (1906−1912). Пасля яе выдаўцы канчаткова абралі кірыліцу. Прыклад найбольш масавай газеты сур’ёзна паўплываў на іншых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, многія з якіх рушылі іх шляхам.
Апошні шанец на адраджэнне

Але пытанне яшчэ не было вырашана канчаткова. У час Першай сусветнай вайны заходнюю частку Беларусі акупавалі нямецкія войскі. У якасці афіцыйнага спосабу запісу пры іх выкарыстоўвалася менавіта лацінка. У 1917-м немцы нават выдавалі пашпарты на беларускай лацінцы і на сваёй мове. Лацінскі алфавіт — разам з кірыліцай — актыўна выкарыстоўваўся ў Заходняй Беларусі, якая паміж дзьвума сусветнымі войнамі належала Польшчы.
Але ў Савецкім Саюзе ад лацінкі катэгарычна адмовіліся. Апошнюю спробу вярнуць яе ў масы зрабілі ў 1926-м на Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Тады 40 удзельнікаў падпісалі запіску з прапановай афіцыйна ўвесці ў БССР нараўне з кірыліцай лацінку. Тэкст звароту склаў класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, які першым падпісаў дакумент. Сярод іншых падпісантаў былі будучы першы прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі, адзін з заснавальнікаў БССР Дзмітрый Жылуновіч, класікі беларускай літаратуры Кузьма Чорны і Якуб Колас.
«Некаторыя дэлегацыі падпісалі запіску з агаворкамі тыпу „прынцыпіяльна лічу лацінку патрэбнаю, але гэта пытанне цяпер яшчэ не на чарзе нашага дня“ (Я. Колас), „прынцыпова за ўвядзенне лацінкі, але ў сучасны момант баюся, каб не адбілася на заходняй Беларусі у бок паланізацыі“ (Я. Бялькевіч), „з вялікай асцярожнасцю“ (С. Некрашэвіч)», — пісаў у сваім даследаванні «Гісторыя беларускага мовазнаўства (1918−1941)» вучоны Сяргей Запрудскі. Але важны сам факт з’яўлення такога дакумента. Праўда, на канферэнцыі гэтае пытанне нават не разглядалася.
А потым кіраўніцтва беларускіх камуністаў яшчэ і раскрытыкавала Канферэнцыю за такі зварот. Была зроблена выснова, што «сярод часткі камуністаў няма належнай ацэнкі небяспекі мясцовага нацыяналізму, што кадры, якія вядуць работу на культурным фронце, — недастатковыя». Называлася памылкай і тое, што пытанне аб правядзенні гэтага форума не ўзгаднілі з Масквой. Пасля гэтага на перспектывах абмеркавання беларускай лацінкі можна было паставіць крыж.
Але канчаткова гэта ідэя не была забытая. Напрыклад, у 1940 годзе віленская газета «Крыніца» апублікавала кароткую нататку на лацінцы аб гадавіне абвяшчэння БНР (увесь нумар выйшаў на кірыліцы).

Апошняе вяртанне лацінскага алфавіта ў беларускую мову адбылося падчас Другой сусветнай вайны. Альфрэд Розэнберг, рэйхсміністр усходніх акупаваных тэрыторый, вырашыў, што беларусаў трэба перавесці з кірыліцы на лацінку. У чэрвені 1942 года ён загадаў увесці яе з наступнага навучальнага года ў першыя і часткова другія класы, а таксама рэкамендаваў выкарыстоўваць яе для астатніх класаў пачатковых школ. Пра гэта піша гісторык Юрый Туронак у сваім даследаванні «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем». Ужо ў 1943-м немцаў пераканалі, што ўвядзенне лацінкі — гэта нібыта польская інтрыга, пасля чаго яе выкарыстанне зноў скарацілася.
Пасля вайны лацінка захавалася ў асноўным на Захадзе, у асяроддзі беларускай эміграцыі. У БССР яна ўспрымалася як праява чагосьці заходняга і антысавецкага. У 1950-м савецкія чэкісты разграмілі Мядзельска-смаргонскі антысавецкі школьны рух. Яго лідара Расціслава Лапіцкага расстралялі. Удзельнікі руху ў тым ліку выпускалі ўлёткі. У аднаго са школьнікаў знайшлася старая друкаваная машынка, якую яго цётка калісьці прывезла з Францыі. Шрыфт там быў лацінскі, таму ўлёткі друкавалі беларускай лацінкай. Агіткі распаўсюджвалі ў Мядзелі і ў вёсках побач. З’яўленне такіх улётак было для мясцовых жыхароў вялікай падзеяй. Людзі збіраліся каля лістка паперы, які з’яўляўся дзе-небудзь на плоце або сцяне адміністрацыйнага будынка, чыталі, некаторыя абмяркоўвалі, некаторыя баязліва адыходзілі, а некаторыя паведамлялі «куды трэба».
Вядомыя і іншыя прыклады: у сярэдзіне 1970-х на надмагіллі ў вёсцы Клушчаны Астравецкага раёна быў зроблены надпіс на лацінцы. Але гэта, зразумела, было выключэнне.
Не Мogilev, а Mahiloŭ

Неафіцыйная забарона на выкарыстанне беларускай лацінкі знікла пасля распаду Савецкага Саюза. На ёй сталі зрэдку друкавацца артыкулы ў асобных выданнях. Адзін нумар адроджанай газеты «Наша Ніва» нават цалкам выйшаў лацінкай.
Але прарыву і паўнавартаснага вяртання не здарылася. На гэта ёсць як мінімум дзве прычыны. Па-першае, пасля канчатковага задушэння лацінкі прайшло ўжо занадта шмат часу, амаль стагоддзе. А яшчэ пад пагрозай існавання — пасля масавай русіфікацыі — аказалася беларуская мова ў цэлым. Ва ўмовах, калі было незразумела, ці будуць беларусы наогул размаўляць на сваёй мове, пытанне аб алфавіце адышло на другі план.
Але беларускія навукоўцы зрабілі вельмі важную рэч на будучыню. Яшчэ ў 2000 годзе работнікі Інстытута мовазнаўства распрацавалі інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў нашай краіны. У 2007-м эксперты ААН па тапаніміцы вырашылі, што пры выкарыстанні лацінскага алфавіту беларускія тапонімы павінны пісацца так, як вымаўляюцца на нацыянальнай мове, пасля чаго гэтую інструкцыю перагледзелі і змянілі ў адпаведнасці з асаблівасцямі беларускай мовы. У выніку дакумент стаў амаль цалкам адпавядаць традыцыйнай беларускай лацінцы. Менавіта таму трэба пісаць не Slutsk, Моgilev і Vitebsk, а Sluck, Mahiloŭ і Viciebsk.
Дзякуючы гэтаму ў выпадку, калі беларусы захочуць вярнуцца да лацінкі, якая адыграла велізарную ролю ў беларускай гісторыі і культуры, у іх будзе вялікая дапамога ў выглядзе нармаванага афіцыйнага запісу.
А наогул ці рэальна такое вяртанне? У бліжэйшы час, вядома, не. На парадку дня па-ранейшаму стаіць у першую чаргу пытанне аб пашырэнняі выкарыстання самой беларускай мовы і вяртання ёй статусу па-сапраўднаму дзяржаўнай. Калі гэта адбудзецца, цікавасць да лацінкі вырасце сама па сабе. Пакуль жа больш рэальна, што ёй працягне карыстацца толькі невялікая частка беларусаў, зацікаўленых у захаванні традыцый роднай мовы.