Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На Блізкім Усходзе 7 кастрычніка зноў палыхнула: баевікі з сектара Газа напалі на Ізраіль. Гэта далёка не першая вайна ў рэгіёне. Наадварот, гаворка ідзе пра працяг канфлікту, які з перапынкамі доўжыцца яшчэ з сярэдзіны мінулага стагоддзя (ды і сам напад адбыўся ў 50-ю гадавіну іншага буйнога канфлікту, які здарыўся тут жа, — вайны Суднага дня). Тлумачым праз пытанні і адказы, калі пачаўся канфлікт, у чым яго прычыны, якімі былі асноўныя падзеі і ці рэальнае прымірэнне ў гэтым неспакойным рэгіёне.

Якая перадгісторыя канфлікту?

Тэрыторыя Палестыны — гаворка не пра сучасную часткова прызнаную дзяржаву, а пра гістарычную вобласць на Блізкім Усходзе — была калыскай некалькіх цывілізацый. А яе цэнтр Ерусалім — святым горадам для трох рэлігій: іўдаізму, хрысціянства і ісламу. Галоўная святыня для хрысціян усіх канфесій — мясцовы храм Труны Гасподняй (храм Уваскрэсення Хрыстова), для іўдзеяў — Храмавая гара і заходняя сцяна Ерусалімскага храма — Сцяна Плачу, для мусульман — мячэць Аль-Акса і Купал Скалы на Храмавай гары. Менавіта статус Ерусаліма — адна з ключавых праблем у арабска-ізраільскім канфлікце (які потым трансфармаўся ў палестынска-іральскі), пра што мы раскажам ніжэй.

Государства исторической Палестины около 839 г. до н.э. Синим цветом выделено Израильское Царство, красным — города филистимлян (именно они позже дадут название региону). Изображение: Dlv999, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Дзяржавы гістарычнай Палестыны каля 830 г. да н. э. Сінім колерам вылучанае Ізраільскае царства, светла-чырвоным — Іўдзейскае царства, чырвоным — гарады філістымлян (менавіта яны пазней дадуць назву рэгіёну). Выява: Dlv999, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Зямля Палестыны належала шматлікім дзяржавам. Каб абысціся без занадта далёкага экскурсу ў мінулае, успомнім толькі апошнія: цягам чатырох стагоддзяў (1516−1917) тэрыторыя знаходзілася пад кантролем Асманскай імперыі. Па выніках Першай сусветнай вайны гэтая дзяржава аказалася ў ліку тых, хто прайграў, а яе каланіяльная імперыя распалася. Ліга Нацый (папярэдніца ААН) перадала мандат на тэрыторыю Палестыны Вялікабрытаніі, якая і кіравала ёю да канца Другой сусветнай вайны.

У той час у гэтай гістарычнай вобласці жылі як арабы-мусульмане (якіх па назве рэгіёна называлі палестынцамі), так і габрэі, колькасць якіх паступова павялічвалася. Апошнія былі прадстаўнікамі руху сіянізму, мэтай якога было аб’яднанне і адраджэнне габрэйскага народа на яго гістарычнай радзіме. Яны марылі пра аднаўленне сваёй дзяржавы (яшчэ да нашай эры існавала Ізраільскае царства на чале з царамі Саўлам, Давідам і Саламонам).

Другая Сусветная вайна стала ўдарам для буйных імперый (у тым ліку Брытанскай). Вялікабрытанія была ў ліку краін-пераможцаў, але яе эканоміка была надзвычай знясіленая канфліктам. Тым часам у калоніях узмацнілася імкненне да незалежнасці. У гэтых умовах Лондан вырашыў адпусціць аддаленыя рэгіёны імперыі з мірам — у 1947 годзе ўлады заявілі пра гатоўнасць адмовіцца ад даваеннага мандата Лігі Нацый на кіраванне Палестынай.

Тады ў гульню ўступіла ААН. 29 лістапада 1947 года Генеральная асамблея гэтай арганізацыі прыняла рэзалюцыю № 181. Гэты дакумент прадугледжваў стварэнне ў Палестыне дзвюх дзяржаваў: габрэйскай і арабскай (іх назваў у дакуменце не было). Тэрыторыі падзялілі ў асноўным паводле этнічнай прыкметы (з шэрагам выключэнняў): тэрыторыі, дзе пераважалі габрэі, адыходзілі іх дзяржаве, астатнія — арабам. Гарады Ерусалім і Віфлеем мусілі знаходзіцца пад міжнародным кантролем.

План раздела Палестины в 1947 году. Желтым цветом отмечены территории, которые должно было получить арабское государство, оранжевым — еврейское. Изображение: Doviende~commonswiki, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
План падзелу Палестыны ў 1947 годзе. Жоўтым колерам адзначаныя тэрыторыі, якія мусіла атрымаць арабская дзяржава, аранжавым — ізраільская, белым — нейтральны Ерусалім пад кіраваннем ААН. Выява: Doviende~commonswiki, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Прыняцце дакумента стала магчымым, бо яго падтрымалі дзве звышдзяржавы: ЗША і СССР (за галасавала і БССР, прадстаўленая ў ААН). Габрэі ў цэлым віталі гэты дакумент, а вось арабскія краіны выступілі катэгарычна супраць. У тым ліку праект не прынялі суседнія Егіпет, Ліван і Сірыя, а таксама Іран, Ірак, Саудаўская Аравія і Турцыя, якія былі ў прынцыпе не згодныя са стварэннем габрэйскай дзяржавы. Крытыкавалася тое, што арабам дастануцца непрыдатныя для гаспадаркі землі, а таксама высокая колькасць палестынцаў, якія апынуліся б у межах будучай габрэйскай дзяржавы.

Гэта стала пунктам пачатку канфлікту. Пасля вываду брытанскіх войскаў 14 траўня 1948 года ізраільскі палітык Давід Бэн-Гурыён абвясціў стварэнне незалежнай габрэйскай дзяржавы, якая атрымала назву Ізраіль. Падкрэслім, што з 37 чалавек, якія падпісалі Дэкларацыю незалежнасці краіны, 10 былі выхадцамі Беларусі. Гэта тлумачылася тым, што ў канцы XVIII стагоддзя Расія ўвяла «рысу габрэйскай аселасці», і з таго часу прадстаўнікі гэтага народа маглі жыць толькі на пэўных тэрыторыях, у тым ліку ў сучаснай Беларусі. Таму да рэвалюцыі габрэі пераважалі сярод жыхароў многіх беларускіх гарадоў. Напрыклад, у канцы XIX стагоддзя ў Мінску жыло 90,9 тысячы чалавек, з іх 46,5 тысячы былі габрэямі. А тэрыторыя нашай краіны была адным з цэнтраў сіянісцкага руху.

Ужо на наступны дзень пасля абвяшчэння незалежнасці Ізраіля Ліга арабскіх дзяржаваў (а дакладней, Сірыя, Егіпет, Ліван, Ірак і Трансіярданія — сучасная Іярданія) абвясцілі яму вайну. Канфлікт стаў рэальнасцю.

Як супрацьстаянне стала палестынска-ізраільскім?

Баявыя дзеянні цягнуліся да ліпеня 1949 года. Маладая дзяржава адстаяла сваё права на незалежнасць. Па выніках канфлікту паміж Ізраілем і яго праціўнікамі была праведзеная «зялёная лінія» (або «зялёная рыса»), якая зафіксавала становішча бакоў на той момант.

Важна, што «зялёная лінія» не супадала з межамі, першапачаткова зацверджанымі ААН. У прыватнасці, Ізраіль заняў заходнюю частку Ерусаліма, а таксама шэраг тэрыторый, якія прызначаліся, паводле першапачатковых планаў, арабам. Але аналагічна зрабілі і яго праціўнікі. Трансіярданія акупавала Заходні бераг ракі Іярдан, а таксама ўсходнюю частку Ерусаліма. Егіпет — сектар Газа. Мы яшчэ вернемся да лёсу гэтых тэрыторый. Пакуль жа зафіксуем вынік: арабская дзяржава на тэрыторыі Палестыны так і не была створаная.

Потым здарылася яшчэ некалькі буйных канфліктаў, якія ўскосна былі часткай халоднай вайны. Падчас іх ЗША падтрымлівалі Ізраіль, а СССР — арабскія краіны. Першым такім канфліктам стала Шасцідзённая вайна (1967), у якой Ізраіль прэвентыўна ўдарыў па сваіх праціўніках, якія публічна пагражалі «скінуць габрэяў у мора» і канцэнтраваць сілы ля яго межаў. Па выніках вайны габрэі занялі ўсю тэрыторыю Палестыны. У тым ліку сектар Газа і Заходні бераг ракі Іярдан, які да гэтага кантралявалі іх праціўнікі. Ізраіль таксама абвясціў пра свой суверэнітэт над аб’яднаным Ерусалімам. Пазней горад стаў «адзінай і непадзельнай» сталіцай Ізраіля. Таксама быў захоплены Сінайскі паўвостраў, які нават не ўваходзіў у гістарычную Палестыну.

Территориальные изменения после Шестидневной войны. Фото: Rafy, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Тэрытарыяльныя змены пасля Шасцідзённай вайны. Фота: Rafy, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Пасля гэтага канфлікт з арабска-ізраільскага паступова пачаў ператварацца ў палестынска-ізраільскі. Арабскія краіны ў цэлым змірыліся з існаваннем Ізраіля. А вось палестынцы (нагадаем, што яны таксама арабы) так і не атрымалі сваёй дзяржавы. Ізраіль, як і яго праціўнікі па войнах, не зрабіў нічога, каб яе стварыць.

Наступныя канфлікты — вайна на знясіленне (1967−1970) і вайна Суднага дня (1973) — не змянілі межаў і не прынеслі арабам перамогі.

Ці былі паспяховыя спробы дамовіцца?

Першая спроба дамовіцца была зробленая Ізраілем яшчэ ў 1970-я. Праўда, не з палестынцамі, а з Егіптам. У 1977-м прэм’ер-міністрам Ізраіля стаў Менахем Бегін — які, дарэчы, нарадзіўся ў Брэсце, — што сфармаваў першы ў гісторыі краіны несацыялістычны ўрад. Ён выступаў за захаванне прысутнасці Ізраіля на акупаваных палестынскіх тэрыторыях, але ў той самы час — за мірнае ўрэгуляванне з Егіптам шляхам вяртання яму Сінайскага паўвострава.

Гэта адпавядала і жаданню егіпецкага прэзідэнта Анвара Садата. У лістападзе 1977-га ён прыляцеў у Ізраіль, дзе выступіў перад дэпутатамі Кнесета, парламента краіны. Ён стаў першым арабскім лідарам, які наведаў гэтую дзяржаву, таму візіт, які рыхтаваўся ўпотай, меў эфект выбуху бомбы. «Не вайне, не кровапраліццю», — завяршыў свой выступ Садат. Ён падкрэсліваў, што мір з Ізраілем можа быць падпісаны толькі сумесна з усімі арабскімі краінамі, а не толькі Егіптам. Але ў тых умовах гэта аказалася ўтопіяй. Большасць арабскіх дзяржаваў асудзіла афіцыйны Каір, які, у сваю чаргу, разарваў з імі дыпламатычныя адносіны. Канферэнцыя па мірным рэгуляванні, запланаваная ў сталіцы Егіпта, так і не адбылася.

Выхадам з сітуацыі сталі непасрэдныя перамовы паміж Ізраілем і Егіптам, якія праходзілі ў амерыканскім Кэмп-Дэвідзе пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Джымі Картэра. У верасні 1978 года Садат і Бегін падпісалі два дакументы: «Прынцыпы для падпісання мірнай дамовы паміж Егіптам і Ізраілем» і «Прынцыпы міру на Блізкім Усходзе» (вядомыя як Кэмп-Дэвідскія пагадненні). На іх аснове ў сакавіку 1979-га з’явілася і сама мірная дамова.

Менахем Бегин, Джимми Картер и Анвар Садат на подписании Кэмп-Дэвидского соглашения, 1978 год. Фото: wikipedia.org
Менахем Бегін, Джымі Картэр і Анвар Садат на падпісанні Кэмп-Дэвідскага пагаднення, 1978 год. Фота: wikipedia.org

Згодна з гэтым дакументам, Ізраіль абавязаўся вывесці ўсе войскі і сваё цывільнае насельніцтва з Сінайскага паўвострава. Сусветная супольнасць ацаніла намаганні двух палітыкаў. У 1978 годзе кіраўнікі абедзвюх краін атрымалі Нобелеўскую прэмію міру.

У 1981-м Садат быў забіты ісламістамі, але яго пераемнік Хосні Мубарак працягнуў ягоны курс. У красавіку 1982-га, ужо пасля смерці Анвара, апошні ізраільскі салдат пакінуў Сінай. Абедзве краіны не сталі сябрамі, але ўсё ж дыпламатычныя адносіны паміж імі, устаноўленыя дамовай, захаваліся. Яны прызналі суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і палітычную незалежнасць адна адной. Гэты статус захоўваецца дагэтуль.

Як складваліся адносіны з палестынцамі?

Нагадаем, што пасля вайны 1967 года Ізраіль акупаваў сектар Газа і Заходні бераг ракі Іярдан, якія, паводле плана ААН, мусілі адысці арабскай дзяржаве. З таго часу актыўную барацьбу за незалежнасць там вяла Арганізацыя вызвалення Палестыны пад кіраўніцтвам Ясіра Арафата. Усё гэта вылілася ў інтыфады — шырокамаштабныя супрацьстаянні палестынцаў з ізраільцянамі, якія суправаджаліся актыўным выкарыстаннем гвалту з абодвух бакоў.

Першая інтыфада пачалася ў канцы 1980-х гадоў. У 1988-м палестынцы абвясцілі незалежнасць, якой Ізраіль прадказальна не прызнаў (пры гэтым арабы не кантралявалі тэрыторыі, на якія прэтэндавалі, і абвяшчалі сваёй сталіцай Ерусалім).

У 1992 годзе прэм’ер-міністрам Ізраіля стаў Іцхак Рабін. Ён здолеў дамовіцца з Ясірам Арафатам і ў наступным годзе падпісаў з ім Дэкларацыю прынцыпаў пра часовыя меры па самакіраванні. Пасля паловы стагоддзя варожасці палестынцы прызнавалі права Ізраіля на існаванне, а ізраільцяне дазвалялі ім стварыць на падкантрольнай ім тэрыторыі сваю аўтаномію з перспектывай абвяшчэння незалежнасці. У выніку аўтаномія (Палестынская нацыянальная адміністрацыя — ПНА) на Заходнім беразе ракі Іярдан і ў сектары Газа з’явілася ў 1994-м. У тым жа годзе Рабіну, Арафату і кіраўніку МЗС Ізраіля Шымону Перэсу была прысуджаная Нобелеўская прэмія міру. Але ў наступным годзе Рабін быў забіты ультраправым ізраільскім актывістам.

Шимон Перес. Фото: wikpedia.org
Шымон Перэс. Фота: wikpedia.org

Другая інтыфада пачалася ў 2000-м і завяршылася ў 2005-м. Тагачасны прэм’ер-міністр Арыэль Шарон прапанаваў і рэалізаваў «План аднабаковага размежавання». Выконваючы яго, Ізраіль вывеў усе свае войскі з сектара Газа і эвакуяваў адтуль усе свае паселішчы разам з людзьмі (эвакуацыя людзей без вываду войскаў адбылася і на Заходнім беразе).

Але пасля саступак Ізраіля мір не надышоў. У 2006 годзе на першых выбарах у заканадаўчую раду ПНА больш чым палову мандатаў атрымаў рух ХАМАС, а яго лідар Ісмаіл Ханія стаў прэм’ерам. Гэтая арганізацыя радыкальнай ісламісцкай скіраванасці была заснаваная неўзабаве пасля пачатку першай інтыфады і выступала за ліквідацыю Ізраіля і стварэнне ісламскай рэспублікі на тэрыторыі Ізраіля і Палестыны. У многіх краінах ХАМАС лічыцца тэрарыстычнай арганізацыяй. Яе прыход да ўлады нават прывёў да ўнутранага ўзброенага канфлікту з ФАТХ — пераемніцай Арганізацыі вызвалення Палестыны, чыя ідэалогія, хутчэй, заснаваная на свецкім нацыяналізме. Лідар ФАТХ Махмуд Абас пасля смерці Ясіра Арафата стаў кіраўніком Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі.

У 2007-м паміж дзвюма арганізацыямі — ХАМАС і ФАТХ — ішлі адкрытыя баявыя дзеянні. У тым жа годзе ХАМАС удалося захапіць кантроль над сектарам Газа, які рух захоўвае дагэтуль.

Абас як кіраўнік Палестынскай нацыянальнай адміністрацыі кантралюе частку Заходняга берага ракі Іярдан. Тэрыторыя апошняга рэгіёна раздзеленая на некалькі зон. Частку з іх кантралюе ПНА, другую — ПНА і Ізраіль, трэцюю — толькі Ізраіль.

Падкрэслім, што абедзве тэрыторыі — сектар Газа і Заходні бераг, якія наўпрост не мяжуюць адзін з адным, з’яўляюцца часткай Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі.

Карта Израиля. Светлым цветом выделены сектор Газа (западнее) и Западный берег реки Иордан (восточнее). Заштрихованы Голанские высоты, захваченные Израилем во время Шестидневной войны. Желтым цветом выделена Иордания. Изображение: map-rus.com
Карта Ізраіля. Светлым колерам вылучаныя сектар Газа (на захадзе) і Заходні бераг ракі Іярдан (на ўсходзе). Заштрыхаваныя Галанскія вышыні, захопленыя Ізраілем падчас Шасцідзённай вайны. Жоўтым колерам вылучаная Іярданія. Выява: map-rus.com

Якімі былі адносіны паміж Палестынай і Ізраілем да цяперашняй вайны?

У палітычным плане супярэчнасці паміж праціўнікамі захоўваліся. Ізраіль не прызнаваў Палестыну незалежнай дзяржавай, настойваючы на статусе аўтаноміі. Ён таксама лічыў Ерусалім сваёй сталіцай, а вось Палестынская адміністрацыя, ААН і сусветная супольнасць, за выключэннем ЗША, не прызнаюць законнасці ізраільскай улады над усходнім Ерусалімам.

Але ў эканамічным плане існавалі надзеі на прымірэнне. Праўда, толькі з Заходнім берагам ракі Іярдан. Прычына — у розных мадэлях існавання, якія выбралі дзве часткі Палестынскай аўтаноміі.

ХАМАС, які захапіў уладу ў сектары Газа, зрабіў стаўку на вайну. Таму пасля адыходу адтуль ізраільскіх вайскоўцаў ракетныя ўдары з сектара па тэрыторыі гэтай краіны пачасціліся, а самі снарады ўсё больш ўдасканальваліся — іх радыус дзеяння ўсё ўзрастаў.

Ізраілю даводзілася рэгулярна ўмешвацца. Вось толькі некалькі буйных канфліктаў, якія здарыліся ў рэгіёне ў апошнія гады:

  • У 2008 годзе па тэрыторыі Ізраіля выпусцілі 2−3 тысячы ракет, што прывяло да ваеннай аперацыі «Літы свінец» на тэрыторыі сектара.
  • У 2014 годзе Ізраіль праводзіў на тэрыторыі сектара Газа аперацыю «Непарушная скала», якая доўжылася каля 1,5 месяца (загінулі больш за 2100 жыхароў Газы і 73 ізраільцяніны).
  • У 2015−2016 гадах праходзіла «Інтыфада нажоў», калі значную колькасць тэрактаў у дачыненні да ізраільцян палестынцы ажыццяўлялі з выкарыстаннем халоднай зброі. За гэты час адбылося больш за 250 нападаў ісламскіх радыкалаў, узброеных халоднай зброяй, на ізраільцян. У выніку загінулі 36 ізраільцян, 5 замежнікаў і 246 палестынцаў.
  • У траўні 2021 года праходзіла ваенная аперацыя Ізраіля «Вартавы сцен» — апошняя перад вайной гэтага года.

Заўважым, што насельніцтва Заходняга берага ракі Іярдан у гэтых падзеях не ўдзельнічала. Вынікі не змусілі сябе чакаць. Донарская падтрымка Захаду зрушылася менавіта ў бок гэтага рэгіёна. У дадатак Ізраіль у адказ на бясконцыя абстрэлы яшчэ з 2007 года перайшоў да марской, сухапутнай і паветранай блакады сектара Газа.

Город Газа, центр сектора Газа. Фото: OneArmedMan, commons.wikimedia.org
Горад Газа, цэнтр сектара Газа. Фота: OneArmedMan, commons.wikimedia.org

Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, у 2007−2022 гадах рэальны рост ВУП у Газе складаў у сярэднім усяго 0,4% у год, прычым гэты паказчык на душу насельніцтва зніжаўся ў сярэднім на 2,5% у год. На Заходнім беразе за той самы перыяд сярэднегадавы рост рэальнага ВУП і рост на душу насельніцтва склалі 5,1% і 2,8% адпаведна. Да 2022 года даход на душу насельніцтва на Заходнім беразе быў у чатыры разы вышэйшы, чым у сектары Газа.

Беспрацоўе ў Газе дасягнула 45% у 2022 годзе, а працэнт насельніцтва, якое жыве за нацыянальнай рысай беднасці, склаў 53%. На Заходнім беразе — 13 і 14% адпаведна. Эканамічны рост сектара Газа ў 2007−2022 гадах абапіраўся выключна на павелічэнне выкарыстання працоўнай сілы дзяржаўнымі інстытутамі, у той час як на Заходнім беразе ён насіў шырэйшы характар і быў звязаны з прыватным сектарам.

У выніку ў 2021 годзе сярэдняя дзённая заработная плата ў Газе склала 61,4 шэкеля (14,83 еўра) у параўнанні са 108,5 шэкеля на Заходнім беразе (26,20 еўра). Дзве траціны электраэнергіі ў сектар Газа пастаўляў Ізраіль.

Ці можа канфлікт вырашыцца мірна?

На гэты момант — абсалютна незразумела. Да пачатку вайны сітуацыя на Блізкім Усходзе заставалася напружанай. Але існавалі надзеі на магчымае вырашэнне праблем. На мяжы 2020−2021 гадоў Ізраіль падпісаў серыю двухбаковых дамоўленасцяў з шэрагам арабскіх краін (Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, Бахрэйнам, Марока, Суданам). Існавала надзея на заключэнне пагаднення з Саудаўскай Аравіяй. Паляпшаліся і адносіны з жыхарамі сектара Газа: у апошнія тыдні яго жыхарам далі больш дазволаў на працу ў Ізраілі, у рэгіён зайшоў чарговы транш катарскіх грошай.

Цяпер жа шанцаў на мір найбліжэйшым часам дакладна няма — у якасці мэтаў Ізраіля названае «поўнае знішчэнне магчымасцяў ХАМАС». Пасля заканчэння цяперашняй вайны Ізраіль мае ўсе шанцы на працяг палітычнага дыялогу з Заходнім берагам. А вось з Газай пытанне адкрытае. Ваенная мэта аперацыі — кантроль над сектарам — відавочная. А вось палітычную мэту вайны вызначыць даволі цяжка, лічыць прафесар Калумбійскага ўніверсітэта, былы намеснік дарадцы па нацыянальнай бяспецы Ізраіля Чак Фрэйліх.

Стена и блокпост между Израилем и Палестинской автономией в Вифлееме. Фото: Leonrid, GFDL 1.2+, wikipedia.org
Сцяна і блокпост паміж Ізраілем і Палестынскай аўтаноміяй у Віфлееме. Фота: Leonrid, GFDL 1.2+, wikipedia.org

Што рабіць з Газай, калі Ізраіль зрыне ХАМАС? Ізраіль, паводле прафесара, не хоча акупаваць сектар з двума мільёнамі жыхароў у доўгатэрміновай перспектыве.

«Каб ператварыць гэта ў перамогу Ізраіля, трэба паспрабаваць скарыстацца новай сітуацыяй, якая будзе створаная, каб спрыяць аднаўленню кантролю Палестынскай аўтаноміі ў сектары Газа. Гэта будзе няпроста. Палестынскай аўтаноміі будзе цяжка аднавіць кантроль пасля ізраільскай ваеннай заваёвы, і яна ніколі не была самым эфектыўным кіроўным органам і ў лепшыя часы», — лічыць ён.

Чытайце таксама