Вайна ва Украіне ідзе ўжо амаль паўтара года — і ніводны з бакоў не здолеў пакуль нанесці рашучую паразу праціўніку. У такіх умовах канфлікт пераходзіць у барацьбу на знясіленне — вырашальным фактарам становіцца тое, у каго першага скончацца рэсурсы на працяг вайны. Амерыканскі аналітычны цэнтр CSIS падрыхтаваў справаздачу з прагнозам доўгатэрміновых сцэнараў расійска-ўкраінскай вайны і рэсурсаў, якія ёсць у Расіі для працягу баявых дзеянняў — расказваем асноўны змест.
Цэнтр стратэгічных і міжнародных даследаванняў CSIS — амерыканскі некамерцыйны think-tank, які аналізуе палітычныя і эканамічныя пытанні, а таксама пытанні бяспекі. Арганізацыя заснаваная ў 1962 годзе і карыстаецца вялікім аўтарытэтам у ЗША — у якасці спецыялістаў цэнтр запрашае знакамітых палітыкаў, службоўцаў Кангрэса, многія гады з ім супрацоўнічае Генры Кісінджэр, адзін з самых вядомых дыпламатаў часоў халоднай вайны.
Што ўтрымлівае справаздача
Аўтары ацэньваюць здольнасць Крамля весці вайну ва Украіне і іншыя ваенныя аперацыі ва ўмовах павелічэння недахопу ваенных матэрыялаў. Асноўная ўвага надаецца артылерыйскім боепрыпасам і пяці катэгорыям узбраенняў: танкам, артылерыі, беспілотнікам, сістэмам радыёэлектроннай барацьбы і высокадакладнай зброі вялікай далёкасці.
Адзначаючы, што ў кожнай з катэгорый расійская абаронная прамысловасць з цяжкасцю спраўляецца з усё большымі стратамі на поле бою (асабліва ва ўмовах санкцый), аўтары справаздачы дадаюць, што пакуль незразумела, ці саспелі ўмовы для таго, каб Кіеў дабіўся рашучых поспехаў і канчаткова перахапіў ініцыятыву ў вайне. Па кожнай з катэгорый эксперты аналізуюць, наколькі змяніліся расійскія запасы ўзбраенняў, і суадносяць гэта з намаганнямі Масквы па нарошчванні абароннай вытворчасці. У заключэнні робіцца выснова пра здольнасць расійскай арміі ў будучыні праводзіць аперацыі супраць Украіны і ў іншых рэгіёнах, уключаючы Блізкі Усход і Афрыку. Хоць справаздача публікуецца толькі цяпер, падрыхтаваная яна была ў траўні 2023 года.
Армія Расіі ўварвалася ва Украіну, маючы вялікую перавагу ў баявой тэхніцы над УСУ. На паперы расійскія вайскоўцы з дастаткам былі забяспечаныя бранятэхнікай, артылерыяй і высокадакладнай зброяй, а таксама сістэмамі РЭБ і БПЛА. Аднак амбіцыйная стратэгія з множнымі напрамкамі ўдараў практычна адразу правалілася — і Масква перайшла да працяглай і жорсткай вайны на знясіленне на паўднёвым усходзе Украіны. Пазіцыйныя баі дапаўняліся пастаяннымі ракетнымі ўдарамі, і такая сітуацыя захоўваецца дагэтуль.
Танкі
Першапачаткова асновай расійскай стратэгіі былі манеўраныя баявыя дзеянні, таму цэнтральную ролю ў ёй гралі танкавыя злучэнні з вялікай колькасцю бранятэхнікі і артылерыі. Аднак у асноўным спробы весці «танкавую вайну» праваліліся — армія РФ мела поспех толькі на паўднёвым участку фронту. Украінская пяхота, добра забяспечаная супрацьтанкавай зброяй, здолела нанесці велізарныя страты танкам і лёгкай бранятэхніцы Расіі, стрымаўшы першыя наступы.
У вайну расійская армія ўступіла, маючы 2927 асноўных баявых танкаў — у асноўным мадэрнізаваных савецкіх машын ці падобных мадэляў (Т-90М, Т-72Б3 і Т-80БВМ).
Паводле звестак расследавальнікаў, страты да лютага 2023 года дасягнулі лічбы ў 1900 танкаў — то-бок прыкладна дзве траціны ад першапачатковай колькасці (прычым гэта толькі тое, што ўдалося зафіксаваць — рэальныя страты могуць моцна перавышаць гэтую лічбу). Гэта дае сярэднямесячную страту танкаў Расіяй у 150 штук. Хоць прамысловасць РФ імкнецца павялічыць аб’ём вытворчасці, ёй не хапае магутнасцяў — для будаўніцтва новых заводаў, закупак абсталявання, найму кваліфікаванага персаналу патрэбны час.
У апошнія гады расійскія танкавыя заводы маглі выпускаць 250 новых або мадэрнізаваных танкаў у год. У снежні 2022 года міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу расказаў, што абаронныя прадпрыемствы РФ дамагліся 30-працэнтнага росту вытворчасцяў у параўнанні з 2022 годам — у дачыненні да танкаў гэта можа азначаць выпуск да 325 машын у год. Паводле іншых звестак, за год Расія можа здымаць з захоўвання і вяртаць у строй да 600 старых танкаў. Аднак нават разам гэта нашмат менш, чым 1900 танкаў, неабходных для кампенсацыі стратаў.
Аўтары згадваюць, што нават зноў вырабленыя танкі пастаўляюцца часцяком без найбольш дасканалых кампанентаў — такіх, як беларуская сістэма кіравання агнём «Сасна-У» з французскім цеплавізарам.
Аднак, гаворыцца ў справаздачы, група з некалькіх сотняў Т-90М па-ранейшаму можа знаходзіцца ў рэзерве расійскіх войскаў на выпадак супрацьстаяння з NATO (рэч у тым, што на пачатак уварвання такіх машын у арміі РФ налічвалася каля 350, у той час як страчаны, паводле звестак расследавальнікаў, усяго 61 — гэта можа сведчыць пра тое, што самыя сучасныя свае танкі Масква беражэ).
З тактычнага пункту гледжання Расія цяпер выкарыстоўвае танкавыя войскі як інструмент падтрымкі пяхоты ў штурмавых дзеяннях — як непасрэдна ў атаках, так і ў якасці браніраванай артылерыі, знясільваючы ўкраінскіх вайскоўцаў агнём.
Артылерыя
У значнай ступені расійскія войскі ў сваіх наступленнях спадзяюцца на масіраваны агонь гармат і рэактыўных сістэм залпавага агню. Расійскія манеўраныя часткі і спецыялізаваныя ракетныя і артылерыйскія брыгады на пачатак вайны былі выдатна абсталяваныя ствольнай і рэактыўнай артылерыяй — на ўзбраенні было 4894 адзінкі гэтай зброі. У іх лік уваходзілі 2118 самаходных і буксаваных гаўбіц, 1056 РСЗА і 1720 цяжкіх мінамётаў, плюс тысячы адзінак артылерыйскага ўзбраення на базах захоўвання.
З пачатку вайны Расія панесла значныя страты ў артылерыі, аднак нашмат меншыя, чым у танках: ужо да лютага войскі РФ страцілі 486 артылерыйскіх сістэм і 191 РСЗА. Значна больш адчувальны момант — знясіленне рэзерву боепрыпасаў. У сярэднім за дзень баёў у 2022 годзе УС РФ выстрэльвалі 20 тысяч снарадаў, а ў пікавыя моманты бітваў лета-2022 — да 40 тысяч снарадаў. Цяпер расіяне выкарыстоўваюць боепрыпасы, вырабленыя каля 40 гадоў таму, і звяртаюцца з просьбай пра пастаўкі да Ірана і Паўночнай Карэі.
Дакладная колькасць вырабленых цяпер у Расіі боепрыпасаў невядомая — хоць абаронная карпарацыя «Ростех» паведамляла, што выпуск снарадаў дасягнуў максімуму за дзесяць гадоў. Аднак вытворчасць боепрыпасаў калібра 152 і 122 мм выглядае абсалютна недастатковай для папаўнення запасаў з улікам таго, колькі іх расходуецца. Тактыка Расіі ў наступе прадугледжвае шквальны агонь, які мусіць паралізавальна ўздзейнічаць на праціўніка — і гэта нязменна спалучаецца з вялікай тратай боепрыпасаў. Тое ж датычыць абарончых баявых дзеянняў — расіяне выкарыстоўваюць масіраваную агнявую моц, каб паспрабаваць сарваць украінскія атакі.
У снежні афіцыйныя асобы ЗША паведамлялі, што абстрэлы расійскай артылерыі скараціліся на 75 працэнтаў, што можа сведчыць пра недахоп боепрыпасаў і іх эканоміі — пра гэта ж казаў вясной кіраўнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын, пагражаючы вывесці войскі з фронту праз недахоп снарадаў. Для вырашэння гэтай праблемы расіяне спрабуюць павялічыць долю выкарыстання высокадакладных боепрыпасаў.
Беспілотнікі
Расія пазней за іншыя краіны пачала мерапрыемствы па масавым укараненні беспілотнікаў у войскі, аднак у апошнія 15 гадоў зрабіла вялікія намаганні, каб нагнаць страчанае. У вайну Крэмль уступіў, маючы прыкладна 2000 дронаў розных тыпаў: разведвальна-ударныя «Арыёны», баражыравальныя боепрыпасы «Ланцэт» і «Куб», дроны спецыяльнага прызначэння «Леер-3» і разведвальныя апараты «Арлан-10».
Сур’ёзныя праблемы з недахопам беспілотнікаў у Масквы пачаліся праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны — у прыватнасці, высветлілася, што многія мадэлі маюць вялікую колькасць заходніх камплектавальнікаў, доступ да якіх абцяжараны праз санкцыі. Як яскравы прыклад можна прывесці сітуацыю з «Арыёнам» — гэты расійскі аналаг знакамітага «Байрактара» вырабляецца вельмі невялікімі партыямі і амаль не выкарыстоўваецца на вайне (усяго іх вытворчасць ацэньваецца максімум у 45 адзінак на год); тое самае можна сказаць і пра падобны баявы дрон «Фарпост-Р». Заходнія кампаненты ёсць і ў «Арлане», і ў «Ланцэце», які стаў адным з асноўных ударных сродкаў расійскай арміі.
Каб нарасціць вытворчасць БПЛА, Пуцін нядаўна абвясціў пра новую праграму імпартазамяшчэння ў галіне беспілотных апаратаў з фінансаваннем да трыльёна рублёў (каля 10 мільярдаў даляраў). Абаронная прамысловасць РФ мае праблемы з пастаўкай сістэм навігацыі, радыёсувязі, авіёнікі і кампанентаў інфармацыйных тэхналогій. Праблему спрабуюць вырашыць і іншым спосабам — набываючы ў Кітаі вялікую колькасць FPV-дронаў для пераробкі ў баявы варыянт, а таксама ажыццяўляючы закупкі ў Ірана. Агулам з пачатку вайны КНР паставіла ў Расію, паводле звестак мытнікаў РФ, беспілотнікаў і іх кампанентаў на 12 мільёнаў даляраў, аднак гэтая лічба відавочна вышэйшая за кошт дронаў, якія набываюцца цывільнымі валанцёрамі.
У выпадку, калі для Расіі будзе абцяжараны доступ хаця б да кітайскіх беспілотнікаў, дэфіцыт дронаў будзе расці, што можа нівеляваць ключавую для РФ перавагу ў колькасці артылерыі (БПЛА ва Украіне — адны з галоўных сродкаў разведкі для артылерыйскага агню).
Сістэмы радыёэлектроннай барацьбы
Да вайны Расія ўклала велізарныя сродкі ў сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, абапіраючыся на вельмі багатую савецкую спадчыну ў гэтай галіне. Сярод такіх узбраенняў — «глушылкі» для беспілотнікаў, сродкі радыёэлектроннай разведкі, пеленгатары і іншыя сістэмы электроннага супрацьдзеяння.
На фронце вайны ва Украіне РЭБ выкарыстоўваецца расіянамі, каб парушыць сотавую і спадарожнікавую сувязь, навігацыю, збіваць беспілотнікі і іншымі сродкамі перашкаджаць эфектыўнай працы ўкраінскіх вайскоўцаў. Колькасць сістэм у самых буйных наступленнях на Данбасе ў траўні 2022 года даходзіла да дзесяці комплексаў РЭБ на кожныя 20 кіламетраў фронту.
Пры гэтым сістэмы РЭБ нясуць вялікія страты — у справаздачы гаворыцца пра некалькі дзясяткаў знішчаных расійскіх сістэм (мабыць, гаворка ідзе пра найбольш важныя комплексы накшталт «Жителя» або комплексу «Барысаглебск-2»). Сяргей Шайгу ўжо сустракаўся з кіраўнікамі абароннай прамысловасці Расіі, каб абмеркаваць павелічэнне вытворчасці такіх узбраенняў. Аднак праблема тут усё тая ж — у шэрагу мадэляў выкарыстоўваюцца заходнія камплектавальнікі.
Недастатковыя аб’ёмы вытворчасці разам са стратамі, паведамляецца ў справаздачы, прывялі да няздольнасці расійскіх сістэм РЭБ прыкрыць фронт цалкам — тым больш што такія прылады аднолькава паспяхова глушаць і чужыя, і свае сістэмы, замінаючы працаваць ужо расійскім вайскоўцам. Недахоп далёкіх беспілотнікаў накшталт «Арыёна», здольных несці на борце сістэмы радыёэлектроннага глушэння, таксама адбіваецца на здольнасці Расіі ўздзейнічаць на УСУ.
Дальнабойная высокадакладная зброя
У адрозненне ад танкаў ці артылерыі, звесткі пра запасы ракет РФ да вайны і цяпер застаюцца невядомымі. Балістычныя і крылатыя ракеты адыгрываюць вялікую ролю ў наступальных дзеяннях Расіі: не здольнае прарваць фронт і дамагчыся поспехаў на зямлі, яе войска раз за разам наносіць удары па ўкраінскіх тылах. Для ўзмацнення атак Масква дамовілася з Тэгеранам, які перадаў свае беспілотнікі Shahed-136, здольныя наносіць далёкія ўдары, і да вясны 2023 года аднавіла выкарыстанне гіпергукавых ракет «Кінжал», якія ў пачатку вайны выкарыстоўваліся ўсяго некалькі разоў. Агулам, напісана ў справаздачы, расіяне выпусцілі з пачатку баявых дзеянняў каля 5 тысяч ракет — пры гэтым рост эфектыўнасці СПА Украіны дазваляе з кожным месяцам збіваць усё больш запушчаных снарадаў.
Што да вытворчасці новых ракет, то вядома, што «Воткінскі завод», які вырабляе «Іскандэры», яшчэ вясной 2022 года абвясціў пра планы наняць 500 новых рабочых. А знойдзеныя сярод рэшткаў ракет, вырабленых у апошнія месяцы, заходнія мікрачыпы сведчаць, што ў гэтай галіне санкцыі не перашкаджаюць расіянам атрымліваць неабходныя кампаненты. Аднак з’яўлялася і інфармацыя пра часовае прыпыненне вытворчасці «Калібраў» — ужо не з прычыны камплектавальнікаў, а з прычыны паломкі станочнага абсталявання для выпуску гэтых ракет (таксама заходняга).
Усё часцей замест высокадакладных боепрыпасаў расіяне выкарыстоўваюць зенітныя ракеты С-300 — яны маюць нашмат меншую дакладнасць і часта трапляюць у цывільныя аб’екты, забіваючы мірных жыхароў, і значна менш эфектыўныя для выканання баявых, а не тэрарыстычных задач.
Аднак аналітыкі папярэджваюць, што, хоць расіяне могуць вырабляць ракетную зброю з большым ці меншым тэмпам, цалкам ліквідаваць гэтую пагрозу вельмі цяжка, асабліва ўлічваючы прастату і таннасць іранскіх дронаў, якія таксама патрабуюць дарагіх зенітных боепрыпасаў для перахопу.
Высновы
Фактычна, кажуць аналітыкі, цяпер ідуць адразу дзве вайны на знясіленне паміж Украінай і Захадам з аднаго боку і Расіяй з другога. Пастаяннае знішчэнне расійскай ваеннай тэхнікі на полі бою зніжае ваенны патэнцыял Крамля, а санкцыйная палітыка імкнецца паставіць расійскую эканоміку ў становішча, пры якім яна не зможа фінансаваць буйнамаштабную вайну.
Што да падтрымкі Злучанымі Штатамі і іншымі краінамі Украіны, то яна застаецца эфектыўнай, і з пачатку вайны УСУ, карыстаючыся заходняй зброяй, нанеслі расійскім сілам велізарныя страты і моцна падарвалі іх баяздольнасць. Аднак у большай ступені гэтае знясіленне закранула наступальныя, а не абарончыя магчымасці РФ (так, дзве траціны страчаных танкаў нашмат больш аслабілі войскі агрэсара, чым некалькі сотняў знішчаных артылерыйскіх гармат).
Аднак патэнцыял для росту вытворчасці ў Расіі пакуль ёсць. Мяркуючы з усяго, РФ, якая адчувае вялікія праблемы з артылерыйскімі боепрыпасамі, усё ж вырабляе і будзе вырабляць іх дастаткова, каб войскі мелі магчымасць весці агонь — хай і ў зніжаным тэмпе. Тое ж датычыць і вытворчасці некаторых мадэляў беспілотнікаў, такіх як «Ланцэт», і закупак кітайскіх цывільных коптараў, якія ператвараюцца пасля ў зброю. Таксама пакуль расійскія войскі захавалі дастатковую колькасць сістэм РЭБ для працягу ваенных аперацый.
Аўтары рэкамендуюць заходнім палітыкам у будучыні засяродзіцца на больш «адрасным» знясіленні Расіі. Да прыкладу, расійскія войскі для захавання магчымасцяў на фронце крытычна залежаць ад камбінацыі дастатковай колькасці артылерыі, боепрыпасаў, сістэм РЭБ, СПА і беспілотнікаў. У адваротным выпадку артылерыя РФ моцна цярпіць ад контрбатарэйнага агню, у якім традыцыйна саступае ўкраінскай. З гэтых узбраенняў найбольш уразлівымі аўтарам бачацца сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія выкарыстоўваюць заходнія кампаненты. У справаздачы рэкамендуецца правесці дадатковыя даследаванні ў гэтай галіне, каб эфектыўней супрацьстаяць расійскаму РЭБ (у тым ліку з дапамогай санкцый).
Магчымасць узмацніць пазіцыю Украіны аўтары бачаць і ў тым, каб забяспечыць яе вытворцам ліцэнзійную вытворчасць сістэм узбраенняў па заходніх тэхналогіях. Пры гэтым неабходна па-ранейшаму даваць Кіеву танкі, іншую бранятэхніку, артылерыю і высокадакладную зброю. Акрамя гэтага, прапануецца перадаваць больш сістэм для глушэння РЭБ і СПА, каб беспілотнікі УСУ мелі большую свабоду ў кантраляванай Расіяй паветранай прасторы. Для супрацьдзеяння БПЛА Расіі аўтары рэкамендуюць даваць УСУ больш сістэм СПА блізкага радыусу дзеяння.
Нарэшце, прапануецца максімальна ліквідаваць шчыліны ў санкцыйнай палітыцы, якія дазваляюць пастаўляць у Расію цывільныя беспілотнікі — хоць, паводле ўсеагульнага прызнання, зрабіць гэта будзе складана, улічваючы мноства каналаў збыту.
Чытайце таксама


