Віталю Ковалю 41 год. У верасні 2019-га ўкраінскі прадпрымальнік узначаліў Ровенскую вобласць, якая мяжуе з Беларуссю. Прадстаўляючы яго, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сказаў: «Гэта не пасада — гэта магчымасць паказаць, кім вы ёсць». Мы пагаварылі з Віталём Ковалем пра вайну, Беларусь, полк Каліноўскага, сустрэчу з Ціханоўскай, памежжа і нашых чыноўнікаў.
Досвед Херсона
— Вы нядаўна былі ў Херсонскай вобласці, што вы там убачылі?
— Дастаўляць у вобласць гуманітарны груз пад кананадай абстрэлаў — такое сабе, вядома. Я разумею, што людзі жывуць там так пастаянна: энэргетыкі рамантуюць падстанцыі, камунальнікі чысцяць дарогі — усё гэта пад абстрэламі. Чысты тэрор. Здзівіла вось што яшчэ: без электрычнасці і вады пражыць можна, а вось без сувязі — горш за ўсё. Гэта тое, што расказвалі мясцовыя. Стойкасць людзей радуе. Я быў у той дзень, калі наступіў поўны блэкаўт. Людзі казалі: «Без святла можна жыць, галоўнае — без расіян».
— Як вашая вобласць пацярпела падчас вайны?
— З 24 лютага ў нас было 18 ракетных удараў, у вобласці ёсць АЭС, таму крытычна важна зберагчы энергасістэму. На 1 снежня 70% людзей ужо маюць электраэнергію, 30% часткова. Але мы ўжо больш-менш выраўнялі сітуацыю з графікамі працы электрычнасці, яны не заўсёды супадаюць, але ў асноўным усё працуе.
Яшчэ цяпер у вобласці ёсць 144 «пункты нязломнасці». Іх будзе больш, асноўная задача — каб бізнесы, крамы, кавярні давалі магчымасць людзям падзарадзіцца і атрымаць інфармацыю. Досвед Херсона паказаў важнасць таго, каб людзі, акрамя зарадкі і інтэрнэту, маглі атрымліваць інфармацыю: мяжа прарваная ці не, наступ быў ці не, Бахмут наш ці не — пытанні, якія вораг можа выкарыстоўваць для дэзінфармацыі. Гэта пункты камунікацыі.
Таксама ў нас ёсць некалькі сотняў пунктаў абагравання. Груба кажучы, гэта памяшканне (напрыклад, спартзала), куды можна зайсці і пагрэцца. Для нас гэта нармальная практыка, такія пункты мы і да вайны разгортвалі для бяздомных.
— Вы гатовыя да ацяпляльнага сезона?
— Так, але, на жаль, не можам прадбачыць усе праблемы. Кацельні ўключаныя, цяпло падаецца, газ ёсць. Ёсць праблемы з гарачай вадой. Калі праз абстрэлы праблемы будуць узмацняцца, то будзем рэагаваць.
«Для нас народ Беларусі дакладна не вораг»
— Насельніцтва вобласці зменшылася?
— У нас пазітыўны баланс, паводле нашых падлікаў, цяпер у вобласці 1 млн 200 тысяч чалавек. Да 24 лютага было 1 млн 153 тысячы, у асноўным яно павялічылася за кошт часова пераселеных асобаў, такіх у нас цяпер больш за 37 тысяч — гэта жыхары Данецкай, Харкаўскай і Кіеўскай абласцей. Пасля пачатку вайны з вобласці выехала каля 90 тысяч чалавек, у асноўным гэта жанчыны з дзецьмі, але большая частка ўжо вярнулася назад.
— Ці было адсяленне з памежных тэрыторый Украіны і Беларусі?
— Не. Мы не заўважылі нейкага масавага выезду адтуль.
— А што мясцовыя з памежжа кажуць пра нашую краіну?
— Для нас народ Беларусі дакладна не вораг. Нашыя жыхары хадзілі да вас у ягады і грыбы, у людзей ёсць сваякі ў Беларусі, У нас ёсць выпадкі, калі дом стаіць на ўкраінскай тэрыторыі, а хлеў — на беларускай. Мы цяпер успрымаем паўночную мяжу як пагрозу, таму што расіяне могуць ёю скарыстацца і ўцягнуць Беларусь. Мы раздзяляем народ і ворага.
— Як цяпер уладкаванае жыццё ў памежжы? Вы пісалі у сябе ў тэлеграме, што часткова там не працуюць школы.
— Гэта вы той, хто ставіць мне адзін лайк пад пастамі (смяецца)? Я вас знайшоў. Там ёсць 40-кіламетровая зона, дзе паляванне, збор ягад і перамяшчэнні абмежаваныя. У памежжы ў нас 89 школ, з іх цяпер 84 працуюць вочна. Мы тады перавялі навучальныя ўстановы на дастанцыйнае навучанне, таму што разумелі, што ёсць пагроза. Бяспека дзяцей — гэта галоўнае. Іншы момант — электрычнасць, калі яе няма, то навучальны працэс — такое сабе. Сёння сітуацыю выраўнялі. Працуем па графіку. Жыццё ідзе, найгоршае — калі ты проста сядзіш і чакаеш катастрофы. Трэба рабіць сваю справу.
— Былі беларусы ці расіяне, якія прыходзілі да вас праз мяжу?
— Так, гэта не масава, але такія выпадкі былі. Памежнікі і СБУ пачынаюць адразу з імі працаваць і правяраць.
— Гэта былі беларусы?
— Так, дзясяткі выпадкаў, пра якія нам вядома. Яны казалі, што хочуць ваяваць на баку Украіны, іх мэта — уступіць ва УСУ і адстойваць каштоўнасці нашай краіны. Вялікая частка беларусаў, з якімі мы камунікуем апошнім часам, — гэта свядомыя людзі. Яны разумеюць, што без незалежнай Украіны не будзе незалежнай Беларусі, калі загінем мы, то загінеце і вы.
— Вы 17 лістапада напісалі: «Штодня ўзводзім фартыфікацыйныя збудаванні, капаем супрацьтанкавыя равы, мініруем тэрыторыі. А гасцінныя палескія балоты гатовыя паглынуць тысячы ворагаў разам з іх тэхнікай». Як цяпер выглядае мяжа з Беларуссю?
— Спакойна. Там атмасфера пастаяннай працы. Экскаватары капаюць супрацьтанкавы роў. Тэму мініравання я апушчу, гэта лепш да вайскоўцаў. Сёння мяжа ў дзясяткі разоў лепш абароненая, чым у лютым.
— На колькі працэнтаў замініраваная мяжа?
— На 100%. Няма скразнога ўчастка, будзьце ўпэўненыя.
— Якая мэта ўсяго гэтага? Быць больш падрыхтаванымі, чым у лютым?
— Нашы воіны не будуць чакаць, яны сустрэнуць ворага там, дзе сустрэнуць, не будзе магчымасці нават разгарнуцца нармальна. Гэта фактычна будзе сметнік металу і людзей. Я перакананы, што беларускім салдатам гэта не трэба. У іх няма матывацыі. Чым адрозніваецца адна армія ад іншай? Матывацыяй і ваенным досведам. У нас ёсць і тое, і тое. А якая матывацыя ў нармальнага беларуса ісці ў чужую краіну, каб вярнуцца інвалідам або загінуць? Мне здаецца, што тут нават няма за што зачапіцца прапагандыстам. Мы ведаем, што, калі робіцца горача, ніхто не захоча гінуць за чужыя ідэалы.
— Вы бачыце пагрозу з боку Беларусі цяпер?
— Я асабіста з боку Беларусі не бачу большай пагрозы, чым два ці тры месяцы таму.
Нашая размова ненадоўга перарываецца, пачалася паветраная трывога.
— Ударная група сфармаваная, але мы не выключаем магчымасці гэтай пагрозы, разумеем, што тыя вучэнні, якія праходзяць цяпер у Беларусі, або самалёты, якія ўзлятаюць з вашага боку, — гэта праблема для нас.
— У пачатку вайны вы асцерагаліся, што расіяне зойдуць да вас у вобласць праз Беларусь?
— Безумоўна. Непрыемна адчуваць тое, што адчувала ўся Украіна. Але мы хутка сталі плячом да пляча. Я ў захапленні ад людзей.
— Як вы рыхтаваліся да наступу з тэрыторыі Беларусі пасля 24-га?
— На мяжы ставілі ўмацаванні і вожыкаў, у цывільнай сферы шукалі спосабы арганізаваць навучальны працэс у школах, забяспечыць бальніцы, гэта шматбаковы працэс быў.
— У які момант вы крыху выдыхнулі?
— У вас можна лаяцца?
— Так.
— Калі пачалі даваць пі**ы расіянам, тады трохі выдыхнулі. Калі яны не змаглі ўзяць Кіеў, калі яны пачалі зарывацца, а мы пачалі іх выціскаць. Першыя 52 дні вайны я жыў у сябе ў кабінеце.
Нашая размова зноў перапыняецца, Віталю Ковалю тэлефануюць.
— Трывога была звязаная з узлётам самалёта ў Беларусі.
— Як думаеце, чаму наш Дзяржпамежкамітэт часта абвінавачвае Украіну ў правакацыях?
— Увесь свет ужо называе гэтую вайну несправакаванай вайной. Якая логіка Украіне ўцягваць яшчэ адну краіну ў вайну? Яе няма.
Полк Каліноўскага, Ціханоўская, Лукашэнка і іншыя беларускія чыноўнікі
— Вы сустракаліся з байцамі палка Каліноўскага. Што яны вам казалі?
— У тых казакоў, якія ў нас былі, я ўбачыў матывацыю, яны зараджаныя на свабодную Беларусь. Гэта правільныя людзі, якія сталі на бок міру. Не трэба атаясамліваць народ Беларусі з ворагам. На жаль, палітычнае кіраўніцтва Беларусі паводзіць сябе як саўдзельнікі гэтага тэрору.
— Вы ўспрымаеце полк Каліноўскага як палітычную сілу?
— Для нас гэта пабрацімы, якія падзяляюць нашы каштоўнасці. У нас ёсць яшчэ добраахвотніцкія батальёны іншых нацый.
— У Беларусі некаторыя ўспрымаюць іх у тым ліку і як палітычную сілу.
— Яшчэ рана рабіць высновы. Трэба паказаць вынік, яны ўжо яго паказваюць. На жаль, ёсць смерці ў палку за Украіну. Што далей? Трэба выйграць вайну. Мы на тэрыторыі вобласці забаранілі гаварыць «пасля вайны», мы кажам «пасля перамогі».
— Вы б сустрэліся са Святланай Ціханоўскай?
— За міжнародную палітыку адказвае наш МЗС і Офіс прэзідэнта. Упаўнаважаць — сустрэнуся, спецыяльна сам ініцыяваць не буду, таму што мая зона адказнасці — Ровенская вобласць.
— Калі б сустрэлі Лукашэнку, што б яму сказалі?
— У мяне няма жадання гаварыць з ім.
— Нічога б не спыталі?
— Я падумаю пра гэта.
— Для вас асабіста Беларусь цяпер — вораг?
— Не. Для мяне вораг той, хто дапамагае Расіі. Народ Беларусі не ворагі, я быў у вас дзясяткі разоў, я сябраваў з беларусамі.
— Вы калі-небудзь сустракаліся з беларускімі чыноўнікамі?
— Я сустракаўся з дэлегацыяй на чале з Лукашэнкам падчас Форуму рэгіёнаў у Жытоміры. Былі ўсе губернатары вашых абласцей, мы з імі выдатна размаўлялі, вячэралі, абедалі, планы будавалі зрабіць тавараабарот у мільярды даляраў. З Брэсцкай і Гомельскай абласцямі ў нас была дамоўленасць пра рамонт дарог. Каб вы разумелі: па выніках 2021 года знешнегандлёвы абарот вобласці з Беларуссю склаў 82,5 млн даляраў, 40% пасажыраў аэрапорта роўна — гэта былі беларусы. Наш абласны цэнтр быў Мекай выхаднога дня для беларусаў. Потым усё абарвалася, на жаль.
— Якое ў вас склалася меркаванне пра беларускіх чыноўнікаў?
— Я скажу, што ў нас больш свабоды, мы дакладней можам выказаць сваю думку, мы больш крэатыўныя, мы маладзейшыя. Але магу пахваліць тых вашых чыноўнікаў, з якімі я камунікаваў, за прафесійную падрыхтоўку.
— А калі пачалася вайна, хто-небудзь з іх вам напісаў?
— Ніхто.
— У канцы размовы спікеры заўсёды адказваюць на адно і тое ж пытанне: калі і як скончыцца вайна?
— Дакладна перамогай Украіны і на нашых умовах. Мы разумеем, што мы — нацыя пераможцаў і свет нас падтрымлівае. І важна гэтую падтрымку і далей атрымліваць. Мы выцеснім усіх акупантаў, і далей пачнецца вялікая трансфармацыя, не толькі Украіны, але і свету. Мы — сведкі чагосьці новага. Я думаю, што вірус перамогі каштоўнасцяў пойдзе далей. Не можа раб перамагчы вольнага чалавека. Раб толькі можа стаць свабодным чалавекам, калі раптам падыме галаву. Мы ўжо свабодныя людзі. Гэта ўжо праблема для ўлады (смяецца). Для мяне праблема, таму што ў нас кожны можа выказаць сваю думку: і цэнзурна, і нецэнзурна. Гэта асаблівасць Украіны. А калі? Гэта дакладна не пытанне 2−3 тыдняў, нам трэба пратрымацца зіму.
— А што будзе з Беларуссю?
— Сяброўства.
Чытайце таксама


