Амаль месяц таму ўкраінскае войска вызваліла Херсон. Але пад кантролем Расіі ўсё яшчэ застаюцца часткі Херсонскай і Запарожскай абласцей, захопленых у пачатку ўварвання. Мы пагаварылі з Марынай, жыхаркай Бярдзянска, аднаго з акупаваных райцэнтраў, які стаіць на беразе Азоўскага мора, удалечыні ад падкантрольнай Украіне тэрыторыі. Яна расказала, ці стала ў горадзе больш чужых вайскоўцаў і ці асцерагаюцца яны прыходу УСУ. А яшчэ як чакаюць (ці наадварот — баяцца) вызвалення мясцовыя і як выглядае жыццё ў апошнія месяцы.
«Прывыклі, што ў нас даступныя лекі з Германіі, Швейцарыі. А цяпер на паліцах — Разань!»
Улетку 32-гадовая Марына (імя змененае) збіралася з’язджаць з Бярдзянска, калі не будзе газу, а ён знік у горадзе яшчэ ў пачатку сакавіка. Калі мы стэлефаноўваемся зноў, яна адразу паведамляе: «Далі газ у сярэдзіне кастрычніка, ацяпленне запусцілі». У вёсках газазабяспечанне таксама аднавілі, кажа жанчына. У цэлым жыць можна.
— Святло, вада ёсць — мы з усімі выгодамі, грэх наракаць. Учора глушылі мабільную сувязь і інтэрнэт — калі такое адбываецца, гэта ратацыя, перакідваюць войскі. Ад нас ідуць дарогі на Запорожжа — у Такмак, Васільеўку, Палогі, з іншага боку — з Марыупаля на Крым. Пазаўчора перакідвалі вайскоўцаў, мяркуючы па ўсім, на Палогі, бо праз нас едуць туды ваяваць і назад вяртаюцца.
Пра ваенную абстаноўку ў акупаваным горадзе пагаворым пазней, а пакуль распытваем суразмоўніцу пра побыт. Марына расказвае: падоўжылі каменданцкую гадзіну, цяпер яна пачынаецца ў 21.00, а не ў 23.00, у крамах абмежавалі продаж алкаголю з 9 да 17 гадзін, паўсюль шыльды «Вайскоўцам не прадаваць».
— Мабыць, былі нейкія прэцэдэнты, тым больш што ім тут рабіць? Але ў многіх мясцовых цяпер адзіная крыніца прыбытку — гэта самагон. Таму рускія не адчайваюцца: не купяць у краме — купяць у людзей.
Тым, што ў акупацыі ўкраінскія гандлёвыя сеткі замяняюць расійскімі, ужо нікога не здзівіш. Бярдзянцы толькі застаюцца незадаволеныя якасцю тавараў, якія туды завозяць. Марына ў прадуктовых стараецца купляць тое, што вырабляецца на ўкраінскіх часова акупаваных тэрыторыях і ў мясцовых прадпрымальнікаў. З астатнім, кажа, усё няпроста.
— У Мелітопалі працягвае працаваць малаказавод — з яго ў крамы завозяць алей, смятану. У нас у Бярдзянску ёсць хлебазавод, мясакамбінат. Бяром яблыкі таксама нашыя. Ды і той жа сок — навошта мне браць нейкі краснадарскі, яшчэ і дарагі, калі тут у раёне ёсць сям’я, якая сама нарыхтоўвае? Я лепш падтрымаю бізнес ва ўмоўнай Дзмітраўцы (вёска ў Запарожскай вобласці Украіны, за 80 км ад Бярдзянска. — Заўв. рэд.).
Аптэкі таксама працуюць, але прэпараты там ёсць не ўсё. Цэны на імпартныя лекі выраслі ў тры разы, але і іх расійскія аналагі каштуюць дорага. Многія скардзяцца на якасць — усё не тое. Калі трэба нейкі парацэтамол або кроплі ў нос — спакойна купіш. Калі нешта сур’ёзнае — тут з цаной праблема, яшчэ і паспрабуй знайдзі. Ну і, разумееце, мы прывыклі, што ў нас былі даступныя лекі з Германіі, Швейцарыі, яны ж зусім іншыя па якасці. А цяпер на паліцах — Разань! І ведаеце, вось яшчэ бытавая хімія, шампуні ў іх жудасныя! Мы з сяброўкамі нядаўна ўспаміналі, як пойдзеш, замовіш бразільскі суперафігенны за шалёныя грошы — мужу яго цаны не кажаш… А цяпер пайшоў — «Чыстая лінія крапіва». Што мыла валасы, што не мыла.
«Кажуць, што з 1 студзеня грыўня хадзіць перастане, а на біржах капірайтынгу ў РФ зарэгістравацца немагчыма: там усюды Бярдзянск — гэта Украіна»
У Бярдзянску працягвае працаваць дробны прыватны бізнес — цырульні, салоны манікюру, жанчыны нарошчваюць вейкі, кажа Марына. Толькі цэны ўзляцелі, таму прыгажосць сабе ў асноўным могуць дазволіць мясцовыя, якія пайшлі на супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі, бо працы цяпер у горадзе мала.
— Пакуль людзі атрымліваюць і пенсію, і дапамогу з Украіны. Грошы яшчэ можна зняць з карткі і памяняць па курсе 1 да 1,25. Дык гэта нязручна — проста кашмар: даеш расійскую купюру, табе рэшту — палову рублямі, астатняе грыўнямі. Дурацкі разлік. Але ўжо пачалі гаварыць, што з 1 студзеня 2023 года грыўня хадзіць перастане.
Расія дапамогі і пенсію таксама плаціць, і многія ўжо на яе перайшлі, таму што заробкаў няма. Зрабілі расійскія пашпарты і аформіліся, каб атрымаць картку і ў банкамаце хуценька здымаць. Мая мама на ўкраінскую пенсію выйсці не паспела і адмаўляецца атрымліваць расійскую, кажа: «Мне не трэба, я дачакаюся». Як мы жывём? Ціха-сціпла. Я працую на фрылансе ў інтэрнэце. Даход, вядома, меншы стаў, але на харчаванне хапае. Дзякуй богу, жывыя-здаровыя мае ўкраінскія партнёры, і праца ёсць. Але вось, ведаеце, на расійскі рынак я б нават выйсці не змагла. На іх біржах капірайтынгу нават зарэгістравацца не магу: там усюды Бярдзянск — гэта Украіна!
Паводле словаў Марыны, цяпер у горадзе шмат перасяленцаў з Марыупаля, якія ў сябе дома засталіся без жылля. Нямала бярдзянцаў выехала, пакуль была магчымасць, і паўсюль адчуваецца кадравы голад.
— У розных структурах клічуць супрацоўнікаў, абяцаюць заробкі — кагосьці набіраюць. Не хочацца лаяць, але яно ўсё некампетэнтнае… Настаўнікаў не хапае. У школе, куды ходзіць мой сын, дырэктаркай стала настаўніца англійскай, са старога складу засталіся тры педагогі, а астатніх панабіралі новых, у тым ліку студэнтаў. Але ўсе — украінцы, нікога з прывезеных няма.
З’явіўся ўрок музыкі — там жанчына-пенсіянерка. Нічога пра яе кепскага сказаць не магу. З пенсіямі праблематычна, яна не з’едзе, а музыка не прадмет для дыскусій — хай вядзе. Але падручнікі ў нас усе расійскія. Сын у чацвёртым класе, той жа гісторыі яшчэ няма, але на тым жа грамадазнаўстве яны вучаць прыроду Расіі. Але вы ж ведаеце, як дзеці вучацца… Я не асабліва б’ю трывогу, маўляў, вучыся, табе вельмі трэба ведаць, што там у тайзе, і ўсякае такое. Але ў нас школа звычайная, дзецям мінімум прапаганды ў вушы ліюць, настаўнікі лаяльныя. З іншай, паказальнай, многія сыходзяць. Там гімн на пераменах і поўным ходам «Азоўскае мора было ў Расіі заўсёды, мы рускія, Пуцін — наш прэзідэнт». У нас толькі трыкалоры засталіся, якіх паказальна наставілі да «рэферэндуму».
— Я дзіця дома не пакінула, таму што будуць хадзіць пытацца, чаму не водзіш у школу. Ужо былі такія выпадкі. Нядаўна хадзілі па дамах педагогаў, якія адмовіліся выходзіць на свае месцы ў акупацыі. Адна мая знаёмая так паспела ад калегаў даведацца, што да яе з’явяцца, з вечара ўсё пачысціла і прынесла мне, а ў 6 раніцы прывяла і схавала дзіця. А палове сёмай у яе ўжо былі. «А чаму не працуеце? Чаму вашае дзіця ў расійскую школу не ходзіць? Пакажыце працоўны ноўтбук».
«Нядаўна прывезлі мабілізаваных — яны банкі ахоўваюць. Гэта ў іх вучэнні»
Марына расказвае, што ў Бярдзянску ціха і спакойна, але з агаворкай — калі нічым не цікавішся. Расіяне ўсё яшчэ забіраюць мясцовых на допыты.
— Мужчын могуць забраць на фронт, таму яны стараюцца з’язджаць. Ну і знікаюць людзі. Знік сябар маёй сястры. Бацькі пыталіся па знаёмых, ездзілі ў турму, у адказ толькі пачулі: «Не шукайце, ён знік без вестак». Два інцыдэнты такія ведаю за апошні час.
Выбухаў бярдзянцы практычна не чуюць. Увосень украінскія СМІ ў асноўным пісалі пра іх, калі ў горадзе з’яўлялася інфармацыя пра падрыў машын акупацыйных чыноўнікаў. Марына кажа, што мясцовыя на гэта асабліва ўвагі не звяртаюць — «яны ведалі, на што ішлі».
— У нас ціха, як я ўжо казала. Калі нейкі робат залятае, яго спрабуюць збіць стралковай зброяй. Гэта мы чуем. Верталётаў апошнім часам шмат лётала — тут жа толькі расійская тэхніка. Ад УСУ яшчэ не прылятала нічога, а ад нас, на жаль, у іх бок пастаянна нешта вязуць і запускаюць.
У горадзе і ў вёсках у ваколіцах шмат расійскіх вайскоўцаў. Паводле словаў Марыны, апошнім часам яны ўсё актыўней займаюць пустыя кватэры і дамы.
— Наколькі я чула, тыя, што з Херсона адыходзілі, у асноўным паехалі на ўсход Украіны, на Данбас. Але да нас таксама шмат завозяць — і кадыраўцаў, і дагестанцаў, і дээнэраўцаў. Бураты былі — цяпер нейкія новыя. Па горадзе ўсё яшчэ ездзяць гэтыя «зэткі», «вэткі». Выходзіш у горад — а там пераважна мужчыны. Хто ў вайсковай форме, а хто не ў нарадзе — у цывільным. Іх жа добра відаць, разумееце. Калі ходзяць па трое-пяцёра хлопцаў, выгаленыя, пастрыжаныя, апранутыя лепш за мясцовых, таму што тут цяпер ні шмотак няма, ні грошай у насельніцтва. Ну і іх размовах іх чуваць.
Нядаўна новенькіх прывезлі, мабілізаваных. Яны стаяць банкі ахоўваюць. Калі раней стаяў адзін вайсковец, то цяпер тры. Пытала ў супрацоўніцы, чаму так шмат, не спраўляюцца ці што? Яна кажа: «Не, гэта ў іх вучэнні» (смяецца).
Марына кажа, што вайскоўцы на вуліцах не чапляюцца да мясцовага насельніцтва, сама такіх выпадкаў не заўважала. Да чужынцаў яна ўжо прывыкла, але дабра ад іх не чакае.
— Ну, ходзяць і ходзяць. Але я вам вось што скажу: пакуль ім не трэба з Бярдзянска выходзіць, яны паводзяць сябе добра, таму што самі тут жывуць. Але калі выйдуць і будуць абстрэльваць, як Херсон, мы не баімся. Мы сталі фаталістамі яшчэ вясной, калі стралялі па суседнім Марыупалі і ўсе чакалі, што хутка дойдуць да нас.
Паведамленні пра абстрэл Херсона Расіяй пасля адступлення з’яўляюцца рэгулярна. Паводле інфармацыі Херсонскай гарадской рады, з 20 лістапада па 3 снежня ў горадзе зафіксавалі 139 прылётаў, загінулі 19 чалавек, яшчэ 38 чалавек атрымалі траўмы, у тым ліку дзіця.
Але рускія тут адпачываюць. Умацаваліся, бліндажы свае капаюць, на трасах зубы (загароды супраць вайсковай тэхнікі. — Заўв. рэд.). Што і сюды прыйдзе ўкраінскае войска, не баяцца: ім ёсць куды адступаць — у Марыупаль, Данецк, Крым. Тут вельмі зручная транспартная развязка. Пойдуць адкуль прыйшлі.
Паводле Марыны, у горадзе нямала жыхароў не хоча, каб Расія і яе салдаты сыходзілі. Калі Украіна вярнула Херсон, такія людзі захваляваліся:
«А што ж з намі будзе? А раптам нас адаб’юць?» — былі размовы, панічныя настроі ў людзей, якія пайшлі на супрацоўніцтва. У асноўным гэта бабулькі, што ўдзельнічалі ў арганізацыі рэферэндуму. Ды і тыя, хто гучней за ўсіх крычаў «Расія наперад». У нас жа горад маленькі, усе ўсіх ведаюць, а ў кагосьці яшчэ дзеці ва УСУ служаць. Але ненадоўга яны напружыліся — супакоіліся, калі ўсё заціхла.
Тут яны будуць сядзець да апошняга, мне здаецца. Навошта ім ехаць у Расію? Ціха-спакойна, яшчэ і нейкія грошы можна атрымліваць. Жывеш у сваім доме, яшчэ і бясплатна — за камуналку мы не плацім усю акупацыю. Вось ім прыходзіць нейкая дапамога, пенсія, яны складаюць гэта сабе ў сумачку — і добра. Неяк, калі была гісторыя з Крымскім мостам, мы пайшлі на рыбалку на дамбу, а там сабраліся вось гэтыя, што глядзяць расійскі тэлевізар. І пачалося: «Гэтыя жабаеды замярзаюць, фашысты ныюць. Прайграюць, а Расія — малайчына, але ва ўсім вінаваты Байдэн». Жабаеды — гэта французы, а мы, украінцы, — салаеды, — смяецца Марына, тлумачачы слоўнік іншых гараджан.
— Гэты цырк чуеш, але сказаць нічога не можаш. Нам жа моцна не пакрычыш, не палаяешся, таму што данос напішуць. Пры ўсім жаданні нешта камусьці выказаць ціхенька слухаеш, дома пасмяешся са сваімі і ўсё. Ды і што такім дакажаш?

Нягледзячы на гэта, Марына кажа, што ў акупаваным горадзе людзей праўкраінскай пазіцыі ўсё яшчэ шмат. Сама яна Расію за дзевяць з лішнім месяцаў акупацыі любіць не пачала, як і яе знаёмыя.
— Рускія ў нас працягваюць расказваць, што яны тут назаўжды. Мы гаворым: «Так, добра». Што тут яшчэ скажаш? Бачылі мы ўжо іх «Расія назаўжды» ў іншых гарадах. Многія бярдзянцы чакаюць, што прыйдзе Украіна, вернуцца нашы сцягі. Проста ўсе прыціхлі. Так, ад Херсона да нас далёка, але мы ж не ведаем, адкуль УСУ прыйдуць, якія там планы ў Генштаба. Можа, на Запарожскім напрамку, на Палогах праціснуць? — з надзеяй гаворыць суразмоўніца. — Усе хочуць, каб было як раней. Хоць мы не хочам вяртаць роўна тое ж, што было да вайны: многія чыноўнікі, што ў нас працавалі, не найлепшай якасці людзі. Усе хочуць, каб будавалася новая выдатная краіна. Але Украіна, а не Таўрычаскі край (так прапанаваў назваць акупаваныя часткі Херсонскай, Мікалаеўскай і Запарожскай абласцей сенатар ад анексаванага Крыма. — Заўв. рэд.)
Я не ведаю, калі нас будуць вызваляць. Думаю, гэта пачнецца вясной. У мяне настрой, ведаеце, наплывамі. Калі Херсон дэакупавалі, не было такой радасці, як з Харкаўскай вобласцю, калі ўсё неяк хутка і нечакана здарылася. А з Херсонам усе пісалі, што рыхтуюцца, рыхтуюцца. Ну і думаеш: «Ну вось, малайцы, не схлусілі! Значыць, трэба дачакацца і нашай чаргі». Але сярод людзей настроі розныя: хтосьці стаміўся чакаць, хтосьці ўжо і пакрыўдзіўся дзесяць разоў. Але мне ныць, што я стамілася чакаць? Хлопцам на фронце ў сто разоў складаней, чым мне тут. І да нас дойдуць. Вось і ўсё.