Акруговы суд Варшавы 17 студзеня вынес прысуд грамадзяніну Польшчы Дарыяну С., якога абвінавачвалі ў згвалтаванні і забойстве беларускі, а таксама ў разбоі. Суд над ім пачаўся ў снежні і часткова праходзіў у закрытым рэжыме. Сёння, 17 студзеня, мужчыну асудзілі на пажыццёвае зняволенне.
Агучванне прысуду праходзіла публічна. Як і патрабавалі пацярпелыя, пракуратура і прадстаўнікі зацікаўленых грамадскіх арганізацый, Дарыяна С. прызналі вінаватым у згвалтаванні і забойстве беларускі Лізаветы Герцэн, а таксама здзяйсненні ў дачыненні да яе разбойных дзеянняў.
Паляка асудзілі на пажыццёвае зняволення з адбыццём пакарання ў тэрапеўтычнай турэмнай сістэме. Дарыян таксама мусіць выплаціць пацярпелым — брату і партнёру Лізаветы — па 200 тысяч польскіх злотых (каля 168 тысяч рублёў паводле курсу Нацбанка на 17 студзеня).
— На думку суда, абвінавачанага варта як мага хутчэй забыць. Яго варта сцерці з памяці, каб зло, якое ён здзейсніў, не стала прадметам нейкіх фільмаў, серыялаў ці дакументальных фільмаў. Каб Лізіна ахвяра жыцця не стала безасабовай. Менавіта яна адчула боль, жах і, нарэшце, смерць. Таму я называю яе па імені, каб яна не засталася ў нашай памяці толькі, кажучы юрыдычнай мовай, як аб’ект злачынства, — абгрунтоўваючы прысуд, сказаў суддзя Павел Добаш.Прысуд не ўступіў у законную сілу, падсудны яшчэ можа яго абскардзіць.
— Калі абвінавачаны палічыць пакаранне занадта суровым, хай ён уявіць, што ў ягоным горадзе ахвярай такога нападу стала блізкая яму жанчына і якое пакаранне будзе справядлівым, — падкрэсліў Добаш.
Нагадаем, паводле інфармацыі следства, у ноч з 24 на 25 лютага мужчына напаў на беларуску ў цэнтры Варшавы. Ён прыставіў ёй нож да горла, згвалціў і спрабаваў яе задушыць. Дзяўчыну знайшлі без прытомнасці на лесвічнай клетцы дома № 47 на вуліцы Журавя ў Варшаве. Яна памерла ў бальніцы Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта праз чатыры дні, 1 сакавіка.
Лізавету пахавалі ў Варшаве 15 сакавіка 2024 года. Праз тыдзень пасля забойства ў цэнтры польскай сталіцы прайшоў марш «Яе звалі Ліза» ў памяць пра беларуску.
Па падазрэнні ў замаху на забойства, спалучанае са згвалтаваннем і разбоем, паліцыя затрымала 23-гадовага варшавяніна Дарыяна С. Мужчыну ўзялі пад варту.
4 снежня 2024 года ў Акруговым судзе Варшавы пачаўся суд над Дарыянам С. Мужчыну інкрымінавалі забойства на сэксуальнай глебе. Яму пагражала ад 12 гадоў да пажыццёвага пазбаўлення волі.
На першым паседжанні Дарыян С. часткова прызнаў віну, але сказаў, што намеру забіваць у яго не было. Ён заявіў суду, што мусіў заплаціць 1600 злотых (1336 беларускіх рублёў) за кватэру, але грошай не было. Паляк хацеў абкрасці краму ці бар. У судзе ён заявіў, што ў адной з установаў убачыў украінцаў, думаў іх абакрасці, але ў выніку сутыкнуўся з Лізаветай.
Чытайце таксама