Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская запрошаная для ўдзелу ў дыскусіі «Мір праз сілу» на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе (Швейцарыя), паведамляе «Позірк».
Дыскусія пройдзе 21 студзеня, паведамляецца на інтэрнэт-партале форуму.
Удзельнікамі панэлі таксама стануць прэм’ер-міністр Швецыі Ульф Крыстэрсан, вярхоўны галоўнакамандуючы аб’яднаных сіл НАТО ў Еўропе генерал Крыстафер Кавалі, намеснік рэдактара і вядучы аглядальнік па міжнародных пытаннях выдання Financial Times Гідэон Рахман.
«Пасля многіх гадоў недаінвеставання вайсковыя выдаткі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе цяпер вышэйшыя, чым у канцы Халоднай вайны, дасягнуўшы 350 млрд еўра ў 2024 годзе, у той час як абмеркаванні абароннай палітыкі ўсё часцей перамяшчаюцца з дбайна ахоўваемых нацыянальных сталіц у калідоры Брусэля», — гаворыцца ў анонсе дыскусіі.
Плануецца, што ўдзельнікі абмяркуюць «сапраўдную еўрапейскую абаронную стратэгію», якая абапіраецца на «трансатлантычны альянс, які больш не з’яўляецца нязломным», з улікам «усё большых пагроз на кантыненце і яго блізкім замежжы».
Сусветны эканамічны форум у Давосе пройдзе 20−24 студзеня.
Год таму дэмлідар таксама ўдзельнічала ў форуме.