Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня падпісаў указ № 239 «Аб кампенсацыі аказанай дзяржаўнай падтрымкі». У дакуменце прапісана, у якіх выпадках давядзецца кампенсаваць дзяржпадтрымку на будаўніцтва жылля, паведамляе яго прэс-служба.
Ва ўказе гаворыцца пра тое, што дзяржпадтрымка грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, і скіраваным на будаўніцтва па месцы ваеннай і дзяржаўнай грамадзянскай службы, работы ў дзяржоргане, даецца толькі пры ўмове наступнай адпрацоўкі не менш за 10 гадоў на такой службе ці працы.
«Пры незахаванні гэтай умовы грамадзянін абавязаны будзе кампенсаваць аказаную яму і членам яго сям'і дзяржаўную падтрымку. Пры гэтым кампенсацыя дзяржпадтрымкі будзе ажыццяўляцца толькі ў выпадку звальнення з вайсковай і дзяржаўнай грамадзянскай службы, працы ў дзяржоргане па ўласнай ініцыятыве або дыскрэдытавальных абставінах», — гаворыцца ў паведамленні.
Указ таксама вызначае пералік катэгорый грамадзян, на якіх не распаўсюджваецца патрабаванне пра кампенсацыю аказанай дзяржпадтрымкі: шматдзетныя сем'і, сем'і з дзецьмі-інвалідамі, грамадзяне, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту або выслугі гадоў, звольненыя па стане здароўя.