У Беларусі па-ранейшаму ў мінусе знаходзіцца прадукцыйнасць працы. У студзені-лістападзе 2022-га гэты паказчык у цэлым па краіне быў на 3,2% ніжэйшы, чым год таму, паведамляе Белстат. У некаторых рэгіёнах сітуацыя прыкметна горшая, чым у цэлым па рэспубліцы. Пры гэтым рэальная зарплата, якая разлічваецца з папраўкай на інфляцыю, таксама ў мінусе, але падзенне меншае, чым па прадукцыйнасці працы. Расказваем, якая цяпер сітуацыя з гэтымі двума паказчыкамі і чым пагражае «расінхрон» паміж імі.
Мацней за ўсё прадукцыйнасць працы ўпала ў студзені-лістападзе мінулага года ў Мінскай вобласці — на 8,5%. У Мінску гэты паказчык знізіўся на 3,5%, у Гомельскай вобласці — на 2,2%, у Гродзенскай — на 1, 9%, у Магілёўскай — на 1,1%, у Брэсцкай — на 0,5%, у Віцебскай — на 0,2%.
Пры гэтым рэальная зарплата, якую разлічваюць з папраўкай на інфляцыю, у студзені-лістападзе 2022-га ўпала на 2% у цэлым па краіне. То-бок зніжэнне было меншым, чым па прадукцыйнасці працы. Канкрэтна ў снежні наогул зафіксавалі рост па гэтым паказчыку (па прадукцыйнасці працы звесткі за апошні месяц мінулага года пакуль што не апублікаваныя).
Раней міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў заяўляў, што ўтрымаць рэальныя заробкі ад падзення ўлады збіраюцца за кошт нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці, увязвання зарплаты з прадукцыйнасцю працы, а таксама зніжэння інфляцыі.
У 2017 годзе чыноўнікі заяўлялі, што Беларусь па прадукцыйнасці працы адстае ад ЕС амаль у 4−5 разоў. Да гэтага, ацэньваючы вынікі пяцігодкі (2010−2015 гады), улады адзначалі, што не былі вырашаныя «структурныя праблемы, якія стрымліваюць устойлівае і збалансаванае развіццё», сярод іх — нізкая прадукцыйнасць працы і высокія выдаткі вытворчасці, абумоўленыя слабой інавацыйнай актыўнасцю рэальнага сектара эканомікі і сферы паслуг.
У наступнай пяцігодцы — 2016−2020 — чыноўнікам таксама не ўдалося вырашыць праблему з павышэннем прадукцыйнасці працы. У 2020 годзе яна знізілася на 0,5% да 2019-га. Пры гэтым рэальная зарплата за гэты перыяд вырасла на 8,2%.
Чым небяспечная разбежка ў росце рэальных заробкаў і прадукцыйнасці працы
У Нацбанку раней адзначалі, што неабгрунтаваны рост заробкаў фармуе перадумовы для паскарэння інфляцыі. «Рост рэальнай заработнай платы і рэальных наяўных даходаў насельніцтва тэмпамі, якія апярэджваюць дынаміку прадукцыйнасці працы, фармуе перадумовы для ўзмацнення інфляцыйнага ціску як у цяперашні час, так і ў найбліжэйшай перспектыве», — тлумачыў раней рэгулятар.
Міжнародны валютны фонд у 2018 годзе раіў уладам Беларусі абмежаваць рост заробкаў цягам двух гадоў на ўзроўні інфляцыі. Эксперты адзначалі, што эканамічны ўздым у Беларусі сярод іншых фактараў падтрымліваецца хуткім ростам заработнай платы. Яна павялічваецца тэмпамі, якія апярэджваюць тэмпы росту прадукцыйнасці працы.