Апошнія пяць гадоў беларусам не даводзіцца радавацца вялікай колькасці добрых навін. Але спраўляцца з інфармацыйным стрэсам і недахопам пазітыўных эмоцый дапамагаюць гумарыстычныя рэсурсы. Сёння адзін з самых вядомых у краіне — парадыйны навінавы тэлеграм-канал «Советская Белоруссия», што з’явіўся яшчэ ў 2019 годзе пад назвай ШUT.BY («шут.бай»). Яго тонкая сатыра на прапагандысцкія СМІ выклікае прыкметнае раздражненне ва ўладаў. Але не ўсе ведаюць, што жартоўная «СБ» ўзнікла не на пустым месцы. Чвэрць стагоддзя таму ў яе быў своеасаблівы папярэднік — сатырычная газета «Навінкі», якая высмейвала і ўладу, і апазіцыю. Расказваем пра гэтае выданне, якое было ўнікальнай з’явай для беларускай медыясферы, і паказваем фрагменты яго саркастычных публікацый.
Хто выдаваў?
Газету «Навінкі» ў лютым 1998 года заснавалі актывісты моладзевай анархісцкай групоўкі «Чырвоны Жонд» Павел Канавальчык, Алег Новікаў і Алесь Мазур. Ажыццявіць ідэю стварэння сатырычнай газеты ўдалося, калі Канавальчык уладкаваўся ў «Нашу Ніву», дзе атрымаў доступ да неабходнай друкавальнай тэхнікі.
У выходных дадзеных ранніх, «нелегальных», выпускаў заснавальнікам газеты называўся «Павел Каларадскі», а галоўным рэдактарам — «гер Нямчук». Але пазней, калі «Навінкі» ўдалося зарэгістраваць у Дзяржаўным камітэце па друку, заснавальнікамі пачалі ўказваць трох згаданых вышэй анархістаў пад іх сапраўднымі імёнамі, а Канавальчыка — яшчэ і галоўрэдам.
Чаму «Навінкі»?
Назва была гульнёй словаў, якая сёння наўрад ці многім будзе цалкам зразумелая.
Па-першае, яна адсылала да беларускамоўнай грамадска-палітычнай газеты «Навіны», якую са студзеня 1998 года выпускаў выдавец незалежнай беларускай прэсы Павел Жук. «Навіны» прыйшлі на змену газеце «Свабода», якую ўлады закрылі ў лістападзе 1997 года за публікацыю крытычных артыкулаў пра Аляксандра Лукашэнку. Зрэшты, «Навіны» праіснавалі зусім нядоўга: ужо ў верасні 1999 года ўлады закрылі і іх. У гэтага выдання «Навінкі» пазычылі нават лагатып, трохі змяніўшы яго.
Па-другое, відавочна, абыгрывалася само беларускае слова: «навіны» — гэта навіны сапраўдныя, а «навінкі» — несур’ёзныя, парадыйныя ці проста абсурдныя па сутнасці.
Ну, а ключавым у назве было тое, што яна супадала з мянушкай галоўнай псіхіятрычнай бальніцы краіны — Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя. Ён вядомы як Навінкі, бо размяшчаецца ў аднайменнай былой вёсцы ў прыгарадзе Мінска. Менавіта там будучы галоўрэд Павел Канавальчык «касіў» ад арміі.
Такім чынам, назва «Навіны» як найлепш падкрэслівала сутнасць выдання, якое высмейвала часта абсурдную, нездаровую беларускую палітычную рэчаіснасць. Яго слоган быў саркастычны: «Газета для здаровых людзей».

Што з сябе ўяўляла газета?
Праз тры тыдні пасля выпіскі Канавальчыка з псіхіятрычнай бальніцы, у лютым 1998 года, у друк пайшоў першы нумар «Навінак». Прыкладам для яго сталі замежныя выданні палітычнай сатыры, такія як французскі часопіс Charlie Hebdo, польскі сатырычны штотыднёвік Nie! і савецкі «Крокодил».
Чорна-белую газету друкавалі на правах самвыдату ў фармаце А4 накладам па 299 штук і прадавалі на вулічных дэманстрацыях. Разыходзілася яна хутка.
Натхнёныя поспехам, стваральнікі вырашылі падаць заяўку на рэгістрацыю ў якасці СМІ. Але атрымалі адмову, матываваную тым, што назва выдання асацыюецца з псіхіятрычнай бальніцай. Такое абгрунтаванне не адпавядала закону, і рэдакцыя пакуль яшчэ «падпольнай» газеты звярнулася ў суд. Зрэшты, да разбіральніцтва справа так і не дайшла: праз год пасля выхаду першага нумара газету зарэгістравалі.



1998−2000 гады былі найлепшымі для «Навінак». Газета перайшла ў фармат А3 і на двухколерны друк, яе наклад дасягаў 15 тысяч асобнікаў. Спачатку выпускі былі раз на месяц, потым — штотыдзень.
Але пасля 2000 года, калі ўлады ўсталявалі практычна поўны кантроль за распаўсюдам прэсы, для выдання надышлі цяжкія часы. Верхняя планка накладу цяпер сягала ўсяго чатырох тысяч. З сярэдзіны 2001 года ў газеце з’явілася аналітычная ўкладка, прысвечаная міжнароднай палітыцы і сацыяльным праблемам у грамадстве.


У «Навінак» не было нейкай пастаяннай рэдакцыі ў пэўным месцы. У найлепшыя часы для выдання пісала каля 15 чалавек. З нумара ў нумар друкавалася абвестка: «Запрашаем для пастаяннага супрацоўніцтва аўтараў і мастакоў, для якіх няма нічога святога». Каманда вандравала з аднаго памяшкання ў іншае — і такіх «штабоў» давялося памяняць нямала праз частыя канфлікты з суседзямі, бо праца журналістаў-анархістаў над чарговым нумарам часта вялася ў фармаце п’янкі. Калі грошы на алкаголь заканчваліся, супрацоўнікі бралі стос газет, прадавалі іх па дарозе ў краму, а пасля вярталіся з дабаўкай у «штаб».
Пра што пісалі?
«Жорсткі трэшавы сцёб з палітычных рэаліяй, кліпавы мантаж, палітычная карыкатура на мяжы непрыстойнасці, максімальна ангажаваная падача навін, сатырычныя коміксы, палітычныя і культуралагічныя правакацыі», — так ахарактарызаваныя змест і стылістыка «Навінак» на сайце беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org.
Аўтары сатырычнага выдання не шкадавалі ні ўлады, ні апазіцыі. Павел Канавальчык, расказваючы пра працу над «Навінкамі», так апісваў мэты іх стваральнікаў:
— Газетай мы хацелі справакаваць у чытачоў самастойнае мысленне, заахвоціць да дыскусіі, што лідары апазіцыі — не ўвесь беларускі народ.



Шмат у чым змест «Навінак» быў падобны да зместу цяперашняй парадыйнай «Советской Белоруссии» (праўда, гумар цяпер звычайна танчэйшы). Аўтары іранізавалі з надзённай павесткі, часта даводзячы да абсурду стылістыку і дзяржаўных, і апазіцыйных СМІ.
Праблем у газеты праз яе змест хапала, але судзіцца з ёй ніхто не хацеў: гэта значыла б распісацца ў адсутнасці пачуцця гумару.
Чаму выданне закрылі?
У траўні 2003 года выхад «Навінак» быў часова прыпынены. Прычынай былі парушэнне, на думку Міністэрства інфармацыі, «маральных нормаў грамадства» і абраза прэзідэнта Лукашэнкі — выданне атрымала два папярэджанні. Прычынай для аднаго з іх стала слова «срака». Яно выкарыстоўвалася у перадрукаваным газетай вядомым тэксце «Срака Хэнка», закліканым падкрэсліць абсурднасць сляпой перакананасці ў якіх-кольвек догматах. Гэты першапачаткова англамоўны мем на той час ужо некалькі гадоў гуляў па інтэрнэце.


Фактычна папера з Мінінфарма забараняла выданню выкарыстоўваць слова «срака» ў публікацыях. Улетку 2003-га рэдакцыя «Навінак» абскардзіла гэтае абмежаванне ў судзе. Разгляд справы атрымаўся вясёлым: забароненае слова прагучала больш за 20 разоў, і да канца паседжання смяяліся ўсе, уключаючы сакратара і самога суддзю. Але аднавіць рэгістрацыю гэта не дапамагло — заставалася толькі чакаць, пакуль не скончыцца тэрмін прыпынення.
Усё гэта не стала нечаканасцю для стваральнікаў газеты. Наступ уладаў на свабоду слова і недзяржаўныя СМІ доўжыўся ўжо некалькі гадоў. У тым жа 2003 годзе ўлады закрылі і іншае папулярнае незалежнае выданне — БДГ («Беларускую дзелавую газету»).
Праз тры месяцы рэгістрацыю вярнулі, але «Навінкі» ўжо не змаглі заключыць дамову на друк ні з адной беларускай друкарняй. З канца 2003 года яны выходзілі толькі эпізадычна, у фармаце глянцавага каляровага часопіса «Навінкі magazine». Але ён абыходзіўся вельмі дорага, і заснавальнікі не пацягнулі такіх выдаткаў. Так культавая беларуская сатырычная газета спыніла сваё існаванне.
Чытайце таксама


