Украінскія фатографы Улада і Канстанцін Ліберавы апублікавалі ў сваім Instagram фота і сторыс з Курскай вобласці, дзе з 6 жніўня ідуць баявыя дзеянні.
На фота — расійскія салдаты, якія толькі трапілі ў палон і якіх ужо вязуць ва Украіну для далейшага абмену.
На пытанне Улады Ліберавай пра тое, колькі расійскіх салдат удалося ўзяць у палон, украінскі вайсковец губляецца і адказвае: «Ой, дах**на!»
— Відаць, столькі ў палон яшчэ не бралі, як тут — вельмі шмат, — дадае баец УСУ.
Паводле яго, расійскія вайскоўцы не матываваныя абараняць сваю краіну.
— У іх няма духу. Ні ў чачэнцаў, ні ў гэтых (расіян. — Заўв. рэд.). Могуць пастраляць трошкі, але потым разумеюць — трэба здавацца, — расказвае баец.
Сам ён прызнаецца, што адчуў сябе шчаслівым, калі апынуўся ў Курскай вобласці.
— Я быў шчаслівы, што вайна будзе не на нашай тэрыторыі, а на гэтай праклятай зямлі.
Раней The Washington Post публікаваў рэпартаж з адной з украінскіх турмаў, праз якую за 10 дзён прайшлі 320 захопленых у палон у Курскай вобласці РФ расійскіх вайскоўцаў. Амаль усе яны — тэрмінавікі, толькі 20% назваліся кантрактнікамі ці мабілізаванымі. З гэтай турмы палонных адпраўляюць далей углыб Украіны, каб потым абмяняць на ўкраінскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў палон.
The Independent напісаў, што УСУ ў Курскай вобласці ўдалося захапіць у палон каля дзвюх тысяч расійскіх вайскоўцаў.