Опубликовано 2 сакавiка 2023 у 16.29
Адрес в интернете: https://br0wse-zerkalo.site/news/world/33797.html    

Лукашэнка шукае ў Кітая абароны ад Расіі, армія РФ спрабуе арганізаваць наступ у раёне Запарожжа і Херсона. Галоўнае са зводак

У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што за суткі на Данецкім напрамку знішчылі 270 украінскіх вайскоўцаў. У Генштабе УСУ паведамілі, што армія РФ на асобных участках Запарожскай і Херсонскай абласцей спрабуе стварыць умовы для пераходу ў наступ. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны адзначылі, што армія Расіі не ў стане вучыцца на сваіх памылках, і гэта не дае ёй праводзіць эфектыўныя наступальныя аперацыі.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 372-і дзень вайны ва Украіне.

Генштаб УСУ: адбілі больш за 170 атак на пяці напрамках

Расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на вядзенні наступу на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі УСУ адбілі больш за 170 атак праціўніка на названых напрамках, паведамляе ўкраінскі Генштаб у ранішняй зводцы.

— Расійскія войскі нанеслі 14 ракетных і 21 авіяцыйны ўдар, у прыватнасці задзейнічалі два БПЛА «Шахед-136», правялі 58 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пацярпелі цывільныя аб’екты на Харкаўшчыне, Палтаўшчыне і Данеччыне. Ёсць параненыя сярод мірнага насельніцтва.

— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік абстраляў 21 населены пункт.

— На Купянскім і Ліманскім напрамках расіяне вялі наступальныя дзеянні ў раёнах населеных пунктаў Крамянная і Белагораўка Луганскай вобласці і Спірнае ў Данецкай вобласці, поспеху не мелі. З артылерыі абстралялі 10 населеных пунктаў.

— На Бахмуцкім напрамку праціўнік працягвае наступаць, штурмуе Бахмут. Украінскія абаронцы адбілі атакі ў раёнах населеных пунктаў Арэхава-Васільеўка, Дубава-Васільеўка, Бахмут і Іванаўскае. Варожым абстрэлам падвергліся дзевяць населеных пунктаў.

— На Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках праціўнік беспаспяхова спрабаваў наступаць у кірунку населеных пунктаў Каменка, Паўночнае, Вадзяное, Невельскае і Мар'інка, абстраляў раёны 10 населеных пунктаў.

— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі абараняюцца, на асобных участках спрабуюць стварыць умовы для пераходу ў наступ. Расійская артылерыя абстраляла больш за 45 населеных пунктаў, уключаючы Херсон.

— Украінская авіяцыя за мінулыя суткі нанесла 16 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў.

— Украінскія абаронцы збілі варожы беспілотны лётны апарат тыпу «Арлан-10».

— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі нанеслі ўдары па раёне канцэнтрацыі праціўніка, двух складах боепрыпасаў і трох іншых важных аб’ектах расійскіх войскаў.

Фото: facebook/GeneralStaff.ua
Фота: facebook/GeneralStaff.ua

Мінабароны РФ: збілі Су-24, Су-25 і верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны

— На Купянскім напрамку авіяцыя, артылерыя і цяжкія агнямётныя сістэмы Заходняй групоўкі войскаў нанеслі паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Навасёлаўскае Луганскай вобласці, Масютоўка і Альшана Харкаўскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя звыш 50 украінскіх вайскоўцаў і два аўтамабілі. Таксама ў раёне населенага пункта Чырвонае Першае Харкаўскай вобласці знішчаны склад боепрыпасаў 14-й механізаванай брыгады УСУ.

— На Чырвона-Ліманскім напрамку актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр», ударамі авіяцыі, артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм пабітыя жывая сіла і тэхніка падраздзяленняў УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ямполаўка Данецкай вобласці, Неўскае, Чырвонапапоўка і Кузьміно Луганскай вобласці. Знішчаныя да 160 украінскіх вайскоўцаў, сем баявых браніраваных машын і самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».

— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў Паўднёвай групоўкі войскаў, удараў авіяцыі і агню артылерыі за дзень знішчаныя каля 270 украінскіх вайскоўцаў, шэсць баявых машын пяхоты, тры баявыя браніраваныя машыны, дзевяць аўтамабіляў, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Аўдзееўка Данецкай вобласці знішчаныя вузел сувязі і склад боепрыпасаў 110-й механізаванай брыгады УСУ.

— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках авіяцыяй і артылерыяй групоўкі войскаў «Усход» нанесенае комплекснае агнявое паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Вуглядар Данецкай вобласці, Малая Такмачка і Каменскае Запарожскай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтых напрамках склалі да 80 вайскоўцаў, адзін танк, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, а таксама гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30.

— На Херсонскім напрамку авіяцыя і артылерыя за суткі знішчылі да 80 украінскіх вайскоўцаў, 30 аўтамабіляў, гаўбіцу «Мста-Б», а таксама склад з боепрыпасамі 123-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёне населенага пункта Токараўка Херсонскай вобласці.

Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 89 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 195 раёнах. Знішчаныя зенітны ракетны комплекс «Бук-М1» і радыёлакатар навядзення зенітнага ракетнага комплексу С-300. Збітыя самалёты Су-24 і Су-25, а таксама верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны, адзін рэактыўны снарад сістэмы залпавага агню HIMARS і 14 беспілотных лётных апаратаў.

Інстытут па вывучэнні вайны: Пуцін ператварыў Расію ў «дзяржаву-ізгоя» нават для былых саюзнікаў

Праведзенае New York Times (NYT) расследаванне катастрафічных стратаў расіян падчас нядаўняга расійскага наступу пад Вуглядарам паказвае, што расійскія вайскоўцы па-ранейшаму не ў стане хутка вырашаць праблемы, звязаныя з вялікімі стратамі асабовага складу і тэхнікі, адзначае ў свежай зводцы Інстытут па вывучэнні вайны.

Выданне паведаміла, што расійскія войскі страцілі не менш за 130 танкаў і бронетранспарцёраў (БТР) падчас трохтыднёвага наступу, што вымусіла іх звярнуцца да лабавых атак пяхоты. Расійскія падраздзяленні, дыслакаваныя ў раёне Вуглядара, у першую чаргу 155-я брыгада марской пяхоты, у асноўным укамплектаваныя дрэнна навучаным мабілізаваным персаналам, адзначаюць эксперты. Яны панеслі велізарныя страты ў гэтым раёне ў кастрычніку 2022 года і цяпер зноў — у лютым 2023 года. Гэта паказвае няздольнасць расійскіх Узброеных сіл вучыцца на сваіх памылках і пацвярджае ацэнку ISW наконт таго, што няспынныя няўдачы не дадуць расійскай арміі праводзіць эфектыўныя наступальныя аперацыі.

Аляксандр Лукашэнка і старшыня КНР Сі Цзіньпін 1 сакавіка падпісалі пакет з 16 дакументаў, якія могуць спрыяць абыходу расійскіх санкцый шляхам накіравання кітайскай дапамогі ў Расію праз Беларусь. Дакументы ўключаюць стратэгію сумеснага беларуска-кітайскага прамысловага развіцця, пагадненне аб беларуска-кітайскім навукова-тэхнічным супрацоўніцтве на 2023−2024 гады і мемарандум аб узаемаразуменні па сумесных праектах з выкарыстаннем дзяржаўных крэдытаў Кітая. Лукашэнка, імаверна, таксама збіраецца гэтымі пагадненнямі падтрымаць свае даўнія намаганні па пашырэнні кітайскага эканамічнага ўплыву ў Беларусі, каб застрахавацца ад расійскага інтэграцыйнага ціску, хоць гэтыя захады ў найлепшым выпадку адтэрмінуюць кампанію Расіі па забяспечанні поўнага эканамічнага кантролю над Беларуссю, лічаць у ISW.

У Інстытуце таксама адзначаюць, што расійскія акупацыйныя ўлады, магчыма, спрабуюць яшчэ больш абмежаваць прысутнасць Міжнароднага агенцтва атамнай энергіі (МАГАТЭ) на Запарожскай атамнай электрастанцыі, каб дамагчыся прызнання дэ-факта свайго права ўласнасці на станцыю. 10 лютага МАГАТЭ абвясціла, што адкладае запланаваную ратацыю персаналу ў складзе місіі МАГАТЭ на ЗАЭС з меркаванняў бяспекі. Між тым расійскія і акупацыйныя афіцыйныя асобы раней крытыкавалі прысутнасць МАГАТЭ на ЗАЭС, абвінавачваючы арганізацыю ў тым, што яна адыгрывае палітычную ролю на ЗАЭС для падтрымкі Украіны. У Інстытуце мяркуюць, што расійскія ўлады, імаверна, збіраюцца выкарыстоўваць альбо захоплены ў пастку персанал МАГАТЭ, альбо скарочаную прысутнасць МАГАТЭ на станцыі, каб дамагчыся міжнароднага прызнання права ўласнасці Расіі на станцыю. Яны таксама могуць паспрабаваць стрымаць магчымае будучае контрнаступленне УСУ на поўдні Украіны, прыкрываючыся пагрозай ЗАЭС.

Часопіс Politico паведаміў, што прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч, відаць, пераглядае цесныя сувязі Сербіі з Расіяй, што ў асноўным выклікана дзеяннямі ПВК Вагнера па вярбоўцы і падрыўной дзейнасці ў Сербіі. Вучыч, які раней адмаўляўся ўводзіць санкцыі супраць Расіі, але імкнецца да сяброўства ў ЕС, 1 сакавіка заявіў, што ягонай краіне «давядзецца зрабіць цяжкі выбар». Ён таксама паведаміў, што ўсе сербы, якія ваююць у складзе ПВК ва Украіне, па вяртанні дадому будуць арыштаваныя. Кіраўнік Сербіі назваў акцыі пратэсту, якія прайшлі ў Бялградзе пры падтрымцы ПВК Вагнера, антысербскімі. Выданне адзначае, што, паводле апытанняў, большасць сербаў падтрымлівае Расію, а не заходнія дзяржавы, дапускаючы, што Вучычу будзе цяжка цалкам разарваць сувязі з Расіяй. Тым часам адзін з расійскіх ваенных блогераў, каментуючы артыкул Politico, раскрытыкаваў Пуціна за ператварэнне Расіі ў «дзяржаву-ізгоя», ад якой дыстанцыююцца нават «традыцыйна брацкія краіны».

На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:

  • афіцыйныя асобы ЗША працягваюць паведамляць, што ўкраінскія сілы належным чынам выкарыстоўваюць заходнюю зброю ва Украіне;
  • расійскія войскі ўмацоўваюць пазіцыі на дзяржаўнай мяжы ў Белгародскай вобласці;

  • расійскія войскі прасунуліся ў межах Бахмута і працягвалі наземныя атакі вакол Бахмута і ў раёне Аўдзееўкі — Данецка;

  • расійскія войскі працягвалі весці наступальныя дзеянні на мяжы Купянск — Сватава — Крамянная;
  • расійскія войскі працягваюць абарончыя аперацыі на поўдні Украіны.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO