Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая заклікае як мага хутчэй дасягнуць усёабдымнага, справядлівага і трывалага міру ва Украіне ў адпаведнасці з устаноўчым Статутам ААН.
Дакумент падтрымала 141 са 193 краін-чальцоў. Супраць прагаласавалі толькі Расія, Беларусь, Сірыя, КНДР, Эквадор, Нікарагуа і Малі.
Суаўтарамі дакумента сталі 60 краін. У праекце рэзалюцыі падкрэслівалася настойлівая неабходнасць пошуку «ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру на аснове прынцыпаў Статута ААН».
Як пісала Руская служба Бі-бі-сі, у тэксце, прапанаваным Украінай сярод іншага ёсць:
- заклік да Расіі вывесці свае войскі з Украіны і спыніць вайну;
- пацверджанне «прыхільнасці суверэнітэту, незалежнасці, адзінства і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў, уключаючы яе тэрытарыяльныя воды»;
- заклік не дапускаць удараў па ўкраінскай крытычнай інфраструктуры;
- прапанова пакараць вінаватых у злачынствах, учыненых ва Украіне, «шляхам правядзення належнага, справядлівага і незалежнага расследавання і ажыццяўлення судовага пераследу на нацыянальным або міжнародным узроўні».
Свае папраўкі да праекта рэзалюцыі прапаноўвала і Беларусь. Менск запатрабаваў выключыць з рэзалюцыі згадку пра віну Расіі ў вайне, а таксама дадаць палажэнне пра тое, што мір можа быць дасягнуты шляхам перамоваў і забароны паставак зброі Украіне.
Беларусь таксама прапанавала асудзіць заходніх лідараў «адносна іх сапраўдных намераў падчас выпрацоўкі пакета мер па імплементацыі Мінскіх пагадненняў».
Абедзве папраўкі ад Беларусі адхілілі.