Партрэт стэндапера Славы Камісаранкі з’явіўся на стэндзе «Іх шукае міліцыя». Фатаграфіі стэндап-комік апублікаваў у сваім Instagram.

«Знаёмыя былі ў Мінску ў ДАІ, вось даслалі фотку», — напісаў Камісаранка і апублікаваў здымкі стэндаў «Іх шукае міліцыя».
Нагадаем, Слава Камісаранка жыве за мяжой. Ён вядомы беларускі стэндапер. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года Камісаранка не раз выказваўся пра іх фальсіфікацыю і асуджаў гвалт з боку сілавікоў супраць пратэстоўцаў. У сваіх выступах ён парадыяваў Аляксандра Лукашэнку і называў яго «Чык-Чырыкам».
30 снежня Мінскі гарадскі суд завочна асудзіў яго на шэсць гадоў калоніі па трох артыкулах КК, у тым ліку за абразу Аляксандра Лукашэнкі.