Перш чым затрымаць чалавека, сілавікі адключаюць яму мабільную сувязь, сцвярджае праваабарончы цэнтр «Вясна».
Праваабаронцы апублікавалі падрабязнасці рэйдаў, якія 31 кастрычніка адзначаліся ў розных кутках краіны.
«Стала вядома, што супрацоўнікі КДБ з розных гарадоў узялі на ўзбраенне новую стратэгію — перад затрыманнем у чалавека адключаюць мабільную сувязь праз аператара. Таму калі ў вас рэзка знікла мабільная сувязь і няма інтэрнэту — з высокай доляй імавернасці ў найбліжэйшыя хвіліны да вас прыйдуць сілавікі», — паведамілі ў «Вясне».
Нагадаем, 31 кастрычніка праваабаронцы паведамілі пра масавыя ператрусы і затрыманні ў двух райцэнтрах Беларусі.
«Нам паступае інфармацыя, што ў Смаргоні і Ваўкавыску масавыя ператрусы і затрыманні. Правяраюць інфармацыю на мабільных тэлефонах і геалакацыю тэлефонаў у 2020 годзе (імаверна, глядзяць у сваіх базах архіўныя звесткі пра рухі на аснове вышак сотавай сувязі). Калі кагосьці не было на працоўным месцы, яшчэ і выклікаюць у аддзяленне», — паведаміў тэлеграм-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
«Наша Ніва» паведаміла, што ёсць інфармацыя пра затрыманні ў Мінску і Гомелі.