У Пінску ўведзены каранцінны рэжым у сувязі з выяўленнем амерыканскага белага матылька, піша «Пінскі веснік». Цяпер гэтага шкодніка мусяць шукаць па ўсім раёне і знішчаць, у тым ліку дачнікі на сваіх участках.
Каранцін у сувязі з выяўленнем амерыканскага белага матылька (Hyphantria cunea Drurу) уведзены раённай Дзяржінспекцыяй па насенняводстве, каранціне і абароне раслін з 2 верасня. Ён уводзіцца ў межах усяго Пінска.
Цяпер кіраўнікам арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам і «ўсім фізічным асобам, якія знаходзяцца ў межах каранціннай фітасанітарнай зоны», тэрмінова трэба праверыць свае зямельныя ўчасткі і прылеглыя тэрыторыі на наяўнасць гэтага шкодніка.
Характэрная прыкмета ачага амерыканскага белага матылька — павуцінневыя гнёзды з калоніямі гусеніц. Спачатку могуць быць аплеценыя некалькі лісткоў, пазней — цэлая галінка. Разрастаючыся, гнёзды могуць дасягаць 1−1,5 м, а часам і захопліваць «у палон» цэлыя дрэвы. Выяўленыя гнёзды з гусеніцамі трэба зразаць і спальваць на месцы.
«Усе работы па лакалізацыі і ліквідацыі ачага праводзяцца за кошт землекарыстальнікаў», — гаворыцца ў публікацыі выдання.
Нагадаем, амерыканскі белы матылёк — не новая з’ява для поўдня Беларусі. Там яго заўважаюць ужо як мінімум чацвёрты год. Яшчэ ў 2021-м у Лунінцы ўводзілі каранцін на тры гады праз гэтага шкодніка. Сёлета матылькоў заўважалі, напрыклад, у Добрушскім раёне на Гомельшчыне.
Раней у рэгіёне папярэдзілі, што, калі не прыняць тэрміновых мер, праз некалькі гадоў вобласць рызыкуе застацца без зялёных насаджэнняў праз шкоднікаў.