У Гродзенскім судзе анулявалі продаж кватэры беларускі, якая з’ехала з краіны, паведамілі ў пракуратуры Гродзенскай вобласці. Прычым жылплошчу прадалі за дзевяць месяцаў да завядзення крымінальнай справы ў дачыненні да яе.
У снежні 2023 года ў Гродне Следчы камітэт распачаў крымінальную справу ў дачыненні да неназванай жанчыны за «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1 арт. 361−4 КК). У пракуратуры лічаць, што беларуска «ў 2021−2023 гадах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь спрыяла экстрэмісцкай дзейнасці».
Затрымаць жанчыну не ўдалося, бо яна з’ехала за мяжу. Да гэтага, яшчэ ў красавіку 2021 года, аформіла даверанасць на свайго брата для продажу кватэры, якая знаходзіцца ў яе ўласнасці.
«Мужчына ў сакавіку 2023 года заключыў дамову куплі-продажу кватэры, якая належыць сястры, са сваім бацькам. У выніку жылое памяшканне было прададзенае за тры тысячы рублёў», — расказалі ў пракуратуры.
Аднак там лічаць, што «названыя абставіны сведчаць пра фіктыўны характар заключанай угоды, якая была здзейсненая з мэтай пазбегнуць звароту спагнання на маёмасць абвінавачанай».
У выніку пракурор Гродна звярнуўся з пазовам у суд Кастрычніцкага раёна горада — там задаволілі заяву пракурора ў поўным аб’ёме. То-бок дамову куплі-продажу кватэры прызналі нікчэмнай, а дзяржрэгістрацыю ўгоды — несапраўднай. Рашэнне суда ўжо ўступіла ў сілу.
На жыллё накладзены арышт «з мэтай забяспечання магчымых маёмасных спагнанняў, спагнання даходу, атрыманага злачынным шляхам, забяспечання спецыяльнай канфіскацыі па справе».