У ноч з 30 на 31 ліпеня адбыўся самы масавы заход расійскіх дронаў у паветраную прастору Беларусі за ўвесь перыяд маніторынгу, сцвярджае «Беларускі Гаюн».
Паводле звестак праекта, агулам за мінулую ноч у Беларусь заляцела не менш за пяць расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «Шахед».
Першы з дронаў зайшоў у Беларусь каля 23.20 у раёне вёскі Асарэвічы Брагінскага раёна. І ўжо ў 23.50 з аэрадрома «Баранавічы» быў падняты знішчальнік ВПС РБ, які больш за гадзіну лётаў па ўсім паўднёвым усходзе Беларусі блізу памежжа.
Знішчальнік заўважалі ў раёне Рэчыцы, Гомеля і паблізу іншых населеных пунктаў на мяжы з Украінай. Ён прабыў на поўдні краіны да 01.30 ночы, але і пасля яго вяртання на «Баранавічы» «шахеды» заходзілі ў Беларусь, адзначае «Беларускі Гаюн».
Дроны-камікадзэ ўварваліся ў паветраную прастору Беларусі ў раёне пасёлка Лоеў, вёсак Асарэвічы і Кірава. Апошнія два беспілотнікі, паводле звестак праекта, зайшлі ў Беларусь каля 02.30 ночы.
Большасць дронаў пасля заходу адразу ішла ўглыб Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і далей назад ва Украіну, але адзін з дронаў праляцеў па Беларусі больш за 260 км, аж да Століна Брэсцкай вобласці.
Гэта не першы інцыдэнт з заходам расійскіх беспілотнікаў на тэрыторыю Беларусі. Толькі за ліпень фіксавалася некалькі падобных здарэнняў. Пра гэта паведамлялі і Паветраныя сілы Украіны.
Мінулай ноччу Украіна зазнала самую масіраваную атаку беспілотнікамі з пачатку вайны.