Ілюстратарку з Брэста, 38-гадовую Наталлю Левую, затрымалі пасля вяртання ў Беларусь з Польшчы, хоць у жанчыны была «даведка ад КДБ» пра выплату кампенсацыі за данаты, піша «Наша Ніва». Як паведамлялася, айцішніцу асудзілі на шэсць гадоў калоніі.
«Яна звольнілася з працы ў PL у вялікай ІТ-кампаніі. Калегі ў шоку адгаворвалі — вырашыла вярнуцца дадому. Казала, што ўжо мае даведку з КГБ пра сплачаны ў кратным памеры данат за 2020-ы. Стамілася без дому. Затрымалі на мяжы. Далі 6 гадоў калоніі за данаты. Чарговая гісторыя побач», — напісаў 22 ліпеня адзін з карыстальнікаў сацсеткі Х, а «Наша Ніва» даведалася падрабязнасці.
Ілюстратарцы Наталлі Левай 38 гадоў. Родам яна з Брэста, у 2009-м скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і народны промысел». Пайшла працаваць ілюстратаркай спачатку ў IT-кампанію Sinesis, а 2012-м у Playtika — буйную кампанію, якая распрацоўвае мабільныя гульні.
Наталля працавала там 2D-мастачкай і мастачкай-пастаноўшчыцай. Гэта даволі высокая пасада, якая добра аплачваецца, адзначае выданне. Імаверна, пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну яна выехала ў Польшчу.
Як адзначае НН, чалавек, знаёмы з сітуацыяй, напісаў у сацсетках, што жанчына звольнілася з працы ў снежні 2023-га і вырашыла ехаць у Беларусь. Калегі адгаворвалі Наталлю, але яна сказала, што вельмі сумуе па радзіме і ўжо аплаціла ў кратным памеры данаты за 2020-ы, пра што ёсць папера ад КДБ.
Наталлю затрымалі на мяжы. Звесткі пра ахвяраванні маглі знайсці ў яе банкаўскай праграме, асабістых перапісках, праграме для куплі крыптавалют, фота ці памяці тэлефона, піша выданне. Магчыма, гэта былі не тыя данаты, якія яна «кампенсавала» КДБ.
Працэс над Левай скончыўся 17 ліпеня ў Брэсцкім гарадскім судзе. Яе абвінавачвалі па трох артыкулах — «Фінансаванне вайны» (ч. 2 арт. 361−3 КК), «Фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (361−2 КК у старой рэдакцыі) і «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361−2 КК).
Тое, што суд адбыўся менавіта над Наталляй, «Наша Ніва» дадаткова пацвердзіла з дапамогай праекта Digital Intelligence Team і базаў «Кіберпартызан».
Нагадаем, жанчыну асудзілі на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму са штрафам 1000 базавых велічынь (40 000 рублёў).