Са студзеня гэтага года ў інтэрнатах БДУІР як мінімум тры студэнты скончылі жыццё самагубствам. Пра гэта «Люстэрку» расказаў хлопец, які жыве ў адным з інтэрнатаў універсітэта. Суразмоўца скардзіцца, што падрабязнасці трагедый студэнтам не паведамляюць, а псіхалагічную дапамогу, з ягоных словаў, не прапаноўваюць. Расказваем, што адбылося.
Што адбылося?
Антон (імя змененае) кажа, што ў канцы студзеня адзін са студэнтаў БДУІР скончыў жыццё самагубствам у інтэрнаце № 1.
— Ягоныя знаёмыя кажуць, што ён моцна перажываў праз пераздачу і высяленне з інтэрната, — расказвае суразмоўца. — А ў пачатку сакавіка іншы студэнт саскочыў з 12-га паверха гэтага інтэрната. Пра прычыны нічога не вядома. Былі відавочцы гэтага выпадку. Як толькі ў чаце інтэрната пачалі абмяркоўваць гэта (пыталі, адкуль крыкі), рэзка ўсе сталі выдаляць паведамленні, бо нібыта чаты будуць правяраць. А лепш бы звярнулі ўвагу на стан студэнтаў: многія пра гэта ведаюць і гавораць і відавочна перажываюць. Толькі праз пару дзён пасля другога выпадку адміністрацыя пачала правяраць чысціню пакояў і наведвальнасць ва ўніверы, нібыта гэта нешта вырашыць. Я разумею, што за ўсімі не ўсачыць, але ні разу псіхолаг ва ўніверсітэце не праводзіў з намі працу, а і паступленне, і экзамены — гэта ж такі стрэс.
Яшчэ адно самагубства, паводле словаў Антона, адбылося 10 сакавіка. Хлопец забіў сябе ўжо ў інтэрнаце № 2. Пра гэта «Люстэрку» расказала і адна са студэнтак БДУІР Марыя (імя змененае):
— Пра гэта выкладчыкі не расказваюць, я даведалася праз сваіх аднагрупнікаў. Не ведаю, якія дакладна меры прымае адміністрацыя, але ўсіх суседзяў таго хлопца з другога інтэрната перасялілі, а сам блок закрылі на год.
Паводле дзяўчыны, хлопец, што забіў сябе ў інтэрнаце № 2, вучыўся на першым курсе. Больш нічога пра яго яна не ведае — інфармацыю пра трагедыі навучэнцам не паведамляюць.
— Вядома, думаю, пасля такіх навінаў ва ўсіх быў шок, — упэўненая яна. — Але калі асабіста з чалавекам не знаёмы, яно па-іншаму ўспрымаецца. Магчыма, у інтэрнатах больш панурая атмасфера, але сама не жыву там, таму не ведаю дэталяў.
Што кажа адміністрацыя інтэрната?
Як усхваляваная сітуацыяй мама адной са студэнтак БДУІР журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў інтэрнат № 1. Загадчыца Алена Прадэус сказала, што інфармаваць студэнтаў пра тое, што здарылася, адміністрацыя не збіралася, а вось псіхалагічную дапамогу ім заўсёды гатовыя даць.
— Мы не павінныя нічога такога тлумачыць [што адбываецца], — заявіла яна. — Калі ў вашага дзіцяці ёсць нейкія праблемы, у нас тут проста ў інтэрнаце працуе псіхолаг. Калі трэба нейкую працу правесці, вядома, можам гэта зрабіць. На сваім узроўні я прагаворвала ўсе гэтыя пытанні. Казала, што, што б ні адбылося ў жыцці, думайце не толькі пра сябе, а яшчэ пра тое, што ў вас ёсць мамы, браты і сёстры, думайце пра наступствы, якія могуць быць. А наогул вы ўсе маладыя, і ў вас мусіць быць жаданне ўбачыць заўтрашні дзень, дабіцца чагосьці новага. І няважна, калі нешта не атрымалася. Не атрымалася сёння — атрымаецца заўтра. То-бок вось такія гутаркі мы вядзём, але не абмяркоўваем тых рэчаў, якія зробленыя, скажам так, няправільна. Таму не думаю, што трэба такія рэчы папулярызаваць і выстаўляць напаказ.
Разважаючы пра прычыны некалькіх трагедый, загадчыца запэўніла: усё, што адбываецца, не мае дачынення да ўніверсітэта.
— У галаву кожнаму дзіцяці мы не залезем, — лічыць яна. — Зразумела, мы не правакуем такіх рэчаў. <…> Гэта дакладна ніяк не звязана, што тут хтосьці некага да нечага прымушае альбо стварае такія ўмовы для гэтага. І, скажам так, няма такога, што тут нейкія забароненыя рэчы адбываюцца. Нічога такога падобнага і блізка не дапускаем. Наогул у нас усе досыць добразычлівыя.
Паводле Алены Прадэус, у прычынах трагедый цяпер разбіраюцца следчыя органы.
Калі ў вас складаная жыццёвая сітуацыя і ўзнікаюць думкі пра суіцыд, то выйсце ёсць. Патэлефануйце на кругласутачныя тэлефоны даверу. Гэта ананімна і бясплатна.
Мінск: +375 17 352 44 44;
Брэсцкая вобласць: +375 162 25 57 27;
Віцебская вобласць: +375 212 61 60 60;
Гомельская вобласць: +375 232 31 51 61;
Гродзенская вобласць: +375 152 75 23 90;
Мінская вобласць: +375 17 270 24 01;
Магілёўская вобласць: + 375 22 71 11 61.
Чытайце таксама


