Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. Эксперты привели доказательства того, что война в Украине не зашла в тупик, и рассказали, для чего армии РФ Днепропетровская область
  2. «Огромная стена воды поднялась из-за горизонта». 20 лет назад случилось самое страшное цунами в истории — погибла почти четверть миллиона
  3. По «тунеядству» вводят очередное изменение
  4. Российский олигарх рассказал, что Лукашенко национализировал его активы на 500 млн долларов
  5. В Минске огласили приговор основателю медцентра «Новое зрение» Олегу Ковригину. Его судили заочно
  6. В торговле Беларуси с Польшей нашелся аномальный рост по некоторым позициям — словно «хапун» перед закрывающимся железным занавесом
  7. «Спорные территории», «пророссийское государственное образование» и «новые регионы РФ». Как Россия хочет поделить Украину
  8. В 2025 году появится еще одно новшество по пенсиям
  9. Растет не только доллар: каких курсов ждать до конца ноября. Прогноз по валютам
  10. В Вильнюсе во двор дома упал и загорелся грузовой самолет DHL — начался пожар, есть жертвы
  11. «Посмотрим, к чему все это приведет». Беларуса заставляют подписаться за Лукашенко, а он отказывается, несмотря на угрозы


Валянціну Міронаву, маці гомельскага валанцёра Іллі Міронава, следчыя абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмізму» — гэтак яны трактавалі дапамогу пенсіянеркі знаёмым у СІЗА. Цяпер яна знаходзіцца ў Літве. Жанчына расказала «Радыё Свабода», як у 73 гады была вымушаная ўцякаць з радзімы і пачынаць жыццё з нуля ў іншай краіне.

Валянціна Міронава. Фота: "Радыё Свабода"
Валянціна Міронава. Фота: «Радыё Свабода»

Валянціна Міронава мае двух дарослых сыноў. Адзін з іх — вядомы гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Пасля турэмнага тэрміну і шматлікіх «сутак» Ілля мусіў уцякаць за мяжу. Калі актывіст ужо быў у Вільнюсе, на яго завялі шэраг чарговых крымінальных спраў. Маці таксама не давалі супакою. Рэгулярна прыходзілі міліцыянеры з Савецкага РАУС Гомеля, дапытвалі яе як «сведку» ў справе сына, рабілі ператрусы, забіралі тэхніку і тэлефоны.

— Усё пыталіся, мо прыехаў сын. Я адказвала, што катэгарычна забараніла яму ехаць сюды, нават калі я памру. «Але як я не маю больш у Гомелі блізкіх, то запрашаю вас усіх, калі што, на маё пахаванне», — так я сказала міліцыянтам, — успамінае Валянціна.

У міліцыянераў былі прэтэнзіі і да яе — у тэлефоне шукалі падпіскі ці перапіскі з «экстрэмізмам». Некалькі разоў Валянціна трапляла ў ізалятар часовага ўтрымання, мела суды і штрафы і бясконцую ўвагу ад міліцыі. 22 студзеня яна вярнулася з Вільнюса, дзе наведвала сына. Назаўтра па яе прыйшлі супрацоўнікі КДБ.

Атрыманне прадуктаў, падтрымка знаёмых у СІЗА

Валянціна кажа, што да яе прыйшлі недзе а сёмай раніцы. Гэта былі супрацоўнікі КДБ і міліцыі. «Цэлы натоўп быў», — расказвае суразмоўца.

— Асабліва нічога не шукалі, ды ўжо ж колькі можна шукаць, колькі было ператрусаў! Знайшлі і забралі ўсе мае сродкі — 1200 долараў. Я кажу, што я «чыстая» перад законам, што гэта грошы ад продажу дома, што ўсё магу паказаць на рахунках банку, — расказвае Валянціна.

Пытанні супрацоўнікаў КДБ тычыліся ініцыятывы Dissidenty.by, якая дапамагае палітзняволеным. Пыталіся і канкрэтна пра адну з арганізатарак ініцыятывы Марыну Касінераву.

— Я недзе чула такое прозвішча, недзе ў СМІ, але асабіста не знаёмая, так і сказала ім, — зазначыла Валянціна.

Яна кажа, што супрацоўнікі КДБ былі добра падрыхтаваныя да допыту, мелі шмат якой інфармацыі, датычнай рахункаў Валянціны ў банках, пераводаў і іншага. На допыце пыталіся, чаму яна насіла перадачы ў СІЗА для Дзмітрыя Папова (фігурант «справы Ціханоўскага», атрымаў на судзе 16 гадоў зняволення. — РС), чаму паклала на рахунак Ларысы Шчыраковай (палітзняволеная гомельская журналістка. — РС) 5 рублёў на яе дзень народзінаў, чаму перавяла 30 рублёў для Андрэя Толчына (зняволены гомельскі журналіст. — РС).

— Бо гэта мае знаёмыя, таму я так зрабіла, — тлумачыць Валянціна.

Таксама супрацоўнікаў КДБ хвалявала, чаму яна перадавала перадачу ў СІЗА палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк. Валянціна кажа, што чытала пра яе ў СМІ, яе кранула гісторыя зняволенай, было шкада чалавека, таму і занесла перадачу ў турму.

Пастанова следчага на імя Валянціны Міронавай. Фота з архіва
Пастанова следчага на імя Валянціны Міронавай. Фота з архіва

Распытвалі сілавікі і пра харчы, якія Валянціна атрымлівала праз сэрвіс «Е-дастаўкі». Па словах жанчыны, супрацоўнік КДБ заявіў, што аплата была з ЗША, Літвы і Польшчы.

— Я патлумачыла, што адзін мой сын жыве ў Польшчы, ён мне прапанаваў аплачваць прадукты, каб дапамагаць мне. Я пагадзілася. Чаму аплаты былі з ЗША, я не ведаю, гэтым усім сын займаўся, — зазначыла беларуска.

Па словах Валянціны, допыт цягнуўся да 19.00 23 студзеня. Гэта было ў будынку Савецкага РАУС Гомеля. Там жа міліцыянеры «знянацку» знайшлі ў тэлефоне жанчыны падпіску на групу «Стоп Лука». Яна кажа, што чысціла свой тэлефон, не мела там «экстрэмізму» і не падпісвалася на такую групу. Але даказаць у міліцыі гэта складана. На яе напісалі пратакол за «экстрэмізм» і хацелі адвезці ў ІЧУ.

— Ужо пачалі казаць, каб здымала ўпрыгажэнні, але той супрацоўнік КДБ чамусьці «заступіўся», «замовіў слова», як ён мне казаў, і мяне адпусцілі, — дадала Валянціна.

«Няхай будзе што будзе»

На суд паводле адміністрацыйнага пратаколу за «экстрэмізм» Валянціна мусіла з’явіцца 2 лютага.

— Казала знаёмым, што ўпаду там на падлогу і буду крычаць, што я не падпісвалася на «Стоп Лука». Але, зразумела, гэта такія змрочныя жарты, бо што б гэта дало? — кажа Валянціна Міронава.

29 студзеня яе выклікалі ў Следчы камітэт на вуліцы Рабочай у Гомелі.

Там далі азнаёміцца з пастановай, што яна цяпер падазраваная ў крымінальнай справе за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, частка 2 артыкулу 361−4 КК, і ёй пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Там жа мусіла даць падпіску аб нявыездзе.

— Зноў пыталіся пра «Дысідэнты», пра INeedHelp, але я нічога не ведаю, што я магу расказаць? — гаворыць суразмоўца.

Па словах Валянціны Міронавай, нават атрымаўшы пастанову, яна не хацела выязджаць з Беларусі, хоць яе аб гэтым і прасілі сябры.

— Я вырашыла, што няхай будзе што будзе. Нікуды не паеду, бо гэта ж квіток у адзін бок! Я казала, што я не хачу паміраць на чужыне. А знаёмы сказаў, што лепш памерці на свабодзе, чым у турме, — кажа Валянціна.

Рашэнне жанчына ў выніку змяніла, выехаць з Беларусі дапамаглі неабыякавыя людзі. Валянціна кажа, што яны спачатку дазволілі ёй ехаць з вялікім чамаданам, потым сказалі, што трэба меншы, затым параілі браць маленькі заплечнік. Эвакуацыяй займаўся фонд BYSOL.

— Я ім вельмі ўдзячная! Я не магу сказаць, дзе і як я ехала, але яны проста вялі мяне за руку на ўсім маім шляху. Мае сябры жартавалі: «Дзе б ты спазнала такіх прыгод і такога падарожжа?»

Мне ўсім дапамаглі на ўсім шляху людзі з BYSOL. Адзінае, што мне было цяжка, — я не надта разбіраюся ў тэлефоне, у аплікацыях розных, але мне дапамагалі, выбралася, — дзеліцца суразмоўца.

У дарозе яна выпадкова сустрэлася з маладым беларусам, які таксама ўцякаў з радзімы.

— Нездарма ён мне адразу спадабаўся. Калі мы прайшлі, так скажам, розныя выпрабаванні, ён мне сказаў: «Не бойцеся, усё засталося ззаду», і толькі тады мы разгаварыліся, і я зразумела, што ён таксама ўцякае з Беларусі, — кажа Валянціна.

Цяпер яна ў Літве, побач з сынам Ільём, пачынае жыццё з нуля. Апошнія грошы забралі супрацоўнікі КДБ.

— Але я ні пра што не шкадую. Я рабіла тое, што было ў маіх сілах, я старалася дапамагаць людзям, — дадала Валянціна.