Беларус Аляксандр Паршанкоў другі год піша доктарскую ў Карлавым універсітэце. Ён дактарант філасофскага факультэта, дзе ў чацвер, 21 снежня, адзін са студэнтаў усчаў страляніну. У гэты момант беларус знаходзіўся за пяць хвілін хады ад будынка ВНУ.
Паводле Аляксандра, трагедыя адбылася каля 15.00 па Празе. У Мінску ў гэты час было 17.00. З дактарантам мы стэлефаноўваемся ўжо ўвечары.
— Я цяпер ля будынка факультэта, тут усё абгарадзілі. На ўсіх паверхах гарыць святло, — апісвае сітуацыю з месца падзей Аляксандр і тлумачыць, чаму ён цяпер побач з універсітэтам. — Гэта мой факультэт. Два гады пішу тут доктарскую. За гэты час гэтае месца стала адным з маіх дамоў. Хачу зразумець, як тут усё выглядае цяпер.
Пра тое, што ў ВНУ нешта здарылася, Аляксандр даведаўся ад журналісткі аднаго з чэшскіх выданняў. Яна патэлефанавала яму, каб спытаць: «Ці праўда на факультэце спецназ?», і ўдакладніць: «Што яны там робяць?»
— Пасля гэтага я пачаў перапісвацца з хлопцамі і дзяўчатамі ў студэнцкіх чатах. Паралельна напісаў сяброўцы, яна сказала: «Там страляніна». Больш яна нічога не ведала, — аднаўляе ход падзей суразмоўца. — У цэнтры горада пачалі перакрываць рух, але ніхто не разумеў, што адбываецца.
Са словаў Аляксандра, на факультэце цяпер перыяд, калі перад сесіяй праходзяць апошнія заняткі, «хтосьці пачынае нешта ўжо здаваць». Сам беларус апошні раз быў тут у аўторак. У той дзень даволі шмат людзей знаходзілася ў будынку. Аяксандр мяркуе, што ў чацвер тут таксама было шматлюдна.
— У чатах пісалі, што адзін са студэнтаў прыйшоў на факультэт са зброяй і на калідоры трэцяга паверха адкрыў агонь па людзях. Магчыма, падзеі развіваліся яшчэ і на чацвёртым паверсе, — пераказвае абмеркаванні студэнтаў суразмоўца. — Людзі пачалі хавацца хто куды. Хтосьці выбягаў на вуліцу з паднятымі рукамі, хтосьці выходзіў на дах — на чацвёртым паверсе ёсць такая магчымасць. Былі тыя, хто хаваўся, седзячы на чацвёртым паверсе на парапеце.
Пазней з’явілася інфармацыя, што нападнік — студэнт філасофскага факультэта. Аляксандр з ім не знаёмы.
— У чатах пішуць, магчыма, ён быў не зусім здаровы, — кажа беларус. — Чуў, што пасля ўсяго ён стрэліў сабе ў горла.
Students hiding during a shooting at Charles University in Prague, Czech Republic, earlier today. pic.twitter.com/qN0Ns46OCM
— Morbid Knowledge (@Morbidful) December 21, 2023
На пытанне, як ён мог пранесці на факультэт зброю, Аляксандр адказвае так:
— Гэта не праблема, [у будынак] хто заўгодна мог зайсці. У нас на ўваходзе сядзяць два вахцёры, якія нібыта правяралі «айсікі» (студэнцкія білеты. — Заўв. рэд.), але ў мяне, напрыклад, за два гады навучання яго не пыталі ніколі. Але трэба ўлічваць — гэта філасофскі факультэт. Тут атмасфера свабоды. Думаю, цяпер у нас зменіцца сістэма бяспекі. Будуць прынятыя меры, каб узмацніць ахову. Але наўрад ці гэта да нечага прывядзе.
Што будзе заўтра з парамі, Аляксандр не ведае. Думае, «будуць нешта вырашаць», магчыма, заняткі адменяць.
Пакуль рыхтаваўся тэкст, на электронную пошту Аляксандр, як і астатнія хлопцы і дзяўчаты, якія вучацца на факультэце, атрымаў ліст, дзе сказана, што кіраўніцтва адмяняе ўсе заняткі і мерапрыемствы з чаканай наведвальнасцю больш за 20 чалавек.
— Трэба разумець, тут філасофскі факультэт адрозніваецца ад нашага. Гэта адзін з чатырох першых факультэтаў Карлавага ўніверсітэта, заснаваны яшчэ за Карлам. І тут усё — філалогія, гісторыя, сацыялогія, псіхалогія, — пералічвае Аляксандр. — Цяпер тут усе ў шоку. Такога ніхто не мог чакаць. Гэта ціхая Прага.
Сярод знаёмых беларуса пацярпелых і параненых няма.
— На філасофскім факультэце вучацца і іншыя беларусы. Мы з імі на сувязі. Ніхто з іх не пацярпеў: у момант трагедыі нікога ў будынку не было, — адзначае суразмоўца.
Нагадаем, удзень 21 снежня ў Карлавым універсітэце ў выніку масавай страляніны загінула 10 чалавек, прынамсі 20 чалавек атрымалі раненні. Пазней стала вядома, што загінулых — не менш за 15.