Колькасць чалавек у спісе палітвязняў пастаянна змяняецца: то расце праз новыя арышты, то змяншаецца — пасля вызвалення людзей. На 12 верасня ў нашай краіне іх 1517 чалавек. Да «палітычных» у калоніях і СІЗА стаўленне асаблівае: вешаюць жоўтыя біркі, ствараюць невыносныя ўмовы ўтрымання, пазбаўляюць перапіскі. У такіх умовах можа падацца, што лепш не прыцягваць увагі: не расказваць пра арышт чалавека і наогул не прызнаваць яго ці яе палітвязнем. Але ці ўплывае насамрэч такі статус на ўмовы ўтрымання за кратамі? Ці могуць затрыманага перастаць лічыць «палітычным», калі яго родныя супраць? І наколькі слушнае меркаванне, што калі трымаць у таямніцы арышт, то і тэрмін чалавек атрымае меншы? Пагаварылі пра гэта з праваабаронцай «Вясны».
Мы не называем імя суразмоўніцы з меркаванняў бяспекі.
«Гэта фіксацыя рэпрэсій дзяржавы супраць грамадзян»
— У большасці выпадкаў, калі нам паведамляюць, што чалавек затрыманы па крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА, адначасова з гэтым просяць прызнаць яго палітвязнем, — расказвае суразмоўніца. — Сітуацыі, калі сваякі паведамляюць пра факт крымінальнага пераследу, але просяць не ўключаць блізкага ў наш спіс, бываюць вельмі рэдка. У такім выпадку мы ўсё роўна працуем па кейсе і чакаем. І ўжо пасля суда, напрыклад, даём яму гэты статус. Альбо бывае так, што наконт аднаго і таго ж чалавека да нас звяртаюцца розныя людзі. Умоўна, бацькі могуць быць катэгарычна супраць, а муж ці жонка піша: «Калі ласка, нам патрэбная максімальная агалоска». І мы прызнаём яго ці яе палітвязнем.
Часцей за ўсё, адзначае суразмоўніца, калі родныя супраць публічнасці, яны проста не звяртаюцца да праваабаронцаў і СМІ. І пра такога чалавека проста нічога не вядома да суда. А далей, калі фактаў будзе дастаткова (напрыклад, асудзілі па 342-м артыкуле КК), асуджанага ўнясуць у спіс палітвязняў і без згоды яго блізкіх.
— Часам, нават калі родныя супраць, інфармацыя ўсё роўна становіцца публічнай. Напрыклад, ад сяброў ці блізкіх, якія хочуць, каб справа атрымала агалоску, ад іншых ініцыятываў і СМІ, ад тых, хто выйшаў на волю, і гэтак далей, — расказвае праваабаронца. — І тады, пры наяўнасці дастатковых падставаў, мы прызнаём такога чалавека палітвязнем нягледзячы на меркаванне родных. Трэба разумець, што гэты статус не даецца на жаданне затрыманага і не адбіраецца пры нежаданні родных і яго самога. Гэта фіксацыя рэпрэсій дзяржавы супраць грамадзян. І калі кагосьці прызналі палітвязнем, то ён ці яна перастае ім быць толькі пасля выхаду на волю. На просьбу родных ці самога чалавека пазбавіць гэтага статусу мы не можам, бо не можам адмаўляць аб’ектыўны факт рэпрэсій.
Як адзначае суразмоўніца, такія просьбы таксама паступаюць, хоць і даволі рэдка. У такім выпадку сваякам тлумачаць, чаму важна фіксаваць рэпрэсіі, і тое, што ўнясенне чалавека ў спіс палітвязняў часцей за ўсё не ўплывае на рашэнне суда і на стаўленне да яго адміністрацыі калоніі. І ўжо дакладна нікога не выкрэсліваюць.
— Мы разумеем, што людзі баяцца паведамляць праваабаронцам пра затрыманага па крымінальнай палітычнай справе блізкага чалавека ў першую чаргу праз страх узмацнення рэпрэсій, — прызнаецца экспертка. — Іх могуць запалохваць гэтым следчыя, напрыклад. Але практыка паказвае, што атрыманне такога статусу не пагаршае сітуацыі. Бо для людзей, якія прымалі рашэнне завесці крымінальную справу, якія затрымлівалі, якія кантралююць чалавека ў ІЧУ і СІЗА, якія выносяць прысуд, ён і так палітычны. І стаўленне з моманту затрымання будзе такім незалежна ад таго, калі ягонае імя з’явіцца ў публічным спісе палітвязняў.
«Чалавек адседзеў паўтара года і сам напісаў нам»
Паводле досведу «Вясны», удакладняе суразмоўніца, на прысуд унясенне ў спіс не ўплывае.
— Напрыклад, мы даведаліся, што двух сяброў затрымалі па «канвеерным» 342-м артыкуле, вылічыўшы па фота, — расказвае яна. — Тады мы ўнеслі іх у спіс палітвязняў. А з раскладу суда аказалася, што іх было трое, проста нам не паведамілі пра яшчэ аднаго чалавека. У выніку ім усім далі, умоўна, па тры гады «хатняй хіміі». Выходзіць, што розніцы ніякай, тэрміны аднолькавыя. Бо насамрэч яны больш залежаць ад цяжару, ад набору эпізодаў: засвяціліся вы на адной акцыі ці на пяці.
Нічога не мяняецца і пасля суда, упэўненая праваабаронца.
— Мяркуючы з тых звестак, якія паведамляюць нам, няма розніцы, трапіў чалавек у калонію ўжо будучы ў нашым спісе ці пра яго ніхто не ведаў, — расказвае яна. — Ён туды паступае ўжо як асуджаны па «палітычных» артыкулах. Ім усім вешаюць жоўтыя біркі і ставяць на ўлік як схільных да экстрэмізму. Зразумела, што сярод наогул усіх палітычных зняволеных ёсць самыя медыйныя, да каго праз дадатковую публічнасць стаўленне будзе яшчэ горшае. Але гэта тыя, хто даўно на слыху. У астатнім у нас няма інфармацыі пра дадатковы ціск, тут рэч хутчэй ва ўстанове, дзе знаходзіцца чалавек. У нейкай калоніі стабільна кепскае стаўленне, у іншай сітуацыя іншая.
У асобных калоніях, удакладняе суразмоўніца, ёсць практыка праглядаць СМІ і накладваць санкцыі на тых, пра каго актыўна расказваюць. У такіх выпадках родныя пішуць і просяць не прыцягваць асаблівай увагі. Тады праваабаронцы, усведамляючы рэаліі ў той ці іншай установе, звычайна ідуць насустрач і перастаюць публікаваць навіны пра чалавека. Але і ў такім выпадку ён ці яна застаецца ў спісе палітвязняў.
— Нават улічваючы тое, што «Вясна» прызнаная экстрэмісцкім фарміраваннем, людзі ўсё роўна знаходзяць спосабы паведаміць нам інфармацыю, — дадае суразмоўніца. — Была нават сітуацыя, калі чалавек адседзеў паўтара года за абразу Лукашэнкі, па-мойму, а мы пра яго даведаліся толькі калі ён вызваліўся. Прычым ён сам напісаў нам. Бо яму было важна расказаць пра тое, што з ім адбылося, але ён не мог гэта зрабіць, пакуль быў у зняволенні, бо родныя былі супраць.
Суразмоўніца падкрэслівае: паведамляць пра справу праваабаронцам важна і ў інтарэсах саміх затрыманых і асуджаных. Бо хтосьці быў прызнаны палітвязнем і атрымаў такі самы тэрмін, як і іншы чалавек, пра якога нічога не ведалі. У выніку аднаму пішуць лісты, дапамагаюць пасылкамі і пераводамі, а другі спраўляецца з усім сам. А потым абодва выходзяць на волю, але першы можа выехаць, адаптавацца і паправіць здароўе, а другі застаецца сам-насам са сваёй праблемай.
— Таму мы заклікаем родных і блізкіх затрыманых па палітычных матывах паведамляць пра гэта, — кажа яна. — А не трымаць усё ў таямніцы, чаго так дамагаюцца сілавікі. Калі страшна перадаваць паведамленні самастойна, знаходзячыся ў Беларусі, папрасіце сваіх сяброў, якія жывуць за мяжой, трымаць кантакт з праваабаронцамі. А калі чалавек ужо адбыў тэрмін або знаходзіўся ў СІЗА па палітычнай справе, пра гэта таксама трэба паведамляць. Бо рэпрэсіі важна фіксаваць нават постфактум.
Чытайце таксама


