Даклад пра катаванні ў Савецкім РУУС Менска ў жніўні 2020 года зафіксаваў мноства здзекаў, праз якія прайшлі грамадзяне, затрыманыя сілавікамі падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Апытаныя праваабаронцамі пацярпелыя расказвалі, што ў вельмі многіх выпадках супрацоўнікі МУС пагражалі згвалтаваннем — прычым як жанчынам, так і мужчынам. Мы паспрабавалі разабрацца ў прычынах такой фіксацыі беларускіх сілавікоў на тэме сэксуальнага гвалту і выявілі, што яна мае шмат агульнага з традыцыямі злачыннага свету. Але чаму людзі, якіх прынята называць праваахоўнікамі, кіруюцца ў сваіх дзеяннях нормамі і правіламі крыміналу?
Горш за смерць: як сэксуальны гвалт стаў пакараннем
У месцах пазбаўлення волі праблемы чалавека, які зазнаў сэксуальны гвалт, не абмяжоўваюцца фізічнымі і псіхалагічнымі пакутамі. Той, хто прайшоў праз гэты працэс, аўтаматычна перамяшчаецца на самае дно прынятай у крымінальным свеце іерархічнай сістэмы — то-бок «апускаецца».
Прычым карыстаюцца паслугамі гэтага аднабаковага «сацыяльнага ліфта» не толькі прадстаўнікі крыміналітэту. Вядома, што ў беларускіх калоніях у статус «апушчаных» могуць пераводзіць і непажаданых для адміністрацыі зняволеных. Гэта можа адбывацца і без гвалтоўнага сэксуальнага акту — напрыклад, чалавека могуць адправіць чысціць прыбіральні (што таксама паніжае яго статус да роўнага з тымі, хто прайшоў праз «апусканне» гвалтам). Сутыкнуўшыся з такім ціскам, многія людзі рэжуць сабе вены, што само па сабе шмат кажа пра сітуацыю, у якую трапляюць прадстаўнікі бяспраўнай найніжэйшай турэмнай касты. Атрымліваецца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, замест таго каб карыстацца законнымі метадамі ўздзеяння на зняволеных, выкарыстоўваюць практыкі крымінальнага свету, з якім, здавалася б, мусяць змагацца.
Але як наогул сэксуальны гвалт стаў інструментам пакарання і спосабам паніжэння сацыяльнага статусу чалавека?
Само дзікае ўяўленне пра тое, што нейкі набор адмоўных уласцівасцяў і якасцяў мае не сам гвалтаўнік, а ахвяра, для сучаснага свету — перажытак старажытных патрыярхальных грамадстваў. У іх жанчына не мела ніякай прававой суб’ектнасці, а лічылася ўласнасцю мужа. Яшчэ адзін перажытак той эпохі — «выкупы» нявест, якія дагэтуль можна ўбачыць на некаторых вяселлях і ў Беларусі. Жанчына, якая займалася сэксам па-за шлюбам, хай і не па сваёй ініцыятыве, у найлепшым выпадку лічылася недасканалай або непаўнавартаснай — а ў найгоршым проста забівалася камянямі да смерці (што да гэтага часу практыкуецца ў некаторых дзяржавах).
Такое стаўленне да жанчыны як да нераўназначнага, «пасіўнага» ўдзельніка сэксуальных адносін дагэтуль жыве ў самых кансерватыўных грамадствах і грамадскіх інстытуцыях. Адна з іх — якраз турма. Здзяйсняючы над зняволеным — мужчынам сэксуальны гвалт (сапраўдны ці рытуальны — накшталт дотыку пенісам да твару), гвалтаўнікі пераводзяць яго ў непаўнавартасны, «жаночы», статус.
Менавіта так гэтая практыка ўспрымаецца і некаторымі беларускімі сілавікамі — у дакладзе пра падзеі ў Савецкім РУУС апісаны адзін з такіх выпадкаў: «…побач са мной ля сцяны стаяў хлопец. У яго валасы былі ледзь-ледзь падоўжаныя. Адзін з супрацоўнікаў даў пачатак гэтым жартам у яго адрас, што ён „падобны да бабы“. Што з бабамі трэба абыходзіцца такім чынам: „Цяпер мы проста табе возьмем дубінку сам ведаеш куды засунем. Раз ты такі мужык, раз ты да бабы падобны“».
У 2020 годзе «Новая газета» апублікавала інтэрв'ю з Міхаілам Дэбольским — прафесарам кафедры юрыдычнай псіхалогіі і права МДППУ і адным са стваральнікаў псіхалагічнай службы крымінальна-выканаўчай сістэмы РФ. Па супадзенні інтэрв'ю было апублікаванае 8 жніўня, то-бок проста напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, масавыя парушэнні падчас якіх вывелі людзей на вуліцы беларускіх гарадоў — і падставілі іх пад міліцэйскія дубінкі, святлошумавыя гранаты і агнястрэльную зброю.
Адразу агаворымся, што Міхаіл Дэбольскі — расійскі псіхолаг, але апісаныя ім працэсы і заканамернасці, наколькі можна меркаваць, справядлівыя і для Беларусі. Бо сягаюць каранямі ў агульнае савецкае мінулае.
Аналізуючы выпадкі сэксуальнага гвалту з боку супрацоўнікаў расійскіх праваахоўных органаў у дачыненні да зняволеных і затрыманых, Дэбольскі сцвярджае, што ля вытокаў такой практыкі стаяць «зонаўскія, крымінальныя нормы». Пагроза сэксуальным гвалтам і пакаранне з яго дапамогай шырока распаўсюджаныя ў папраўчых установах шэрагу краін на постсавецкай прасторы. Калі менавіта з’явілася такая практыка — невядома, але шырока распаўсюдзілася яна пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, калі ў савецкіх папраўчых установах сутыкнуліся ў «разборках» дзве катэгорыі асуджаных: тыя, што жылі «па паняццях» і ніяк падчас вайны не супрацоўнічалі з дзяржавай, і тыя, што ваявалі ў складзе Чырвонай арміі, дзякуючы гэтаму выйшлі на волю, але потым зноў апынуліся ў лагерах. Гэтыя падзеі вядомыя як «суччая вайна».
Як расказаў псіхолаг, для чалавека са злачыннага асяроддзя сэксуальны гвалт — самая крайняя форма прыніжэння. Звычайна яна выкарыстоўваецца ў дачыненні да тых, хто груба парушыў правілы крымінальнай субкультуры, турэмныя нормы і традыцыі. Нават адной толькі пагрозай «апусціць» можна зламаць чалавека і прымусіць яго зрабіць усё, што трэба, — альбо давесці да самагубства. Калі ж пагрозу ажыццяўляюць, то чалавек становіцца для мужчынскага турэмнага калектыву ізгоем, пагарджаным. Пры гэтым, хоць турэмнае асяроддзе, як правіла, вельмі гамафобнае, негатыўныя наступствы пасля «карнага» палавога акту наступаюць толькі для таго чалавека, якога гвалтуюць, — і не распаўсюджваюцца на гвалтаўніка.
Паводле Дэбольскага, для зняволенага, асабліва таго, які адносіць сябе да крымінальнага свету, стаць «апушчаным» — гэта найвышэйшая мера пакарання, горшая за смяротнае. Цікава, што падзел зняволеных на касты вельмі ўстойлівы. Хоць ён наўпрост супярэчыць дзяржаўным законам (у Беларусі — напрыклад, артыкулу 22 Канстытуцыі, згодна з якім усе грамадзяне роўныя), адміністрацыі калоній і турмаў глядзяць на яго і яго праявы скрозь пальцы. А ў некаторых выпадках — як з «апусканнем» непажаданых — і выкарыстоўваюць у сваіх мэтах. Так сярод «апушчаных» з’явілася цэлая катэгорыя асобаў, якіх «замовілі» адміністрацыі калоній.
У звычайнай сітуацыі зняволеныя разумеюць экстраардынарнасць пакарання ў выглядзе сэксуальнага гвалту і пераводу на ніжнюю прыступку крымінальнай іерархіі. З яго дапамогай нават падтрымліваецца адносная стабільнасць турэмнага жыцця. «Апусціць» чалавека могуць за так званы «безмяжак» (несправядлівыя паводзіны) што да іншых зняволеных — напрыклад, калі той адбірае ў іх пасылкі, ежу. Сур’ёзным парушэннем лічыцца і нявыплачаны картачны доўг. Праз пакаранне сэксуальным гвалтам часта праходзяць асобы, якія самі здзейснілі злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды (згвалтаванні, сэксуальныя дзеянні з няпоўнагадовымі). З пункту гледжання зняволеных гэта тлумачыцца тым, што ў іншых асуджаных на волі засталіся мамы, дзеці, і такія дзеянні — пагроза для іх.
Вядома, ідэалізаваць турэмны свет нельга. Хтосьці са зняволеных цалкам можа выкарыстоўваць гэтую практыку для звядзення рахункаў. У канцы мінулага стагоддзя ў калоніях і турмах з’явілася шмат злачынцаў новага пакалення, якія не хацелі прызнаваць старыя «паняцці» і прыдумлялі новыя. «Апусціць» у такім выпадку маглі за дробнае парушэнне або нават проста для таго, каб паздзекавацца, — напрыклад, калі ў мужчыны-зняволенага былі жаночыя рысы твару ці ён парушыў нейкія невідавочныя турэмныя нормы паводзін.
Чаму супрацоўнікі праваахоўных органаў пераймаюць крымінальныя практыкі пакарання?
Калі каротка, то ў першую чаргу праз псіхалагічную схільнасць некаторых з іх да гвалту, «заражанасць» многіх сілавікоў крымінальнай субкультурай і дзеянні начальнікаў, якія схіляюць іх да такіх метадаў працы.
Даклад пра падзеі ў Савецкім РУУС — далёка не адзінае сведчанне таго, што беларускія сілавікі выкарыстоўваюць сэксуальны гвалт для пагрозаў і пакарання ў дачыненні да затрыманых. У сакавіку 2022 года Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет расказала пра факты сэксуальнага і гендарнага гвалту з боку беларускіх сілавікоў у дачыненні да затрыманых у жніўні 2020 года мужчын і жанчын. Пра аналагічныя выпадкі паведамлялі і праваабаронцы.
Падобныя выпадкі адбываюцца і ў Расіі. У 2020 годзе ў Бураціі трое супрацоўнікаў паліцыі згвалтавалі затрыманага 17-гадовага хлопчыка. Прычым працэс яны здымалі на камеру, каб мець магчымасць даказаць, што пацярпелы ад іх дзеянняў хлопец — «апушчаны». Праз год беларус Сяргей Савельеў перадаў праекту Gulagu.net архіў з 40 гігабайт відэазапісаў, на якіх былі зафіксаваныя шматлікія згвалтаванні зняволеных супрацоўнікамі Федэральнай службы выканання пакаранняў.
Вышэй мы ўжо згадвалі пра тое, што практыку «карных» згвалтаванняў сілавікі перанялі з нормаў турэмнага, крымінальнага свету, з якімі тым жа міліцыянтам даводзіцца ўвесь час сутыкацца па службе. Гэта не значыць, што любы супрацоўнік праваахоўных органаў гатовы выкарыстоўваць пагрозы згвалтаваннем або будзе гвалтаваць затрыманых. Вывучэнне асобаў расійскіх сілавікоў, якія выкарыстоўвалі незаконны гвалт у сваёй дзейнасці, дазволіла Міхаілу Дэбольскаму выявіць дзве катэгорыі такіх людзей.
Першая — гэта досыць маладыя, недасведчаныя і прафесійна непадрыхтаваныя супрацоўнікі з вялікімі амбіцыямі і нізкім узроўнем эмацыйнай устойлівасці. Сутыкнуўшыся з псіхалагічным адпорам або непадпарадкаваннем з боку затрыманых, яны гатовыя выкарыстоўваць любыя сродкі, каб дамагчыся свайго, у тым ліку сэксуальны гвалт.
Другая катэгорыя — гэта людзі, якія даўно працуюць, эмацыйна выгаралі, стаміліся, з дэфармаванымі ўяўленнямі пра пачуццё абавязку, адказнасці. Яны бачаць у затрыманым толькі непапраўнага злачынца, у працы з якім усе сродкі добрыя. Можна толькі здагадвацца, што адбываецца з супрацоўнікамі гэтых двух псіхатыпаў, калі яны атрымліваюць ад кіраўніцтва карт-бланш на выкарыстанне гвалту. Зрэшты, магчыма, менавіта гэта мы і бачылі ў жніўні-верасні 2020 года ў Беларусі.
Але схільнасць да выкарыстання гвалту — гэта толькі адна частка пазла, склаўшы які, мы атрымаем сілавіка, які гвалтуе або пагражае згвалціць затрыманых. Нават схільны да збіцця і здзекаў супрацоўнік цалкам мог бы «абысціся» толькі збіццём, пастаноўкай на «расцяжку» або катаваннямі з дапамогай спёкі ці холаду.
На думку Дэбольскага, другая крыніца дэфармацыі, якая ператварае сілавікоў у гвалтаўнікоў, — блізкае знаёмства з нормамі крымінальнага свету і яго эфектыўнымі практыкамі «ламання» чалавека. Як сцвярджае псіхолаг, супрацоўнікі праваахоўных органаў часам літаральна «заражаюцца» крымінальнай субкультурай — і выкарыстоўваюць яе механізмы ў сваіх мэтах. А мэты могуць быць рознымі — ад здабывання нейкай каштоўнай аператыўнай інфармацыі да банальнага самасцверджання па прынцыпе «ты сябе крутым лічыш — дык мы пакажам табе, хто тут круцейшы».
З тэзісам пра «заражанасць» многіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў крымінальнай субкультурай складана не пагадзіцца. На постсавецкай прасторы сярод іх нямала прыхільнікаў «блатнога» «рускага шансона». Выканаўцамі гэтага жанру, якія выкарыстоўваюць у песнях лексіку крымінальнага жаргону, нярэдка становяцца адстаўныя сілавікі — як, напрыклад, родапачынальнік «мянтоўскага шансону» і аўтар песні «Мент-ЗеКа» Мікалай Юр’евіч (Рассадзін).
Вясной 2020 года такім чынам праславілася студэнтка юрфака Сібірскага інстытута кіравання і жонка новасібірскага паліцэйскага Арына Міронава, якая запісала песню пра арыштанцкае каханне з такім прыпевам:
«На ключицах засияли звезды воровские,
мусорам нас не понять, они ведь не блатные.
Я по жизни отрицаю звезды капитанские,
не поймут легавые единство арестантское».
Сваё рашэнне будучая дазнаўца патлумачыла любоўю да творчасці Міхаіла Круга (гэты расійскі выканаўца ў 1990-х — пачатку 2000-х гадоў удала рамантызаваў крымінальны свет). Аднак гэты прыклад — далёка не адзіны: многія супрацоўнікі праваахоўных органаў як у Беларусі, так і ў Расіі маюць цёплыя пачуцці да крымінальнай рамантыкі.
Акрамя таго, як лічыць Дэбольскі, часцей за ўсё гвалт выкарыстоўваюць сілавікі тых падраздзяленняў, у якіх дзейнічае кругавая парука (то-бок супрацоўнікі закрываюць вочы на злачынствы калег узамен на тое, што тыя «не заўважаюць» іх правін). Падкінуць дроваў у вогнішча можа і начальнік, які патрабуе толькі выніку — і ігнаруе сродкі, якімі гэты вынік дасягаецца. Такім паводзінам кіраўніка спрыяе ў тым ліку славутая «палачная» сістэма, з якой не адзін год змагаюцца беларускія сілавікі (праўда, відаць, толькі на словах).
Чытайце таксама


