Украінскія СМІ апублікавалі раніцай 3 сакавіка відэазапіс з вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах, які ім нібыта перадалі «беларускія партызаны». Сцвярджаецца, што ролік быў зняты «на той самы дрон», які падарваў расійскі самалёт А-50. Аднак моманту выбуху на ім не відаць.
Як піша тэлеграм-канал «Рэальная вайна», відэа перадалі Службе бяспекі Украіны «беларускія партызаны». Усе яны, як мяркуецца, ужо пакінулі Беларусь, забраўшы з сабой флэшкі з дронаў.
Нагадаем, раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Ваенна-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Паводле інфармацыі BYPOL, яны сталі вынікам атакі дрона беларускіх партызан на расійскі ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) А-50. Як заявіў кіраўнік аб’яднання былых сілавікоў Аляксандр Азараў, самалёт, які удзельнічаў у карэктаванні расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны і «лётаць ужо не зможа».
Пасля гэтага з’явіліся паведамленні, што на мяжы зрабілі больш жорсткім памежны кантроль, а ў вышук абвясцілі выхадца з Крыма, якога называюць датычным да гэтага інцыдэнту. Акрамя таго, у Беларусі пачалі правяраць уладальнікаў дронаў.
Пазней следчыя з Bellingcat параўналі зробленыя 28 лютага і 19 лютага спадарожнікавыя здымкі самалёта і адзначылі «розніцу ў колеры крылаў». Яны дадалі, што гэта можа быць праз снег, таму «пакуль немагчыма праверыць сцверджанні BYPOL».
У BYPOL у адказ на гэта расказалі, як і чым быў атакаваны расійскі самалёт.
2 сакавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі апублікавалі відэа ўзлёту самалёта А-50 з аэрадрома ў Мачулішчах. Прэс-служба Мінабароны паведаміла, што ДРЛВ А-50 «выконвае задачы баявога дзяжурства».
ДзяржСМІ сцвярджаюць, што А-50 узляцеў на баявое дзяжурства, аднак тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» заяўляе, што самалёт пакінуў паветраную прастору Беларусі і скіраваўся на рамонт у Таганрог. Ні тую, ні тую заяву неспецыялістам праверыць немагчыма, бо звесткі пра палёт гэтага самалёта не адлюстроўваюцца ў даступных звычайным карыстальнікам праграмах кшталту Flightradar24, якія паказваюць траекторыю палёту самалёта. Пацверджанняў таго, што А-50 усё ж вярнуўся ў Мачулішчы, пакуль няма.
2 сакавіка BYPOL апублікаваў відэа разведкі на аэрадроме ў Мачулішчах. На запісе відаць, як дрон рухаецца на невялікай вышыні ў кірунку да самалёта А-50, што стаіць на аэрадроме. Пазней ён прызямляецца на абцякальнік РЛС — тую самую «талерку» зверху самалёта. Аднак, як і на новым відэа, выбухаў, пра якія заяўляла ініцыятыва, на відэа няма. Сам ролік у BYPOL назвалі «РАЗВЕДКА! ДРЛВ А-50У на аэрадроме МАЧУЛІШЧЫ!».
Мы высветлілі, што гэта дрон DJI FPV — толькі гэтая мадэль кітайскага вытворцы абсталёўваецца акулярамі для кіравання палётам. Поўны камплект свабодна прадаецца ў Беларусі, сёння яго можна набыць, напрыклад, за 5695 рублёў. Без мадыфікацыі такі квадракоптар можа кіравацца і перадаваць відэасігнал на далёкасці да 10 кіламетраў і мае максімальную хуткасць палёту да 140 кіламетраў у гадзіну.
Раней «Люстэрка» спытала Аляксандра Азарава, ці ёсць у яго доказы таго, што выбухі ў Мачулішчах былі. На гэта ён адказаў, што «ўсяму свой час».