Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. В Минске огласили приговор основателю медцентра «Новое зрение» Олегу Ковригину. Его судили заочно
  2. С 1 декабря введут новшества по оплате жилищно-коммунальных услуг. Рассказываем подробности
  3. «Огромная стена воды поднялась из-за горизонта». 20 лет назад случилось самое страшное цунами в истории — погибло почти четверть миллиона
  4. В торговле Беларуси с Польшей нашелся аномальный рост по некоторым позициям — словно «хапун» перед закрывающимся железным занавесом
  5. В Вильнюсе во двор дома упал и загорелся грузовой самолет DHL — начался пожар, есть жертвы
  6. В 2025 году появится еще одно новшество по пенсиям
  7. Растет не только доллар: каких курсов ждать до конца ноября. Прогноз по валютам
  8. Российский олигарх рассказал, что Лукашенко национализировал его активы на 500 млн долларов
  9. В Генпрокуратуре считают, что участие в дворовых чатах — «это серьезное уголовное преступление»
  10. По «тунеядству» вводят очередное изменение
  11. «Спорные территории», «пророссийское государственное образование» и «новые регионы РФ». Как Россия хочет поделить Украину
  12. Эксперты привели доказательства того, что война в Украине не зашла в тупик, и рассказали, для чего армии РФ Днепропетровская область
  13. «Посмотрим, к чему все это приведет». Беларуса заставляют подписаться за Лукашенко, а он отказывается, несмотря на угрозы


Ужо амаль два з паловай гады ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі, а сітуацыя з правамі чалавека пагаршаецца з кожным днём. У 2022 годзе сілавікі пры затрыманні працягвалі збіваць і катаваць людзей і нават выкарыстоўвалі зброю: стралялі ў «рэйкавых партызанаў» і ў хатніх жывёл затрыманых. З пачаткам вайны ва Украіне ўлады пачалі актыўна пераследаваць беларусаў за антываенныя пратэсты. Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавядае, з якімі выпрабаваннямі падчас адміністрацыйнага пераследу сутыкнуліся беларусы ў мінулым годзе, як іх катавалі і за якія абсурдныя прычыны іх кідалі за краты і штрафавалі.

Изолятор на переулке Окрестина в Минске. Фото: TUT.BY
Изолятор на переулке Окрестина в Минске. Фото: TUT.BY

Па дадзеных, якія маюць праваабаронцы, агулам за 2022 год было затрымана не менш за 6381 чалавек — гэта 17 чалавек у дзень. Сярод іх амаль паўтары тысячы — жанчыны, яшчэ каля пяці тысяч — мужчыны. Таксама вядома пра затрыманне як мінімум 15 непаўнагадовых.

Большасць затрыманняў прыйшлася на Мінск — 3334 чалавекі. Далей па колькасці затрыманых ідуць Брэсцкая і Гомельскія вобласці — 683 і 682. Менавіта ў гэтых рэгіёнах сілавікі актыўна пераследавалі мясцовых жыхароў за пратэсты супраць вайны ва Украіне, а таксама за фотаздымкі расійскай вайсковай тэхнікі.

«Вясна» мае звесткі пра мінімум 3272 судовыя рашэнні. Беларускія суды прызначылі не менш за 938 штрафаў на агульную суму ў 888 224 рублі (амаль 325 тысяч даляраў). Таксама суддзі прызначылі не менш за 2 274 арышты. Агулам у ізалятарах за год беларусы адбылі 28 804 сутак (амаль 78 гадоў). Пры гэтым, па дадзеным праваабаронцаў, суддзі па розных прычынах спынілі толькі 47 справаў.

Самыя рэпрэсіўныя суддзі

Нягледзячы на тое, што большасць судоў адбываецца ў Мінску, суддзі ў рэгіёнах працягваюць «канвеерам» адпраўляць людзей за краты. У гэтым годзе сілавікі ладзілі масавыя «рэйды» ў розных гарадах Беларусі, пасля якіх мясцовыя суддзі прызначалі жыхарам велізарныя штрафы і арышты. Таму ў наш спіс «самых рэпрэсіўных суддзяў» трапілі не толькі мінскія, але і суддзі з рэгіёнаў.

Так, напрыклад, суддзя Наваполацка Зінаіда Балаболава вядома сваімі жорсткімі рашэннямі ў дачыненні да старшыні незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольгі Брыцікавай, актывісткі Ганны Тукавай, актывіста Андрэя Галавырына і супрацоўнікаў «Нафтана».

Суддзя Іванаўскага раёна Генадзь Кудласевіч судзіў мясцовых жыхароў пасля масавага хапуна ў горадзе. Тады падчас аднаго з працэсаў ён абурыўся і нават пачаў крычаць на затрыманую, бо не разумеў, чаму яна не адчыняла брамку невядомым людзям у чорным адзенні.

Цягам некалькіх месяцаў у Баранавічах працягвалася хваля рэпрэсій. Мясцовых жыхароў выклікалі на «прафілактычныя гутаркі», прымушалі праходзіць паліграф і здаваць біяматэрыялы, выклікалі на допыты і арыштоўвалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Па рашэннях суддзяў Аксаны Капач і Іны Паўлоўскай дзясяткі чалавек былі асуджаныя да арыштаў і велізарных штрафаў.

Вядомая сваімі жорсткімі прысудамі па крымінальных справах суддзя Мазырскага раёна Галіна Кніжонак таксама часта разглядае і адміністрацыйныя «палітычныя» справы. Так, напрыклад, яна ў лістападзе адправіла на «суткі» палітвязня Глеба Койпіша, які адбывае тэрмін на «хіміі». Яна прызнала яго вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП.

Суддзя Раман Карабан працуе ў судзе Маскоўскага раёна Брэста. Ён судзіць берасцейцаў за рэпосты з «экстрэмісцкіх каналаў», а таксама за «пікетаванне» БЧБ-налепкай на аўтамабілі.

У Гродне адна з «палітычных» суддзяў — Ганна Леўсік. У лютым мінулага года яна аштрафавала гарадзенку Таццяну Саўко на 800 рублёў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Пры гэтым у матэрыялах справы было шмат памылак, але суддзя не звярнула на гэта ўвагі.

Адным з самых «рэпрэсіўных» суддзяў Мінска з’яўляецца Дзмітрый Карсюк. У лютым 2022 ён асудзіў студэнта пятага курса БНТУ Мікалая Антаневіча за тое, што той фатаграфаваў жанчыну з плакатам «Спыніце вайну» і блакітна-жоўтымі балонікамі. Суддзя Карсюк прызнаў вінаватым Мікалая паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) і арыштаваў яго на 15 сутак.

Суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Шут часта разглядае адміністрацыйныя справы паводле палітычных артыкулаў. Акрамя гэтага, яна судзіла людзей за ўдзел у антываенных мітынгах пасля масавых затрыманняў 27 лютага.

Суддзя Марыя Ярохіна вядома тым, што на судовых працэсах не звяртае ўвагі на заявы пра збіванні і катаванні, а кажа, што гэта не мае дачынення да справы. Яна таксама «канвеерам» судзіць беларусаў за рэпосты і «дробнае хуліганства».

Самыя працяглыя арышты ў 2022 годзе

Два гады ўлады актыўна выкарыстоўваюць «перазатрыманні» для дадатковага ціску на затрыманых. Былыя арыштанты называюць гэта «каруселлю» — калі чалавека не выпускаюць на волю пасля «сутак», а перазатрымліваюць паводле новага пратакола. Такім чынам людзей могуць утрымліваць за кратамі без сродкаў гігіены і зменнай бялізны па некалькі месяцаў. У мінулым годзе праваабаронцам стала вядома пра чатыры самыя гучныя такія выпадкі.

Уладзіслаў Багамольнікаў — 100 сутак арышту

Багамольнікаў — выкладчык Мінскай духоўнай акадэміі, праваслаўны святар. У 2020 годзе ён праводзіў службу на «Плошчы перамен» па Раману Бандарэнку, таксама Багамольнікаў абвяшчаў галадоўку ў падтрымку палітвязня Ігара Лосіка. Святар быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіКа 31 жніўня і правёў на Акрэсціна 100 сутак адміністрацыйнага арышту паводле сямі пратаколаў. Кожны раз яго судзілі за перасыл паведамленняў з «экстрэмісцкіх» каналаў у прыватнай перапісцы. Вядома, што за кратамі Уладзіслаў трымаў галадоўку і перахварэў на кавід. У выніку святара вызвалілі, але ўзбудзілі крымінальную справу.

Вольга Брыцікава — 75 сутак арышту

Старшыню незалежнага прафсаюза «Нафтан» Брыцікаву першы раз затрымалі 27 лютага. Пасля гэтага на яе склалі пяць пратаколаў паводле «народных» артыкулаў, па кожнаму з якіх суддзя Зінаіда Балаболава прызначыла ёй па 15 сутак арышту. Пасля 75 сутак Вольга выйшла на волю, але ў пачатку лістапада была затрымана зноў. Яе двойчы запар асудзілі да 15-сутачнага арышту. Некалькі дзён Вольга трымала галадоўку. Прычынай такога ўчынку стала парушэнне яе правоў, а таксама адмова супрацоўнікаў ізалятара перадаваць ёй перадачы ад сваякоў.

За 2022 год Брыцікава правяла за кратамі 105 сутак — з іх вясной 75 сутак запар.

Андрэй Галавырын — 90 сутак арышту

Наваполацкага актывіста затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасля гэтага над ім прайшлі шэсць судоў за падпіску і рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў (арт. 19.11 КаАП). Кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак. Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.

Віталь Енаровіч — 85 сутак арышту

Мінчука затрымалі прыкладна ў сярэдзіне сакавіка і з таго часу каля 85 сутак утрымлівалі на Акрэсціна. Вядома, што апошні суд па адміністрацыйнай справе адбыўся 31 мая ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Справу тады разглядаў суддзя Сяргей Кацэр. У Мінскім гарадскім судзе 12 снежня мужчыну асудзілі да двух гадоў калоніі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Наста Лойка — 60 сутак арышту

Праваабаронца Наста Лойка была затрымана 28 кастрычніка 2022 года. Да гэтага яна адбывала 30 сутак паводле двух іншых адміністрацыйных арыштаў. Пасля затрымання з’явілася «пакаяльнае відэа», дзе Наста «прызнаецца» ў тым, што нібыта «атрымлівала фінансаванне ад замежных арганізацый». Пасля затрымання яе чатыры разы запар асудзілі за «дробнае хуліганства» паводле арт. 19.1 КаАП. На адным з судоў праваабаронца распавядала пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзін.

Напрыканцы снежня палітзняволенай праваабаронцы выставілі абвінавачванне паводле двух артыкулаў: вядома, што адзін з іх — арт. 342 КК.

Якія метады ціску і катаванняў выкарыстоўвалі сілавікі ў 2022 годзе?

Увесь 2022 год праваабаронцы дакументавалі факты катаванняў і бесчалавечага абыходжання. «Вясне» вядомыя выпадкі, калі беларусаў пры затрыманні збівалі дубінкамі, патэльняй, электрашокерам, металашукальнікам і берцамі. Людзям на галаву надзявалі вядро для смецця і матацыклетны шлем і білі па іх дубінкамі. Часта, каб прымусіць людзей даваць паказанні, сілавікі б’юць іх электрашокерам. Пасля масавых арыштаў за ўдзел у антываенным мітынгу людзей не толькі збівалі падчас затрыманняў, але і катавалі наўпрост на Акрэсціна: пускалі газ з балончыка па вентыляцыі ў душы; супрацоўнікі хадзілі па людзях, тапталі нагамі па спіне; затрыманых выводзілі на калідор і збівалі.

Вядома, што ў мінулым годзе сілавікі актыўна выкарыстоўвалі зброю: стралялі на паражэнне па «рэйкавых партызанах» і спрабавалі застрэліць сабак затрыманых.

Самым гучным выпадкам выкарыстання зброі сілавікамі ў 2022 годзе з’яўляецца затрыманне рэйкавых партызанаў. У ноч на 30 сакавіка пры сілавой падтрымцы САХРа былі затрыманыя трое «рэйкавых партызанаў» з Бабруйску. МУС тады паведаміла, што «падчас затрымання мужчыны аказалі актыўны супраціў і паспрабавалі ўцячы». Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне. Адзін з затрыманых паранены і знаходзіцца ў лячэбнай установе. Іншым аказана меддапамога на месцы. На фота, якое апублікавала МУС, верагодна, Уладзімір Аўрамцаў.

Каленныя суставы таксама тады прастрэлілі Віталю Мельніку. 22 снежня яму прысудзілі 16 гадоў калоніі. Віталь да гэтага часу ў СІЗА перасоўваецца на мыліцах.

Пра допыт з пісталетамі ў лесе вясной распавядаў айцішнік Аляксей Кавалеўскі:

«Мы толькі ад’язджаем ад Гродна — нас адразу максімальна жорстка прымае КДБ. Машыну толькі спыняе ДАІ, кіроўца не паспеў зацягнуць ручнік, ужо адчыняюцца дзверы — мне прылятае ўдар па сківіцы і людзі стаяць тыкаюць пісталетамі. Адразу — „мордай у падлогу“ і куча ўдараў, якія ўжо не злічыць. Потым нас з кіроўцам вязуць у багажніку ў лес, там дастаюць і збіваюць, у тым ліку б’юць электрашокерам. У лесе праводзяць допыт з пісталетамі. Супрацоўнікі былі ў цывільным.

Як выявілася, у маёй групе мусілі перасякаць мяжу „рэйкавыя партызаны“ з Бабруйска. Іх затрымалі задоўга да гэтага, а наша затрыманне было інсцэніроўкай. Людзі з нашай машыны, якія нібы меліся з намі перабягаць мяжу, былі падстаўныя супрацоўнікі. Я гэта зразумеў адразу. Калі нас затрымлівалі, то гэтыя трымалі мяне за рукі ў самой машыне. Вось у мяне „паплечнікі“ — трымаюць, калі мяне затрымліваюць! Усё тупа, па-ідыёцку і непрафесійна. Потым яны разыгрывалі сцэнку з прастрэленымі каленамі. Крычалі, што і нам прастрэляць таксама. Білі так, каб як быццам знепрытомнеў, але мяне ж дапытваюць — максімальна дзіўна гэта было. Уся гэтая спецаперацыя была, каб злавіць чалавека, які дапамагае з пераходам мяжы».

А ў Іванаве Брэсцкай вобласці 14 чэрвеня 2022 года адбыўся рэйд сілавікоў сярод мясцовых жыхароў. У той дзень затрымалі Алену Пуцыковіч, а ў ейным двары сілавікі стрэлілі ў сабаку гумаваю куляй, моцна параніўшы жывёліну.

Адзін з супрацоўнікам ГУБАЗіКу ў цывільнай вопратцы, шлеме, бронекамізэльцы і са стрэльбаю трымаў сабаку пад прыцэлам, пакуль Алена не выйшла, і запатрабаваў прыбраць жывёліну. Не прайшло і хвіліны, як той чалавек ужо стрэліў у сабаку. У той час дома была 15-гадовая дачка спадарыні Алены, якая ў суправаджэнні сілавіка перанесла параненага сабаку ў вальер.

Таксама ў пачатку верасня ў Мінску затрымалі сям’ю: дваіх братоў Алеся і Яна Папковічаў і жонку Яна — Анастасію Папковіч. Паводле словаў Анастасіі, яны нават не паспелі апрануцца пасля сну, як у пакой уварваліся два сілавікі ў поўнай экіпіроўцы з аўтаматамі, і чатыры чалавекі ў чорнай форме. Акрамя Анастасіі і Яна ў пакоі начаваў іх пітбуль, які пачаў брахаць на незнаёмых людзей. Адзін з сілавікоў, па сцвярджэнні дзяўчыны, стрэліў двойчы ў сабаку з аўтамата. Першая куля прайшла па датычнай і параніла сабаку ў пысу. Другая куля прайшла міма сабакі і Яна, кажа Анастасія.

Чытайце таксама:

Новыя метады пераследу ў 2022 годзе нязгодных з рэжымам Лукашэнкі

«Рельсовым партизанам» из Светлогорска вынесли приговоры — самые суровые по делам о диверсиях на железной дороге

Жорсткія ўмовы ўтрымання ў ізалятарах як від катаванняў

Цягам 28 месяцаў людзей кідаюць за краты ў нечалавечыя ўмовы без сродкаў гігіены і зменнага адзення. Людзі, якіх утрымліваюць у няволі па тры месяцы, бываюць на свежым паветры толькі тады, калі іх вязуць у РУУС складаць новы пратакол.

«Кантрольныя» камеры ўвесь час перапоўненыя, таму людзям даводзіцца спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы. Ім не выдаюць пасцельнай бялізны, не выводзяць у душ і на шпацыр. У камеры саджаюць бяздомных людзей у якасці дадатковага ціску. Ноччу і днём бесперапынна гарыць святло.

Мыла і туалетную паперу затрыманым даводзілася выпрошваць у адміністрацыі. Часам іх не выдавалі два-тры дні запар.

Праз «вочка» і відэаназіранне ў камерах за кожным дзеяннем затрыманых сочаць дзяжурныя. Цёплай вады няма, а тую, што цячэ з-пад крана, вельмі не рэкамендуецца піць.

Тым, каго забіраюць з дома, не дазваляюць узяць нават сродкі гігіены, таму яны прыдумваюць новыя спосабы, як, напрыклад, пачысціць зубы тымі рэчамі, якія ёсць у камеры. Перадачы да людзей не даходзяць.

Медыцынская дапамога не аказваецца, пры тым што шмат людзей трапляюць на Акрэсціна моцна збітымі. Адзіная крыніца інфармацыі — новыя сукамернікі, якіх закідваюць штодзённа. Гэтыя ўмовы праваабаронцамі расцэньваюцца як катаванні.

Чытайце таксама:

«Газ з балончыка па вентыляцыі дайшоў і да нас»: памесячная хроніка затрыманняў і ўмоваў утрымання на Акрэсціна

Самыя абсурдныя адміністрацыйныя справы ў 2022 годзе

У 2022 годзе беларусаў працягвалі пераследаваць за бел-чырвона-белую сімволіку, лозунгі «Жыве Беларусь», белыя аркушы паперы на акне, якія міліцыянты расцэньвалі як пратэст супраць дзейнай улады. МУС нават унесла ў нацысцкі спіс вокліч «Жыве Беларусь», які «суправаджаецца ўзняццем правай рукі з выпрастанай далонню».

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну беларусы пачалі штодзённа выказваць сваю нязгоду з расійскай агрэсіяй, якая ў тым ліку адбываецца з тэрыторыі Беларусі. За антываенныя акцыі пратэсту па ўсёй краіне было затрымана мінімум 2000 чалавек. Большасць з іх улады пераследуюць па адміністрацыйных справах, а супраць некаторых узбуджаюць крымінальныя справы.

Але, нягледзячы на наступствы, беларусы ўсё роўна працягваюць ладзіць мірныя акцыі пратэстаў. «Вясна» склала спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў 2022 годзе.

За салют 31 снежня ў 23:34 адправілі сустракаць Новы год на Акрэсціна

У пачатку студзеня 2022 года ў Мінску асудзілі мужа і жонку за салют 31 снежня ў 23:34. Алена і Мікалай Гаеўскія 31 снежня запусцілі салют у двары роўна ў 23:34, але адразу пасля гэтага былі затрыманыя сілавікамі. У Партызанскім РУУСе на мужа і жонку склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне». Ніхто з іх сваю віну на судзе не прызнаў. Па пратаколу, яны «пікетавалі шляхам запуску піратэхнічнага выраба (феерверку), згодна з раней размешчанымі ў дэструктыўных тэлеграм-каналах заклікамі».

На думку суддзі Макарэвіча, запуск салюту ў 23:34, яго колер, а таксама лозунгі ў грамадскім месцы сведчаць менавіта пра палітычны характар дзеянняў‌ Мікалая і Алены. Вынікам суда стаў арышт Мікалая на 15 сутак, а Алены — на 13 сутак.

Аштрафавалі за грашовыя пераводы ад фонда «Страна для жизни» і спагналі з яго 900 еўра

У канцы чэрвеня ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі мужа і жонку. Пасля допытаў іх адпусцілі, але на мужа склалі пратакол па ч. 6 арт. 24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, якое суправаджаецца выплатай узнагароды за ўдзел у масавым мерапрыемстве».

Згодна з пратаколам, мужчына «для атрымання фінансавай дапамогі з мэтай пакрыцця выдаткаў, абумоўленых прыцягненнем яго жонкі да адказнасці за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, адкрыў рахунак у банку Рaysera, на які фондам „Страна для жизни“ былі пералічаны грашовыя сродкі ў памеры агулам 900 еўра, і выкарыстаў атрыманыя грошы для пакрыцця выдаткаў, панесеных у сувязі з аплатай штрафаў, накладзеных на ягоную жонку на падставе ч. 1 арт. 23.34 КаАП».

Вядома, што жанчыну двойчы затрымлівалі на акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Суд над мужчынам адбыўся 4 ліпеня. На працэсе мужчына цалкам прызнаў сваю віну. Суддзя Маскоўскага раёна Мінска Таццяна Мотыль, паводле судовай пастановы, прызнала мужчыну вінаватым па ч. 7 арт. 24.23 КаАП, хаця артыкул прадугледжвае толькі шэсць частак. У выніку мінчука пакаралі штрафам у памеры 480 рублёў (15 базавых велічыняў). Акрамя гэтага, суд пастанавіў на падставе п. 1 ч. 2 арт. 6.10 КаАП спагнаць ва ўласнасць дзяржавы кошт «прадмета адміністрацыйнага правапарушэння» — 2396 рублёў і 7 капеек, ці 900 еўра.

За надпіс «Жыве Беларусь» на заснежанай машыне

Суд Чыгуначнага раёна Віцебска разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да мясцовага жыхара — мужчына атрымаў 10 сутак арышту за надпіс «Жыве Беларусь» на заснежаным капоце машыны суседа-міліцыянта. Суддзя палічыла гэта «несанкцыянаваным пікетаваннем».

На судзе мужчына сказаў, што проста хацеў падняць суседу настрой.

Арыштавалі машыну за пікетаванне БЧБ-торбай у багажніку

У Ваўкавыску ў пачатку жніўня асудзілі жанчыну паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП «несанкцыянаванае пікетаванне». Яе абвінавацілі ў тым, што яна «ў багажніку сваёй машыны размясціла для агульнага агляду торбу бел-чырвона-белага колеру, а на панэлі аўтамабіля — сімволіку з выявай арнаменту таго ж колеру». Сваю віну жанчына не прызнала. У выніку суд пастанавіў аштрафаваць яе на 155 базавых велічыняў (4 960 рублёў), а машыну і тэлефон пакінуць пад арыштам, пакуль яна не сплаціць суму штрафа.

Жанчына вырашыла абскардзіць рашэнне суда. 15 верасня скаргу разглядаў Гродзенскі абласны суд. Жанчына была ўпэўненая, што сімволіка, якая знаходзілася ў аўтамабілі, у тым ліку торба бел-чырвона-белага колеру, не з’яўляецца фактам выказвання пратэсту супраць дзейнай улады. Таксама яна на судзе адзначыла, што былі парушаны яе канстытуцыйныя правы, а сама яна прыцягнута да адказнасці незаконна. У выніку рашэнне пакінулі без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

15 сутак за «Пагоню» на нумарным знаку аўтамабіля

Дзмітрыя Каваленку асудзілі ў Мінску 29 верасня на 15 сутак. Яго прызналі вінаватым у «пікетаванні рамкай з арнаментам на нумары аўтамабіля» (арт. 24.23 КаАП). Міліцыянты разглядзелі на нумарным знаку маленькі герб «Пагоня».

Акрамя гэтага, у Дзмітрыя забралі на экспертызу яго машыну, якую пасля вызвалення не вярнулі.

Арышт за аркуш паперы з дзіцячым малюнкам на акне

У Мінску асудзілі 33-гадовага Елісея Карпанава паводле арт. 24.23 КаАП «несанкцыянаванае пікетаванне». Яго затрымалі 15 кастрычніка, а асудзілі праз два дні ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Паводле пратакола, Елісей прыняў удзел у несанкцыянаваным пікетаванні шляхам размяшчэння на акне кватэры белага аркуша паперы.

Сам Карпанаў на судзе растлумачыў, што аркуш вывесіў даўно, бо на ім быў малюнак дзіцяці. Ён не прызнаў сваю віну, бо не лічыць гэтыя дзеянні пікетаваннем. Таксама ён пацвердзіў, што ведаў пра такі спосаб пратэсту. У выніку суддзя Таццяна Мотыль прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак.

Адправілі за краты за «пікетаванне аб’явай пра продаж календара з Пагоняй» на «Куфары»

У пачатку лістапада ў Мінску затрымалі хлопца па скарзе «неабыякавай грамадзянкі». Нібыта ён «з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў пікетаванне шляхам размяшчэння аб’явы пра продаж календара з выявай Пагоні і лозунгамі: „Жыве Беларусь!“, „Жыве вечна!“, „Не разбіць!“, „Не спыніць!“, „Не стрымаць!“». Міліцыянеры расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаванне» і склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП.

Хлопец на судзе паведаміў, што аб’яву размясціў у пачатку кастрычніка і не думаў, што гэта з’яўляецца правапарушэннем. Мэты пікетаваць такім чынам у яго не было. На судзе зачыталі і тлумачэнні сведкі, па словах якой, яна зайшла на сайт «Kufar» і пабачыла аб’яву з Пагоняй і лозунгамі. Суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў хлопца да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Велізарныя штрафы за «публічнае знаходжанне без руху на адным месцы»

У Мазыры 27 лютага затрымалі кампанію з шасці чалавек, якія прыехалі з Калінкавічаў. У 17.00 па ўсёй краіне была анансаваная антываенная акцыя. Як паведамляе «Палеская Вясна», затрымалі іх па ініцыятыве мазырскага ўчастковага. Згодна з яго рапартам, «тры жанчыны і тры мужчыны, якія пры іншых мімаходных грамадзянах працяглы час знаходзіліся на адным месцы без руху, чым публічна дэманстравалі сваю масавую скупнасць».

У выніку за «публічнае знаходжанне без руху на адным месцы» на ўсіх склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП. Судзілі іх у розных судах: у Мазыры і Калінкавічах. Вядома, што траім жанчынам прызначылі 70 і 15 базавых штрафу (2240 і 480 рублёў адпаведна), мужчыне — 800 рублёў штрафу.

Затрыманне за пікет з плакатам «Спыніце вайну»

Мінчанка Жанна Трафімец 1 сакавіка выйшла на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску з адзіночным пікетам супраць нападу Расіі на Украіну. У руках яна трымала плакат «Спыніце вайну» і жоўта-блакітныя балонікі. Сілавікі затрымалі яе проста разам з унучкай. У Цэнтральным РУУСе на яе склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за несанкцыянаванае пікетаванне і выпусцілі да суда з позвай. Праз дзень суддзя Цэнтральнага раёна Таццяна Акавітая аштрафавала жанчыну на 95 базавых велічыняў (3 040 рублёў).

Акрамя гэтага, разам з Жаннай затрымалі і студэнта пятага курса БНТУ Мікалая Антаневіча, які проста фатаграфаваў жанчыну. Яго арыштавалі на 15 сутак.

Жанчыну ў Лідзе аштрафавалі за спальванне блакітна-жоўтых фаераў да Дня незалежнасці Украіны

У судзе Лідскага раёна 3 лістапада адбыўся суд над мясцовай жыхаркай. Яе абвінавацілі ў «несанкцыянаваным пікетаванні» паводле арт. 24.23 КаАП. Згодна з пратаколам, яна, знаходзячыся каля чыгуначнага маста праз раку Лідзейка, «правяла адзіночнае пікетаванне ў гонар Дня незалежнасці Украіны: падчас спальвання фаераў колераў сцяга дадзенай дзяржавы запісала на відэа і размясціла відэаролік на сваёй старонцы ў Instagram».

Віну сваю жанчына на судзе не адмаўляла. Але адзначыла, што не ведала пра тое, што гэтыя дзеянні супрацьпраўныя. У выніку суд пастанавіў прызнаць жанчыну вінаватай і аштрафаваць яе на 20 базавых велічыняў (640 рублёў).

Арышт за блакітна-жоўтыя лампадкі каля помніка «ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій»

У Бабруйску 9 верасня быў затрыманы Вячаслаў Букас. Падставай для затрымання сталі дзве блакітныя і дзве жоўтыя лампадкі, якія мужчына запаліў і паставіў каля помніка «Бабруйчанам-ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій». У пратаколе па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) пазначана, што такім чынам Букас «выказваў сваё грамадска-палітычнае меркаванне да Дня незалежнасці Украіны». Сваю віну мужчына прызнаў.

Вядома, што міліцыянты правялі дактыласкапічную экспертызу — на лампадках знайшлі адбіткі пальцаў Вячаслава. Фота з лампадкамі 24 жніўня былі апублікаваныя ў тг-канале «Бобруйск Online». Гэтыя фота знайшлі і ў тэлефоне мужчыны. Таксама быў дапытаны сведка, які распавёў, што асабіста бачыў, як Букас падпальвае лампадкі. У выніку суддзя Алена Гормаш 12 верасня прызнала Букаса вінаватым у «пікетаванні» і арыштавала яго на 15 сутак.

Спявачку арыштавалі за выкананне твораў украінскага гурта «Океан Эльзи»

3 жніўня на Зыбіцкай прайшоў вулічны канцэрт спявачкі Мэрыем Герасіменкі на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі». Яна спявала песню «Океана Эльзи» «Обійми» у падтрымку Украіны. Спявачку затрымалі і двойчы арыштавалі на 15 сутак, з ёй затрымалі і ўладальніка бара з жонкай. Пасля арыштаў яе перазатрымалі ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

На 15 сутак арыштавалі беларуса за блакітна-жоўты шалік

У Полацку 27 лютага на выбарчым участку затрымалі 54-гадовага Сяргея Хлебадара. Прычына — блакітна-жоўты шалік. На думку міліцыянтаў, мужчына такім чынам паўдзельнічаў у «несанкцыянаваным пікетаванні». Суд прызнаў Сяргея вінаватым па арт. 24.23 КаАП і арыштаваў яго на 15 сутак.

У Віцебску жанчыну арыштавалі за пікетаванне блакітна-жоўтымі кветкамі

На плошчы Перамогі ў Віцебску 27 лютага затрымалі Кацярыну Бекан за тое, што ў яе руках былі блакітна-жоўтыя кветкі. Мясцовыя міліцыянты расцанілі гэта як «несанкцыянаванае пікетаванне» і склалі пратакол паводле артыкулу 24.23 КаАП. Вынік — 10 сутак арышту.