Увечары 14 ліпеня па Беларусі пранеслася бура — паводле звестак МНС, загінулі шэсць чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Пацярпелі каля 600 населеных пунктаў, паваліліся сотні дрэваў. Гэта найбуйнейшае стыхійнае бедства апошняга часу для нашай краіны. Аднак 27 гадоў таму, у чэрвені 1997-га, у Беларусі ўжо адбывалася нешта падобнае. Тагачасны буйны ўраган называлі «самым моцным за апошнія 100 гадоў». Расказваем, як менш за тры дзесяцігоддзі таму група смерчаў вырывала дрэвы з коранем, разбурала дамы і забівала людзей у Беларусі.
«Нібыта атамную бомбу ўзарвалі»
Магутны ўраган гуляў па Беларусі ўвечары 23 чэрвеня 1997 года. Ён прыйшоў з боку Украіны, дзе таксама пакінуў пасля сябе разбурэнні і загінулых. Відавочцы расказвалі пра тое, што з прыходам стыхіі імгненна зрабілася цёмна, а з дахаў паляцеў шыфер, які «ўтыкаўся ў зямлю на паўмятровую глыбіню». Моцны вецер падымаў у паветра кароваў і іншую жывёлу. У рэпартажы расійскага ТБ-6 з Беларусі тады гаварылася, што «магутны смерч некалькі гадзін запар гуляў уздоўж мяжы Беларусі і Украіны».
«Уражанне засталося на ўсё жыццё. Як аблокі чырвонага колеру хутка-хутка клубіліся ў далечыні, а мы глядзелі і не разумелі, што гэта такое. А потым рэзка як дзьмухнула — роў, заслона і ўсё паляцела. Нібыта атамную бомбу ўзарвалі», — расказваў адзін з відавочцаў.
Хуткасць ветру ў той вечар дасягала 30 м/с, у Ганцавіцкім раёне на Брэстчыне — да 32 м/с, колькасць ападкаў раўнялася сярэднямесячнай норме — да 60 мм. Надвор’е тады вызначаў паўднёвы цыклон. На яго халодным фронце ў Польшчы і на захадзе Украіны выстраілася лінія шквалаў, якая пасля разраслася і хутка ссоўвалася на паўночны ўсход. То-бок у Беларусь. Як адзначалі спецыялісты, у кожным канкрэтным месцы магутны ўраганны шквал доўжыўся каля некалькіх хвілін, пачынаўся раптоўна і гэтак жа хутка спадаў.
Жыхарка вёскі Хатава Стаўбцоўскага раёна Наталля Ельяшэвіч успамінала: «…бура была неймавернай сілы. Дзеці ад страху хаваліся пад стол, было страшна нават зірнуць у акно». Яшчэ адзін мясцовы жыхар, Станіслаў Чарняўскі, які не пабаяўся ў той час адсунуць фіранку, убачыў, «як дзве чорныя віхуры злучыліся ў адну, прайшліся з трэскам па полі і зноў раз’ядналіся». У навакольных вёсках жыхары расказвалі, што ў адной сям'і ветрам назаўжды знесла навязанага ў полі каня.
Пад Мінскам ураган закрануў Ратамку — там у той дзень на адным з палёў для коней мясцовыя хлапчукі гулялі ў футбол. Калі пачаўся дождж, яны схаваліся пад дах невялікага будынка для суддзяў і каментатараў. Забеглі туды і іншыя падлеткі, якія праходзілі міма. Раптам рэзкім парывам ветру падняло кепска замацаваны дах, і са сцен з грукатам пасыпаліся цагліны. Дзеці ў страху пабеглі. У гэтыя секунды дах канчаткова скінула ўніз, у бок дзвярнога праёму — проста на людзей. Дзяцей ратаваў мужчына, які жыў па суседстве. Пацярпелі тады як мінімум трое хлопцаў — у аднаго была разбітая галава і зламаны таз, у дзяўчынкі зламаная нага, яшчэ адзін пацярпелы быў без прытомнасці.

У цэлым моцны вецер тады прывёў да гібелі пяці чалавек, траўмаваныя былі 52, пацярпелі 695 населеных пунктаў. Як пісала «Советская Белоруссия», стыхійнае бедства «аказалася самым моцным за апошнія 100 гадоў — разбурана больш за 7000 будынкаў, павалена 6000 гектараў лесу, вырваныя з коранем дрэвы дыяметрам да 50 см, у паветры лёталі прадметы вагой да 300 кг».
У дадатак на тэрыторыі 70 тысяч гектараў былі моцна пашкоджаныя сельскагаспадарчыя пасевы, сур’ёзныя страты панеслі лясны фонд, перапрацоўчая прамысловасць. Аказаўся паралізаваны рух у многіх напрамках: паваленыя дрэвы перагарадзілі аўтамабільныя і чыгуначныя дарогі. Па ўсёй краіне не хапала паліва, кабельных ліній, будаўнічых матэрыялаў.
Эколаг Леанід Чумакоў адзначаў, што пашкоджанні былі нетыповымі для непагадзі: «Я апынуўся ў адным з найбольш пацярпелых раёнаў — Валожынскім. Падчас агляду тэрыторый мяне вельмі ўразілі два моманты. Па-першае, тое, як былі разбураныя два дамы ў адной з вёсак пад Валожынам: дахі ў іх не былі сарваныя — ні бярвёны, ні цэгла не валяліся вакол. Было ўражанне, што нехта зверху націснуў на іх — вось яны і склаліся, як картачныя домікі. Потым, калі я трапіў у Стаўбцоўскі раён, убачыў гектары лесу, дзе дрэвы нібыта зрэзалі брытвай: 2/3 ствала засталося, а кроны як і не было. Не можа быць такога, каб на адной вышыні вецер зрэзаў усе хвоі. З такімі анамаліямі я ніколі больш не сутыкаўся, ні ў мяне, ні ў маіх калег так і не знайшлося разумных тлумачэнняў гэтаму».

Самае цяжкае становішча тады склалася на Брэстчыне, асабліва ў Івацэвіцкім, Іванаўскім і Ганцавіцкім раёнах. Былі сарваныя дахі з 10−80% жылых дамоў у больш чым ста населеных пунктах, разбурана да 60% будынкаў сельгасвытворчасці. Больш за ўсё вецер разгуляўся ў Ганцавіцкім раёне, які застаўся без святла. На Міншчыне ўраган закрануў галоўным чынам у Валожынскі, Нясвіжскі і Капыльскі раёны — былі абясточаныя 1410 населеных пунктаў, пашкоджаныя сотні жылых дамоў. У сталіцы істотных разбурэнняў не было. Аднак прыкметна пацярпеў прыватны сектар — у асноўным ад псавання ЛЭП.
Дарэчы, той ураган «знёс» і выходныя. Каб сабраць дадатковыя сродкі на дапамогу пацярпелым, Саўмін абвясціў суботнік на 28 і 29 ліпеня.
На верталёце над Беларуссю лётаў Шайгу
Праз два дні пасля разгулу стыхіі, 25 чэрвеня, у Беларусь прыляцеў міністр па надзвычайных сітуацыях Расіі Сяргей Шайгу (пазней стаў міністрам абароны, пад кіраўніцтвам якога РФ пачала поўнамаштабную агрэсію супраць Украіны). Перад журналістамі ён разважаў пра тое, што «жывуць побач два народы, якія практычна лічацца адным народам». Шайгу разам са сваёй дэлегацыяй аблятаў пацярпелыя раёны на верталётах сумесна з прадстаўнікамі МНС Беларусі.
На наступны дзень пасля прылёту Шайгу на брыфінгу ў МЗС было абвешчанае рашэнне Беларусі не звяртацца па міжнародную дапамогу, але ў выпадку, калі нейкая дзяржава вырашыць праявіць ініцыятыву, то не адмаўляцца. Адной з першых дапамогу прапанавала непрызнаная Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка, да яе далучыліся Італія, Кітай і Кыргызстан.
А Лукашэнка ў гэты час адпачываў у Сочы
Аляксандр Лукашэнка ў гэты час знаходзіўся ў Расіі, у Сочы (у той час ён актыўна ездзіў па расійскіх рэгіёнах, відаць, разлічваючы ў будучыні змяніць прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына на яго пасадзе). На наступны дзень пасля ўрагану ягоная прэс-служба паведаміла пра тэлефонную размову са старшынёй урада Сяргеем Лінгам. Сярод іншага яны гаварылі і пра ўраган. Лукашэнка скіраваў сваякам загінулых тэлеграмы. Свой візіт у Расію ён хоць і скараціў, але запланаванай паездкі ў Краснадарскі край вырашыў не адмяняць. Вярнуўшыся, палітык усё ж выправіўся ў пацярпелыя раёны і сустрэўся з мясцовымі жыхарамі.
Дзіўна, але на цяперашнім сайце Лукашэнкі няма паведамленняў прэс-службы, звязаных з тагачасным ураганам. З найбліжэйшых датаў ёсць толькі кароткае апісанне ўдзелу ў ліпеньскіх «мерапрыемствах, прысвечаных святкаванню Дня Незалежнасці», 2 ліпеня 1997 года ён выступіў на ўрачыстым сходзе, а 3 ліпеня прыняў вайсковы парад на плошчы Незалежнасці.
Гэты парад прапаноўвала адмяніць група работнікаў сталічнага завода імя Вавілава. Тады, 27 гадоў таму, 26 рабочых падпісаліся пад гатоўнасцю адпрацаваць адзін дзень у кошт дапамогі пацярпелым ад стыхіі, а таксама прапаноўвалі адмяніць парад, скараціць да мінімуму выдаткі на святкаванне 930-годдзя Мінска, спыніць фінансаванне Беларускага патрыятычнага саюза моладзі (папярэднік цяперашняга БРСМ — устаноўчы з’езд БПСМ праходзіў акурат у траўні 1997-га з удзелам Лукашэнкі).
Святкаванні Дня Рэспублікі і 930-годдзя Мінска мусілі прайсці з размахам і доўжыцца чатыры дні — з 3 да 6 ліпеня. Супраць такой палітыкі адразу выступілі Беларускі народны фронт і сацыял-дэмакраты, назваўшы маштабныя народныя гулянні «бяседай падчас чумы». «У вёсках — гора, у Мінску — свята», — пісала газета «Свабода». Сумарная шкода ад урагану ацэньвалася ў 1−1, 5 трыльёна тагачасных рублёў (прыкладна 65−100 мільёнаў даляраў па курсе на той момант). У той жа час толькі на добраўпарадкаванне Мінска перад святам пайшло блізу 50 мільярдаў рублёў (больш за 3 млн даляраў), кошт вайсковага параду ў прэсу не пратачыўся зусім.
На той момант Лукашэнка быў ва ўладзе ўсяго тры гады — і, як бачым, тады ў краіне яму было каму запярэчыць. Цяпер амаль 70-гадовы палітык набліжаецца да 30-гадовага юбілею знаходжання ва ўладзе, незалежных партый у краіне няма, як і незалежнай прэсы, якая асвятляе палітыку. І няма каму паказаць Лукашэнку на адсутнасць спачуванняў загінулым (раней хаця б былі тэлеграмы) і наогул адэкватнай рэакцыі на тое, што адбылося.
Чытайце таксама


