Навіны пра згарэлыя аўтобусы для Беларусі цяпер не рэдкасць. У снежні 2023 года пасажырскі МАЗ згарэў у Дрыбінскім раёне, у красавіку 2023 года — у Чэрвенскім, а ў кастрычніку 2022-га скрадзены аўтобус выгараў дашчэнту пад Баранавічамі. Акрамя таго, аўтобусы Мінскага завода рэгулярна загараюцца ў Расіі — толькі з пачатку 2024-га адбыліся як мінімум чатыры такія выпадкі. На шчасце, у асноўным такія здарэнні абыходзяцца без чалавечых ахвяр. Але роўна 44 гады таму, 3 сакавіка 1980 года, загаранне аўтобуса ў Мінску прывяло да адной з самых страшных трагедый у пасляваеннай гісторыі Беларусі. Успамінаем пра жахлівую катастрофу, ахвярамі якой сталі не менш за 23 чалавекі.
Як 62-і аўтобус апынуўся ў возеры з бензіну
Мінск 1980 года быў індустрыяльным горадам, колькасць насельніцтва якога пераваліла за 1,3 мільёна чалавек. Увесну хуткавыраслая сталіца БССР рыхтавалася прыняць частку спаборніцтваў XXII летніх Алімпійскіх гульняў, для якой рэканструявалі стадыён «Дынама» (ён атрымаў другі ярус трыбун, новае табло і асвятляльныя мачты, а таксама чашу для алімпійскага агню).
Мабыць, галоўным прынцыповым адрозненнем Мінска 1980 года ад сучаснага горада, якое кінулася б у вочы гіпатэтычнаму падарожніку ў часе, была адсутнасць метро. Першую палю Маскоўскай лініі метрабудаўнікі забілі ў зямлю ў чэрвені 1977 года, але да адкрыцця метрапалітэна ў 1984-м заставалася чакаць яшчэ чатыры гады.
Пакуль жа мінчукоў з новабудоўляў-спальнікаў да заводаў і назад перавозіў толькі наземны транспарт — аўтобусы, трамваі і тралейбусы. Адной з галоўных рабочых конікаў мінскіх аўтобусных паркаў разам са львоўскімі ЛАЗамі і лікінскімі ЛіАЗамі тады былі венгерскія «Ікарусы» — ёмістыя і камфортныя для свайго часу машыны.
Каля 11 раніцы 3 сакавіка 1980 года адзін з такіх аўтобусаў вёз каля трох дзясяткаў пасажыраў па 62-м маршруце праз вялікую кальцавую развязку, якая злучае вуліцы Сталетава, Запарожскую і Філімонава (у той час — Металістаў). Сярод мінчукоў гэтая развязка вядомая як Запарожская плошча, хоць афіцыйна такога статусу не мае. За рулём «Ікаруса» быў неспрактыкаваны стажор.
Вясна ў Мінску на той момант надышла толькі па календары: на дварэ ўсё яшчэ быў трохградусны мароз, у горадзе з зімы ляжалі сумёты, месцамі ішоў невялікі снег.
Крыху раней за аўтобус на кальцавую развязку выехаў бензавоз з цыстэрнай, поўнай паліва. А крыху пазней — легкавы аўтамабіль «Масквіч» медыцынскай службы. Такія машыны выкарыстоўваліся для дастаўкі медработнікаў на дом да пацыентаў. Так на Запарожскай плошчы апынуліся ўсе ўдзельнікі будучай трагедыі.
Ёсць дзве версіі падзей, якія апісваюць тое, як участак праезнай часткі на Запарожскай плошчы аказаўся заліты бензінам. Паводле адной з версій, бензавоз ЗІЛ-130 цягнуў за сабой яшчэ адну цыстэрну-прычэп. Паварочваючы на кальцы з Запарожскай на Металістаў (Філімонава), кіроўца бензавоза не справіўся з кіраваннем і правым колам прычэпа наехаў на бардзюр. Праз гэта цыстэрна-прычэп перакулілася. Паводле другой версіі, у ролі бензавоза выступаў аўтамабіль ГАЗ — і ён ехаў без прычэпа. Проста мацаванне паміж цыстэрнай і кузавам не вытрымала нагрузкі, апошняя «з'ехала» са свайго месца і нахілілася ўбок прыкладна на 90 градусаў.
У абедзвюх версіях адзначаецца, што люк цыстэрны з прычыны злачыннай халатнасці не быў закрыты герметычна (вечка было закручанае нітам толькі з аднаго боку замест двух — магчыма, для эканоміі часу). У выніку бензін з ёмістасці лінуў на асфальт. Кіроўца бензавоза, выскачыўшы з кабіны, паспрабаваў закрыць люк і ўпёрся ў яго спінай. Але паток бензіну быў такім, што мужчына толькі вымак — і адышоў у бок. Пасля гэтага кіроўца, замест таго каб пазначыць месца аварыі знакамі «Рух забаронены», пайшоў у найбліжэйшы будынак, каб патэлефанаваць кіраўніцтву свайго прадпрыемства і паведаміць яму пра здарэнне.
Аўтамабіляў на вуліцы было няшмат. Многія кіроўцаў заўважылі перакулены бензавоз, ацанілі небяспеку і пачалі разварочвацца. А вось 62-і аўтобус з неспрактыкаваным кіроўцам спыніўся проста ў бензінавай лужыне. Аднак, зразумеўшы сур’ёзнасць сітуацыі, кіроўца-стажор адчыніў двое аўтобусных дзвярэй, прычым з першых мог выйсці толькі ён.
Пекла на Запарожскай плошчы
Пасажыры, якія на той момант наўрад ці ўсведамлялі навіслую над імі пагрозу, пацягнуліся да выхаду праз адзіныя даступныя для іх дзверы. Тыя, хто паспеў выйсці, аказаліся па шчыкалатку ў бензіне, але не спяшаліся адысці ад транспарту далей. Яны спадзяваліся вярнуцца ў аўтобус, калі кіроўца вырашыць ехаць далей па маршруце. Гэтае маруджанне для многіх з іх стала фатальным: выратавальныя сумёты, якія маглі абараніць ад агню, ляжалі ўсяго за паўметра ад аўтобуса.
Астатнім дарогу да выхаду перагарадзіла жанчына, якая зачапілася торбай за поручань. Два дзясяткі пасажыраў цярпліва чакалі ўнутры, калі яна вызваліцца і выйдзе вонкі.
Тым часам да ўтворанага затору наблізіўся згаданы вышэй медыцынскі «Масквіч». Яго кіроўца, відаць, не ўбачыў перакуленай цыстэрны і вырашыў аб’ехаць аўтобус і натоўп, які ўтварыўся каля яго.

Выконваючы гэты манеўр, ён раптам зразумеў, што аказаўся не ў звычайнай лужыне вады, а пасярод невялікага бензінавага возера — і рэзка затармазіў. Рухавік «Масквіча» заглух. Хутчэй за ўсё, кіроўца чыста машынальна адразу павярнуў ключ у замку запальвання. Але іскры, якая ўзнікла падчас пуску рухавіка, хапіла, каб запаліць пары бензіну, што сабраліся над месцам аварыі. І ў лічаныя секунды «Ікарус» і ўчастак Запарожскай плошчы вакол яго ператварыліся ў сапраўднае пекла.
Самому «Масквічу» і яго кіроўцу пашанцавала — яны паспелі выскачыць з небяспечнай зоны. Аўтобус, ужо ахоплены полымем, таксама паспрабаваў выехаць з бензінавага возера, але заглух. У трагедыі было мноства відавочцаў — аднак яны маглі толькі бездапаможна назіраць, як унутры ахопленага агнём аўтобуса кідаюцца людзі: полымя не дазваляла дапамагчы ім.
Адна з нямногіх выжылых пасажырак аўтобуса, Яўгенія Уладзіміраўна, ехала ў той дзень 62-м маршрутам разам са сваім мужам: «Мы ехалі ў паліклініку і сядзелі ў канцы салона. Усе месцы ў аўтобусе былі занятыя. Некалькі пасажыраў стаяла на задняй пляцоўцы. Раптам — гук, быццам ударылі кнігай па стале, і сцяна агню вырасла вакол аўтобуса. Спачатку ўсе аслупянелі. Потым людзі паўскаквалі са сваіх месцаў і пачалі крычаць, каб кіроўца адчыніў дзверы. Панікі не было. Я зняла з нагі бот і пачала біць ім па задняй шыбе, але безвынікова. Неўзабаве кіроўца адчыніў заднія дзверы. Некаторыя людзі пачалі выскокваць. Я пачала была крычаць, але муж на мяне цыкнуў, і я змоўкла. Потым кажу яму: „Давай скакаць!“ Ён — ні ў якую. Маўляў, калі выскачым, то згарым. Я тузанула яго за паліто і выскачыла на нешта мяккае. Як аказалася, на жанчыну, што ляжала ў агні. І потым ужо нічога не памятаю».
«Спачатку нас прывезлі ў 6-ю бальніцу, — успамінала жанчына. — Я ўсё пра мужа пытала. Але яго не было ні ў палатах, ні ў рэанімацыі. Потым усіх абгарэлых перавезлі ў 3-ю клініку. Родныя, калі прыехалі наведаць, не пазналі мяне. На твары жывога месца не было. Плакаць я не магла. Салёныя слёзы на абпалены твар — гэта страшны боль. Таму толькі крычала: ад крыку мне срабілася лягчэй… Абгарэлыя целы былі як галавешкі, і трупы апазнавалі па кавалачках адзення, якія цудам захаваліся паміж трупамі, што ляжалі покатам, і падлогай аўтобуса».
Алег Гаўдуровіч, тагачасны намеснік начальніка штаба пажаратушэння Мінска, успамінаў, што пажарныя прыбылі на месца пажару досыць хутка, а патушылі яго наогул амаль імгненна. Але большасці ахвяр трагедыі гэта ўжо ніяк не дапамагло.
«Пажар патушылі за 15 секунд, — успамінаў мужчына. — Уласна, тушыць амаль не было чаго: акрамя чалавечых целаў, у аўтобусе нічога не гарэла. Але тэмпература агню была высокая: поручні, да прыкладу, згарэлі амаль дашчэнту. Можаце ўявіць, што засталося ад пасажыраў. Калі агонь быў патушаны, першым, што кінулася ў вочы, стаў твар начальніка варты. Маску жаху, якая застыла на твары пажарнага, я памятаю дагэтуль. І ніякі фільм жахаў нават блізка не можа перадаць карціну, якая адкрылася нашым вачам».
Адна з ахвяр пажару асабліва адбілася ў памяці Гаўдуровіча: «Вельмі добра запомнілася маладая цяжарная жанчына. Яна паспела выйсці на тратуар, і да снежнага пакрыцця ёй застаўся адзін крок. Выратаваць яе не ўдалося».
Начальнікам гарадскога штаба пажаратушэння тады быў Франц Пасканаў. Яго ўспаміны пра катастрофу на Запарожскай плошчы падобныя да аповеду Гаўдуровіча.
«Тое, што давялося ўбачыць на месцы здарэння, немагчыма перадаць словамі, — расказваў ён. — Першай на маставой убачыў цяжарную жанчыну. Ніколі не змагу гэта забыць — скурчаныя абгарэлыя рукі абдымалі жывот, нібы яна спрабавала абараніць так і не народжанае немаўля. Побач мужчына, жанчына і яшчэ мужчына. Целы безжыццёвыя, хоць і не цалкам абгарэлыя. Аўтобус патушылі. Відовішча не для слабых нерваў — чорны каркас, у якім у неймаверных позах застылі людзі, дакладней, тое, што ад іх засталося. Яны не здолелі прабіцца скрозь полымя. Не хацелася верыць у рэальнасць таго, што адбылося. Да тых, хто падаваў хоць найменшыя прыкметы жыцця, адразу кідалася некалькі пажарных-ратавальнікаў. Не ўяўляеце, якім вялікім было жаданне выцягнуць і выратаваць хаця б каго-небудзь».
На думку Пасканава, трагедыя стала магчымай з прычыны неабдуманых дзеянняў кіроўцаў аўтобуса і медыцынскага аўтамабіля: «Шмат думаў пра гэта і ўпэўнены: гэта не фатальны збег абставінаў, а вынік неабдуманых дзеянняў. Трагедыі магло і не быць, калі б кіроўца аўтобуса не заехаў у бензінавую лужыну, а збочыў у пешаходную зону, не разгубіўся і адразу адчыніў дзверы, калі б кіроўца „Масквіча“, цвяроза ацаніўшы абстаноўку, проста пакінуў бы свой аўтамабіль, а не намагаўся яго выратаваць».
У Мінску ўсё спакойна
Дагэтуль не зусім ясна, колькі чалавек загінула ў агні 3 сакавіка 1980 года. Пажарныя некалькі разоў пералічвалі рэшткі, але лічбы ў іх увесь час атрымліваліся розныя. Часам проста немагчыма было зразумець, дзе заканчваецца адно цела і пачынаецца наступнае. Паводле афіцыйных звестак, загінулі 23 чалавекі. Дзевяцярым самым упраўным удалося выратавацца, дабраўшыся да снежных гурбаў.
Жудасная трагедыя на Запарожскай плошчы зусім не ўпісвалася ў вясёлкавую карціну савецкага жыцця, якую малявала для сваіх грамадзян прапаганда напярэдадні Алімпіяды.
Ні ўлады Мінска, ні ўлады БССР не абвясцілі жалобы па людзях, якія загінулі ў аўтобусе № 62. Наадварот, яны зрабілі ўсё, каб грамадзяне не даведаліся пра трагедыю. Пра яе не пісалі ў газетах і не расказвалі ў іншых савецкіх СМІ. Беларусы даведаліся пра страшныя падзеі дзякуючы чуткам, якія хутка распаўсюдзіліся, а таксама з паведамленняў замежных радыёстанцый накшталт «Голасу Амерыкі».
Падтрымка дзяржавы сваякам загінулых абмежавалася выдаткамі па арганізацыі пахавання. Тыя з пацярпелых, хто меў патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, атрымалі кватэры і па тры тысячы рублёў (сярэдні заробак у СССР у 1980 годзе складаў 168,9 рубля).
Суд палічыў вінаватымі ў трагедыі на Запарожскай плошчы кіроўцаў бензавоза і медыцынскага «Масквіча», якія атрымалі 12 і 5 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Хутчэй за ўсё, перад судом паўстаў бы і неспрактыкаваны кіроўца аўтобуса, які спыніў «Ікарус» у лужыне з палівам, не папярэдзіў пасажыраў пра небяспеку і не вывеў іх далей ад аўтобуса і ад бензінавай лужыны. Але яго самога даставілі ў цяжкім стане ў бальніцу, дзе праз некалькі дзён ён памёр.
Чытайце таксама


