Позняя восень — час абуджэння беларускіх кінафестываляў. Сёлетні лістапад не стаў выключэннем, і амаль адначасова пачаліся кінападзеі ў замежжы: «1084. На мяжы» ва Украіне (чакаюцца паказы анлайн для Беларусі), «Паўночнае ззянне» ў Літве і Эстоніі (паказы для беларусаў таксама анлайн), «Бульбамуві» ў Польшчы. У самой жа Беларусі сёння пачынаецца сваё асобнае свята кіно — кінафестываль «Лістапад», які да 2020-га лічыўся цэнтральнай кінападзеяй краіны. Але пасля таго, як у 2021-м Мінкульт адабраў права на яго арганізацыю і правядзенне ў прыватнага цэнтра «АртКарпарэйшн» і перадаў нацстудыі «Беларусьфільм», фестываль істотна змяніўся як каштоўнасна, так і па змесце. Кінажурналіст Тарас Тарналіцкі расказвае, што праз тры гады кіравання «Беларусьфільмам» стала з галоўным кінафестывалем Беларусі.
Аднамомантная дэградацыя
Цягам усіх 2010-х гадоў «Лістапад» заставаўся ўплывовай культурнай падзеяй усходнееўрапейскага рэгіёна, якая спецыялізавалася на кінематографе краін постсавецкай і камуністычнай прасторы. Ён без усялякіх зніжак лічыўся сапраўдным мостам паміж беларускай культурнай прасторай і глабальным светам кіно.
На кінафорум у Мінск прыязджалі сусветна вядомыя кінематаграфісты, напрыклад французская актрыса і рэжысёрка Аньес Варда ці сербскі рэжысёр Эмір Кустурыца, а ў кінатэатрах шлі стужкі, якія нядаўна ўдзельнічалі ў конкурсах фестываляў А-класа: «Берлінале», Венецыянскай мостры, Канаў. «Лістапад» знаходзіўся ў абойме Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF), на ім працавала журы FIPRESCI (Міжнародная федэрацыя кінапрэсы).
2020 год стаў пераломным не толькі для краіны, але і для «Лістапада». Падзея ў той год была фактычна адмененая за суткі да правядзення, а ў наступным годзе дзяржава паставіла кіраваць фестывалем кінастудыю «Беларусьфільм».
Новая дырэкцыя істотна змяніла прыярытэты фестывалю. Ён страціў міжнародны статус праз скасаванне акрэдытацыі ў FIAPF і пачаў факусавацца выключна на фільмах з яшчэ прыязных да беларускіх афіцыйных уладаў краін: Расіі і іншых дзяржаваў СНД, Азіі, Бліжняга і Дальняга Усходу. З рэпертуару знікла незалежнае беларускае кіно, Нацыянальны конкурс быў цалкам адменены. Апошні замяніў кантэнт вытворчасці «Беларусьфільма», а ў міжнародную праграму пачалі адбіраць толькі стужкі з кансерватыўным зместам: фільмы пра духоўнасць і веру, традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.
Фокус з лічбамі
Такой ахоўна-ідэалагізаванай стратэгіі «Лістапад» прытрымліваецца і сёлета. Нягледзячы на гучныя заявы пра атрыманне 2087 заявак ад кінематаграфістаў са 107 краін, усёй гэтай міжнароднай разнастайнасці ў сёлетняй праграме не пабачыць.
Асноўны змест праграмы займаюць стужкі з Расіі і Беларусі, Казахстана і Кітая, Пакістана, Туркменістана, Ірана, Сірыі і гэтак далей. Агулам атрымалася налічыць фільмы з 17 краін, з якіх ёсць па адным фільме з Намібіі, Карэі і ЗША.
Вялікую колькасць атрыманых заявак таксама трэба ўспрымаць скептычна, бо, як можна меркаваць, ільвіная іх доля была атрыманая праз спецыялізаваныя анлайн-сэрвісы па адпраўцы фільмаў на кінафестывалі, кшталту FilmFreeWay ці Festhome (з іх дапамогай усе зарэгістраваныя карыстальнікі могуць масава дасылаць фестывалям уласны кантэнт). Нават зусім невядомыя форумы могуць атрымаць сотні ці тысячы заявак ад шматлікіх карыстальнікаў, якія прагнуць увагі і поспеху.
Да таго ж узнікае справядлівае пытанне — ці адглядае дырэкцыя фестывалю ўвесь дасланы ім кантэнт. Рэч у тым, што збор заявак сёлета пачаўся 15 верасня, скончыўся 10 кастрычніка, а сфармаваную праграму апублікавалі 13 лістапада. Цяжка сабе ўявіць, наколькі вялікай і працаздольнай мусіць быць каманда «Лістапада», каб за 34 дні прагледзець такі масіў кантэнту і сфармаваць праграму паказаў.
Але, як тлумачаць ананімныя крыніцы з ліку арганізатарскага складу «Лістапада», працэс фармавання праграмы адбываецца іншым чынам. Сетка паказаў збіраецца праз камунікацыю з амбасадамі «сяброўскіх» краін-партнёраў, якія дасылаюць спісы фільмаў ад уласных міністэрстваў культуры (гэта ўскосна пацвярджалі і арганізатары «Лістапада»). А пазасталыя дзіры «затыкаюць» ужо тым кантэнтам, які трапляе праз анлайн-сэрвісы.
Адчувальную ідэалагізаванасць «Лістапада» падкрэслівае і спіс запрошаных гасцей. Сярод іх можна сустрэць былога шоумена, а цяпер прадзюсара студыі «Ваенфільм» Ігара Вугольнікава, дэпутата расійскай Дзярждумы і актора Дзмітрыя Пяўцова, праваслаўнага протаіерэя Фёдара Поўнага, якога лічаць духоўнікам Аляксандра Лукашэнкі. Усе гэтыя людзі адкрыта падтрымалі вайну ва Украіне і прапагандуюць ідэі так званага «рускага свету».
Таксама падчас фестывалю запланаванае падпісанне дамоваў пра супрацоўніцтва са згаданым прадзюсарам Вугольнікавым (ён у 2010 годзе выпусціў у супрацоўніцтве з «Беларусьфільмам» баявік «Брэсцкая крэпасць»), студыяй «Татаркіно» з Татарстана і кітайскай студыяй Sichuan Blue Eyes Film and Television Culture Media Со.
Апошні факт падаецца ў дзяржаўнай прэсе як вялікае дасягненне і пачатак плённай працы беларускіх і кітайскіх кінематаграфістаў. Але фактычна шэсць гадоў таму, у 2018-м, былы кіраўнік студыі Уладзімір Карачэўскі абяцаў тое ж самае — і што кіно сумеснае здымуць, і што працоўныя кадры з Беларусі атрымаюць кітайскі досвед. Але нічога са згаданага так і не спраўдзілася. Паглядзім, ці атрымаецца ў новага кіраўніка нацстудыі Юрыя Аляксея пацвердзіць словы рэальнымі справамі.
Будучыня — у мінулым
Яшчэ адной візітоўкай абноўленага «Лістапада» можна лічыць адсутнасць гучных імёнаў аўтараў у праграме. Па вялікім рахунку, кінаманам і нават кіназнаўцам з вялікім досведам большасць прозвішчаў рэжысёраў наўрад ці шмат што скажа. Безумоўна, у праграме ёсць прадстаўнікі аўтарскага кінематографу, напрыклад Барыс Хлебнікаў — стваральнік нашумелай расійскай меладрамы «Арытмія». Але гэта хутчэй выключэнне з агульнага правіла.
Беларускага кіно таксама няшмат. А тое, што ёсць, — выключна «беларусьфільмаўскае». Летась былы кіраўнік нацстудыі Уладзімір Карачэўскі абяцаў плённа працаваць з моладдзю і адправіць іх працы на «Лістапад», дзеля чаго нават быў арганізаваны конкурс кінапраектаў. Але за новае пакаленне кінематаграфістаў зноў, як і ў мінулым годзе, працуе адзін Кірыл Халецкі — выпускнік Акадэміі мастацтваў, які зняў на студыі свой дэбютны поўнаметражны фільм. Гэта вытворчая камедыя «Кіношнікі» — уласна пра тое, як маладыя людзі здымаюць кіно на «Беларусьфільме».
Калі разбіраць змест стужак з конкурсных праграм, то выявіцца, што большасць з іх расказвае пра адносіны ў сем’ях, каханне, бацькоўскія абавязкі, разуменне рэлігіі, веры і духоўнасці, вайну ў агульным сэнсе. Стужак пра вайну ва Украіне, палітычны крызіс у Беларусі і іншыя актуальныя тэмы ў праграме фестывалю не знайсці.
Калі накласці на гэта пазаконкурсны паказ савецкай кінакласікі (драмедзі «Міміно», камедый «Сардэчна запрашаем, або Староннім уваход забаронены» і «Сцеражыся аўтамабіля», камедыйнай сатыры «Кін-Дза-Дза»), пачынае іншымі сэнсамі граць сёлетні слоган фестывалю — «Ствараем будучыню». Бачна, што арганізатары відавочна пазбягаюць усялякай небяспечнай рэфлексіі на рэчаіснасць, складанасці сучаснага свету, прапануючы занурэнне ва ўтульнае і пазнавальнае савецкае мінулае.
Чытайце таксама


