На сцэне вільнюскага Малога тэатра прайшлі паказы спектакля Infinity («Бясконцасць») з беларускімі і англійскімі субтытрамі. Тэма пастаноўкі, прэм’ера якой адбылася яшчэ летась, — падзеі ў Беларусі падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га. Пагаварылі з літоўскай тэатральнай рэжысёркай Габрыэле Тумінайтэ, чаму тэма Беларусі стала для яе адной з найважнейшых у творчасці, якія памылкі здзейсніў Захад у дачыненні да нашай краіны і як на яе спектакль адрэагавалі простыя літоўцы.
Габрыэле пачала ствараць Infinity ў 2020-м, калі ў нашай краіне ішлі пратэсты. Тады яна працавала над іншай пастаноўкай: пра дэпартацыі і высылкі з Літоўскай ССР у Сібір.
Для яе гэта асабістая гісторыя — прабабуля і прадзядуля Габрыэле былі высланыя туды за сталінскімі часамі.
— Яны там памерлі, мая бабуля засталася сіратой, толькі потым вярнулася ў Літву. Такія людзі, як яна, імкнуліся захоўваць літоўскі нацыянальны дух і ў высылцы, спявалі нашыя песні, каб у будучыні іх дзеці аднавілі незалежную Літву. Таму я з дзяцінства слухала гісторыі пра рэпрэсіі і вельмі баялася вайны. Гэта быў мой самы вялікі кашмар: калі яна пачнецца, не буду ведаць, каго ратаваць.

У 2020-м Габрыэле рэпетавала спектакль у Лукішскай турме.
— Вяртаюся неяк адтуль дадому, уключаю тэлевізар і бачу, што ў Беларусі адбываецца тое самае, што калісьці ў Літве: рэпрэсіі, паламаныя лёсы.
Праз паўтара года ў Расіі пачалі казаць, што [не спыняцца на Украіне], што пойдуць далей, [на Захад]. Усе мае сябры казалі, што ў наш час танкаў на вуліцах не будзе. А я настойвала, што адчуваю напружанне, чую лозунгі, у якіх выяўляецца агрэсія. Я як параноік скупіла ежу, думала, што рабіць, калі не будзе сувязі. Для мяне вайна — вельмі рэальная, яе падзеі не здаюцца мне чымсьці далёкім.
Калі рэжысёрка глядзела на пратэсты ў Беларусі, яна разумела, што «голас гэтага вялізнага натоўпу знікне», а гэта несправядліва.
— Збоку падзеі ў Беларусі здаваліся карнавалам. Я не магла паверыць, што ўсё гэта адбываецца ў рэальнасці. Таму ў спектаклі я выкарыстоўваю гратэск. Але ў такой рэпартажнай форме не абысціся без псіхалогіі.
Infinity — міжнародны праект, які аб’ядноўвае ў сабе джаз і тэатр. Яго літаратурная аснова — п’еса беларускага драматурга Андрэя Курэйчыка, а таксама ўрыўкі з твораў літоўскага паэта і кінарэжысёра Іёнаса Мекаса. Да актораў Малога тэатра ў гэтай пастаноўцы далучыўся джазавы аркестр NoJo Airlines Orchestra, які выйшаў на сцэну.
Тэатр і джаз у спектаклі — гэта нібыта спаборніцтва двух полюсаў: тэатр увасабляе напружанне аўтарытарызму, а джаз — дабро і дзейнасць свабоднай, непрыгнечанай творчай асобы.
— Музыкі, якія граюць джаз, дэманструюць свабоду думкі. І мы выдатна ўпісалі іх у гэтую жорсткую тэму. Іх зброя — гэта свабода.
На думку рэжысёркі, цяпер важна гаварыць пра тое, як грамадства рэагуе на падзеі, што адбыліся: вырашае забыць пра гэта, нівеляваць барацьбу рэвалюцыянераў ці памятаць пра яе.
— Колькім беларусам з тэатральнай сферы паламалі жыцці, кар’еры, — разважае Тумінайтэ. — Але дагэтуль сустракаюцца людзі, якія кажуць, што гэтым ахвярам не пашанцавала ці яны зрабілі нешта не так. А што не так? Яны сядзелі ў турме, іх білі, гвалтавалі. Такая ж схема існавала і з Літвой. Нам казалі: вы ж прынялі Савецкі Саюз! Стамляешся ад гэтых тлумачэнняў, але потым трэба неяк узбадзёрыцца, набрацца сіл і адстойваць праўду.
Габрыэле перакананая, што сусветная супольнасць памылілася, калі адразу не ўмяшалася ў сітуацыю ў Беларусі.
— Калі ёсць сведчанне, што краіна сістэмна робіць такія жахлівыя рэчы, трэба адразу спыняць усе кантакты. Гэта як плесня, якую калі не спыніць, яна патроху разрастаецца і далей.
Тумінайтэ падкрэслівае: хоць рэвалюцыя ў Беларусі не перамагла, гэта не мяняе таго факту, што з тысячамі яе ўдзельнікаў цяпер адбываецца жахлівае.
— Хтосьці сядзіць у турме, хтосьці ў эміграцыі, а хтосьці хаваецца ў краіне. Але злачынства супраць гэтых людзей здзейсненае. Пра гэта трэба казаць.
У яе спектаклі ёсць маналог беларуса, які памёр у турме.
— Ён кажа, што яго смерць нічога не каштавала. Для мяне гэта балюча. У гэтым моманце хочацца, каб людзі, якія так адчуваюць, падумалі інакш, каб гэта не было праўдай.
Праз усю пастаноўку праходзіць тэма барацьбы дабра і зла. Цікавімся ў Тумінайтэ, ці перамагае дабро.
— У пастаноўцы ёсць дзяўчынка, якая чакае, калі яе бацькі вернуцца з пратэстаў, назірае за падзеямі з балкона. Яна стварае там свой свет, але ў выніку зло прыходзіць на яе балкончык. І знішчае яе. Аптымістычнага фіналу няма. А калі казаць пра жыццё, то трэба не дазваляць злу прыйсці. Кожнае меркаванне, кожнае слова на гэта працуе.
Літоўскі глядач з цікавасцю ўспрыняў пастаноўку, кажа Тумінайтэ.
— Шмат станоўчых рэакцый. Але адна мая знаёмая выйшла са спектакля злосная, пачала пытаць, чаму граем на рускай мове. А там яе не было. Выявілася, што ёй пачулася руская, настолькі моцная траўма ў чалавека.

У Беларусі Габрыэле была некалькі разоў да 2020-га, прыязджала на тэатральныя фестывалі.
— Была ў Магілёве, там была нейкая савецкая атмасфера, — успамінае яна. — Але я заўсёды сустракала нейкіх цікавых людзей. Мне падабаўся рух беларускага тэатру наперад. Здавалася, яшчэ крыху — і Беларусь і Літва будуць развівацца ў адным кірунку. А гэтыя дзяды з чырвонымі тварамі не далі нам будаваць свет так, як хочам. Усё скончылася, людзі вярнуліся ў разбураны свет. Думаю, што толькі мае дзеці зноў убачаць нейкія змены.