Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У брытанскім выдавецтве «Скарына» 1 верасня выходзіць кніга «Мінскі дзённік», прысвечаная масавым пратэстам 2020 года ў Беларусі. Што цікава, гэта пераклад на беларускую з англійскай — твор быў напісаны менавіта на гэтай мове. Мы пагутарылі з яго аўтаркай, паэткай і перакладчыцай Юліяй Цімафеевай пра падзеі 2020-га і іх асэнсаванне ў літаратуры, гісторыю з'яўлення кнігі, напісанне твора па-англійску і пераклады на некалькі еўрапейскіх моў, а таксама пра незакрыты гештальт мірных пратэстаў.

«У чужой мове я адшукала тую інтанацыю, з якой мне хацелася расказаць сваю гісторыю»

— Айчынныя пісьменнікі звычайна пішуць свае кнігі па-беларуску або па-руску. Чаму вы выбралі англійскую?

— У самым канцы верасня 2020 года лонданскае выданне Financial Times замовіла мне англамоўнае эсэ пра жыццё ў Мінску. Тэкст перадрукавала шведская газета. Публікацыю заўважыла буйное мясцовае выдавецтва і прапанавала выдаць мой «пратэсты дзённік» цалкам.

Але ніякага дзённіка на той момант я не вяла, на гэта не хапала ні часу, ні маральных сіл. І ўсё ж я пагадзілася яго напісаць. Напісаць на англійскай мове, якая дазволіла б стварыць дыстанцыю паміж гераіняй і мной, якая б аслабіла напружанне і прыглушыла боль. Да таго ж знайсці перакладчыкаў з англійскай нашмат прасцей, чым з беларускай. Выдавецтва хацела выпусціць кнігу, якая атрымала назву «Мінскі дзённік» (у арыгінале Minsk Diary), напрыканцы года, а таму на яе стварэнне і пераклад на шведскую ў нас было ўсяго некалькі тыдняў у кастрычніку 2020-га (пазней выйшла яшчэ адна, пашыраная версія кнігі — пра гэта ніжэй. — Заўв. рэд.).

— Дагэтуль вы пісалі па-англійску? Іншая мова заўжды ўплывае на твор і яго стылістыку.

— Свой першы (і пакуль адзіны) верш па-англійску я напісала ў жніўні 2020-га, за некалькі дзён да выбараў. My European Poem быў не падобны да таго, што я пішу па-беларуску. Ён нашмат больш палітычны, нашмат больш патэтычны, бліжэйшы да слэм-паэзіі (творчае спаборніцтва, падчас якога творцы дэкламуюць уласныя творы. — Заўв. рэд.). Звернуты ад пачатку да небеларускай аўдыторыі, ён друкаваўся ў розных часопісах, анталогіях і зборніках.

Книги Юлии Тимофеевой. Фото: личный архив
Пераклады «Мінскага дзённіка» Юліі Цімафеевай. Фота: асабісты архіў аўтаркі

Замежная мова дала мне магчымасць іначай зірнуць на ўласную ідэнтычнасць і сваё месца ў свеце, адчуць сябе цалкам упісанай у еўрапейскі кантэкст, гаварыць на роўных, без пасрэдніцтва, з аўтаркамі і аўтарамі з іншых краін.

Таму не дзіва, што сваё эсэ і пасля «Мінскі дзённік» я напісала па-англійску. Ён ад пачатку загучаў у маёй галаве на гэтай мове. Безумоўна, англійская мне не родная (Юлія скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. — Заўв. рэд.), аднак менавіта ў гэтай чужой мове я адшукала тую інтанацыю, з якой мне хацелася расказаць сваю гісторыю. Можа, з-за таго, што ў беларускай літаратуры бракуе непадцэнзурнай аўтабіяграфічнай прозы? Бо ў таталітарнай дзяржаве кожнае прызнанне магло несці ў сабе небяспеку для аўтара. Не хачу верыць, што ўсё гэта можа паўтарыцца.

А калі казаць пра ўплывы шырэй, то не толькі мова змяняе оптыку, але і краіна жыхарства. За апошнія амаль тры гады мы з Альгердам (пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, муж паэткі. — Заўв. рэд.) змянілі некалькі краін, шмат вандравалі і неадрыўна глядзелі на Беларусь, глядзелі з перспектывы Аўстрыі, Германіі, Швейцарыі і нават Аўстраліі. Гэта вельмі цікавы досвед.

Юлия Тимофеева и Ольгерд Бахаревич. Фото: личный архив
Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч. Фота: асабісты архіў Юліі Цімафеевай

— «Мінскі дзённік» — гэта…

— …прыватны дакумент эпохі, у якім я расказваю, з чаго складалася штодзённае жыццё шараговых удзельнікаў пратэстаў і што мы адчувалі ў тыя дні. Мне было важна захаваць гэтыя сведчанні гістарычнай падзеі як для тых, хто іх не перажыў, гэтак і для нас будучых.

Магчыма, мая гераіня (якая ў многім супадае са мной, але да канца, вядома, мне не тоесная) у нечым наіўная. Магчыма, я наўмысна зрабіла яе такой, аднаўляючы храналогію жніўня 2020-га. Але наіўнасць і эмацыйнасць, мне падаецца, пасуюць «Дзённіку».

— У кнізе Альгерда Бахарэвіча «Ператрус ў музеі» ёсць апавяданне «Азарэнне», у якім галоўныя героі хаваліся ад сілавікоў у краме. Збоку Альгерд і вы ўспрымаецеся прататыпамі галоўных герояў. Ці не?

— Не магу сказаць, што я цалкам тоесная Альгердавай гераіні, ды і Альгерд у маёй кнізе не да канца тоесны сабе. Гэта, хутчэй, малюнак, мадэрнісцкі партрэт у стылі Пікасо ці, можа, Сальвадора Далі, а зусім не фатаграфія на пашпарт. Магчыма, мяне крыху закранула празмерная інтымнасць у апісанні (усміхаецца), бо многія, як і вы, падумаюць, што Агнія (гераіня «Азарэння», паэтка і спадарожніца галоўнага героя. — Заўв. рэд.) — гэта я. Але Альгерд як аўтар мае на гэта права, ды і я таксама.

«Прапушчаныя палова жніўня і ўвесь верасень, бо апісваць наступныя дні было проста невыносна»

— Учаплюся за фразу «аднавіць жнівеньскія падзеі». Кніга пісалася ў кастрычніку 2020 — сакавіку 2021 года. Але гаворка пачынаецца з падзей 5 жніўня. Ці карэктна называць твор дзённікам? Вы пісалі кнігу тады, калі прамежкавы вынік пратэстаў ужо быў вядомы.

— Той, хто калі-небудзь вёў дзённік, ведае, што ўсё, што ты пішаш, ты пішаш па памяці. Наша свядомасць апрацоўвае інфармацыю, і, калі падзея вартая таго, усё ператвараецца ва ўспамін, нават калі гэта адбылося ўчора. З цягам часу ўспаміны блякнуць і змяняюцца. І цяпер, натуральна, было б вельмі дзіўна расказваць пра жнівень 2020-га ў выглядзе дзённіка. Але праз паўгода карціны першых дзён пратэсту былі для мяне такімі яркімі, што я вырашыла іх апісаць. І не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі падтрымка і цікавасць Альгерда. Гэта ён пераконваў мяне працягваць, калі ў мяне здараліся нервовыя зрывы пасля ўзгадак пра чарговы пратэсны дзень.

Юлия Тимофеева. Фото: Ольгерд Бахаревич
​ Юлія Цімафеева. Фота: Альгерд Бахарэвіч

Для аднаўлення карціны я карысталася сваімі фотаздымкамі, зробленымі на тэлефон, сваімі пастамі ў сацсетках, «тэлеграмнай» перапіскай з сябрамі і роднымі, часам аўдыёзапісамі, а таксама, вядома, тэкставымі трансляцыямі, якія вялі беларускія СМІ. І, вядома, я старалася захоўваць той самы настрой, тыя ўздым і адчай, якія мы адчувалі, гайдаючыся на эмацыйных арэлях.

Агулам гэта эмацыйная і інтымная кніга. «Пісьмом у бутэльцы» называў Осіп Мандэльштам паэзію. Калі верш «адгукаецца», паміж чытачкай верша і яго аўтаркай складаецца інтымная сувязь. Для мяне дзённікавая форма — працяг гэтай паэтычнай інтымнасці, хаця паэтычных прыёмаў у кнізе амаль няма.

Першапачаткова я адрасавала гэтую кнігу замежнікам, адукаваным і цікаўным да чужога досведу. Але шведам або сучасным немцам можа быць няпроста ўявіць уласныя ўцёкі ад паліцыі. А вось калі я кажу «я», «ты», «мы», гэта дае магчымасць чытачам адчуць сябе побач са мной на вуліцы ў вялізным радасным натоўпе ці за кухонным сталом, пакуль цемра і выбухі накрываюць наш горад. Я хацела менавіта гэтага: не проста расказаць, што з намі было (гэта робяць журналісты і даследчыкі), а даць людзям з, падавалася б, зусім адрозным досведам, адчуць нашы надзею і радасць, расчараванне і страх.

— Вы згадалі шведаў і немцаў. А на якія мовы ўжо перакладаўся «Мінскі дзённік»?

— Калі мы з Альгердам з’ехалі з Беларусі і апынуліся ў аўстрыйскім Грацы, я больш чым удвая пашырыла «Мінскі дзённік». Гэтая пашыраная версія выйшла ў нямецкім перакладзе. Праз год яна з’явілася па-нідэрландску — мясцоваму выдавецтву яе параіла даўняя сяброўка Беларусі, журналістка Франка Хумель. У абодвух выпадках тэкст друкаваўся ў выглядзе кнігі. Таксама «Дзённік» выходзіў па-літоўску (публікаваўся ў часопісе), фрагменты тэкста перакладаліся на нарвежскую. У скарочаным выглядзе я ўключыла «Дзённік» у маю паэтычную кнігу Motherfield, што летась выйшла ў ЗША, — так твор з’явіўся ў арыгінале пасля шэрагу перакладаў. Цяпер нарэшце выходзіць і беларуская версія.

Книга Юлии Тимофеевой «Motherfield». Фото: личный архив поэтессы
Кніга Юліі Цімафеевай Motherfield. Фота: асабісты архіў аўтаркі

— Чаму толькі цяпер?

— Мне было цяжка падступіцца да перакладу і летась, і сёлета. Падчас перачытвання мяне апаноўвалі трывога і роспач, бо я ведала, чым усё абярнулася. Першая частка кнігі абрываецца на маршы 16 жніўня. Другая частка пачынаецца 1 кастрычніка. Прапушчаныя палова жніўня і ўвесь верасень, але не таму, што я нічога не памятала, а таму, што апісваць наступныя дні было проста невыносна.

Акрамя таго, я не магла знайсці для тэкста патрэбную інтанацыю. Пачынала працу і пастаянна адкладвала. Таму перакладала патроху, па старонцы ці дзве на дзень. Але ўжо паўторна рэдагуючы, я ўспрымала сваю кнігу нашмат спакайней.

— Пакуль ішла праца над «Дзённікам», ваш муж пісаў творы, прысвечаныя тым жа праблемам. Праца над адной і той жа тэмай дапамагала творчаму працэсу ці, наадварот, замінала?

— У сакавіку 2021-га, калі я заканчвала «Мінскі дзённік», Альгерд пісаў у асноўным эсэ і адказваў на пытанні інтэрв'ю, прысвечаныя беларускай тэме. Працаваць над мастацкай кнігай пра тыя самыя падзеі ён пачаў значнай пазней.

Да таго ж у нас з Альгердам зусім розныя мастацкія метады.

Але пры гэтым мы заўжды ў пастаянным дыялогу. Ён першы мой чытач, і я таксама чытаю ўсе творы Альгерда яму ўголас, нават раман «Сабакі Эўропы» (у яго каля тысячы старонак. — Заўв. рэд.). Мы абмяркоўваем амаль усё, што чытаем ці чуем, дзелімся думкамі і ідэямі, мабыць, гэтаму таксама спрыяе нашая цяперашняя ізаляванасць ад цэнтраў беларускага эмігранцкага жыцця.

Ольгерд Бахаревич и Юлия Тимофеева. Фото: личный архив
​ Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч. Фота: асабісты архіў ​Юліі Цімафеевай

Часам мы гэтай дыялагічнасцю карыстаемся ў карыслівых мэтах. Наш сённяшні пісьменніцкі дом знаходзіцца на ўзгорку. І штодня караскаючыся дахаты, мы наўмысна пачынаем абмяркоўваць нейкую надзвычай балючую тэму, каб незаўважна для саміх сябе падняцца ўгору.

«Маю родную вёску адсялілі амаль адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, а тут пра яе піша The New York Times»

— Якімі накладамі разышлося кожнае з замежных выданняў?

— На гэтае пытанне, на жаль, не магу адказаць. У большасці краін такая інфармацыя — камерцыйная таямніца. Але, вядома, яны большыя, чым мае беларускія наклады.

— Але ж у Беларусі заўсёды пазначаюць наклад.

— Думаю, у былым СССР гэта рабілі ў тым ліку, каб кантраляваць распаўсюд літаратуры. А вось у Заходняй Еўропе вымогаў пісаць наклад няма, у Чэхіі і Польшчы — таксама. На новых кнігах беларускага выдаўца Андрэя Янушкевіча і пражскага выдавецтва «Вясна» таксама няма пра тое інфармацыі.

— Для кожнай з публікацый «Дзённіка» нешта даводзілася змяняць?

— Калі пісала па-англійску, безумоўна, я арыентавалася на неабазнанага ў беларускай гісторыі чытача. І тлумачыла некаторыя рэчы. Напрыклад, калі і пры якіх умовах Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, што такое Курапаты або «Плошча Перамен». Але я старалася не абцяжарваць свой тэкст даўгімі экскурсамі ў гісторыю. Усё ж гэта дзённік, а не навуковае даследаванне.

Книга Юлии Тимофеевой. Фото: личный архив
Пераклад «Мінскага дзённіка» Юліі Цімафеевай на нідэрландскую мову. Фота: асабісты архіў аўтаркі

— Рэцэнзію на вашую Motherfield друкавала The New York Times…

— У 2020−2021 годзе Беларусь была на слыху, і рэцэнзіі на кнігі выходзілі ў найбуйнейшых шведскіх, нямецкіх і нідэрландскіх газетах ды часопісах. Я была прыемна ўсхваляваная, калі пачалі з’яўляцца рэцэнзіі ў вялікіх амерыканскіх выданнях кшталту World Literature Today ці згаданай вамі The New York Times.

Мяне расчуліла, як рэцэнзентка апошняга пачынае свой водгук са згадкі вёскі Спярыжжа (у Брагінскім раёне. — Заўв. рэд.), дзе я нарадзілася. Яе адсялілі амаль адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі, а тут пра яе піша The New York Times! Я радая, што прынамсі такім чынам захавала памяць пра сваю маленькую і ўжо амаль не існую радзіму.

— Атрымліваецца, вы страцілі радзіму двойчы. Спачатку вёску, потым — усю Беларусь.

— Калі ўлічыць, што мая сям’я пераехала з Брагіншчыны ў іншую вёску, то страт больш. Так, мне падаецца, пра вымушанае перасяленне пасля Чарнобыльскай катастрофы цяпер пішуць мала. Магчыма, таму што перасялялі ў асноўным вяскоўцаў, чые перажыванні не было асабліва каму апісваць у мастацкай літаратуры. Але нават для мяне гэта даволі траўматычны досвед. Што казаць пра старэйшых «перасяленцаў», як нас называлі, чые сем'і стагоддзямі жылі на адным месцы і якія ў сталым веку страцілі ўсё і мусілі прывыкаць да новага ладу жыцця. Мяне вельмі хвалюе гэтая тэма, асабліва цяпер, у выгнанні, я яе пераасэнсоўваю і пра яе пішу.

— Мяркую, акрамя рэцэнзій на кнігу не абышлося без сустрэч з чытачамі. Што іх цікавіла?

— Аднойчы ў мяне была анлайн-сустрэча са студэнтамі Гётэборгскага ўніверсітэта. Яны загадзя чыталі шведскую версію «Мінскага дзённіка» і My European Poem, а пасля цягам некалькіх гадзін задавалі мне пытанні. Сярод прысутных былі студэнткі, якія паходзілі з Бліжняга Усходу. Яны казалі, наколькі кніга ім адгукнулася, наколькі яны суадносілі маю гісторыю са сваёй уласнай або з гісторыяй сваёй краіны.

Я заахвочвала іх напісаць пра сябе, бо не проста ж так іх сем'і апынуліся ў Швецыі. Але яны адказвалі, што важна, каб была перакладзеная менавіта мая, важна, каб яе прачыталі людзі ў Іране і Сірыі. Мы гаварылі пра тое, як падобныя нашыя дыктатуры і як сябруюць нашыя дыктатары, і пра тое, наколькі важна адчуваць блізкасць людзей з падобным досведам з іншых краін і бачыць, што мы не адны. Пра тое, што мая кніга мусіць быць перакладзеная не толькі на заходнія мовы, але і на ўсходнія… І тады я раптоўна задумалася пра сваю еўропацэнтрычнасць.

Юлия Тимофеева и Ольгерд Бахаревич. Фото: личный архив
​Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч. Фота: асабісты архіў ​Юліі Цімафеевай

Падчас сустрэч чытачы часта запытвалі, што стала з гераіняй другога плану — нашай Кошкай. На жаль, пятнаццацігадовая Кошка, якую мы пакінулі ў Беларусі пад апекай блізкіх, не дачакалася нашага вяртання і сышла ў іншасвет.

— Кніга прынесла вам шмат болю. У вас ёсць радасць ад яе напісання?

— Натуральна. Я вельмі радая, што, нягледзячы на ўсё, гэтая кніга ёсць, што яна мае сваіх чытачоў за мяжой. Я спадзяюся, што і для беларусаў яна застанецца прыватным дакументам эпохі, якая працягвае нас трымаць сталёвай хваткай.

Пераклад «Мінскага дзённіка» на беларускую мову ў фармаце электроннай кнігі выйдзе 1 верасня. Папяровы варыянт можна будзе купіць увосень анлайн праз сайт выдавецтва і на беларускіх імпрэзах у Польшчы, Літве і Вялікабрытаніі.

Читайте также