Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Расійскі самалёт-разведчык А-50, магчыма, выведзены з ладу на аэрадроме ў Мачулішчах атакай беларускіх партызан, цікавы, акрамя сваіх тэхнічных магчымасцяў, вельмі высокім коштам. Гэта адзін з самых дарагіх узораў расійскай тэхнікі, кошт якога, паводле некаторых звестак, можа даходзіць да паўмільярда даляраў. Гэта амаль палова выдаткаў на нацыянальную абарону, запланаваных у дзяржаўным бюджэце Беларусі на 2023 год (прычым гэты артыкул выдаткаў у параўнанні з мінулым годам вырас больш чым напалову). Вырашылі паглядзець, якая зброя ў свеце самая дарагая.

Колькі каштуе А-50, які знаходзіўся ў Мачулішчах

У паведамленнях пра А-50, якія з’явіліся пасля магчымай атакі на гэты самалёт, звычайна фігуруюць ацэнкі яго кошту паміж 300 і 350 мільёнамі даляраў (апошнюю лічбу, у прыватнасці, агучыў былы пазаштатны дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч).

Але ёсць і вышэйшыя ацэнкі. Журналіст выдання «Forbes Украіна» Уладзімір Дацэнка звярнуў увагу на тое, што ў 2020 годзе Індыя купляла ў Расіі два дадатковыя самалёты А-50ЭІ (экспартны варыянт А-50), і агульная сума кантракту тады склала каля 1 мільярда даляраў. Такім чынам, кошт аднаго экспартнага самалёта для заказчыка склаў каля 500 мільёнаў даляраў.

Индийский А-50, 2009 год. Фото: Michael Sender. jetphotos.net, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Індыйскі А-50, 2009 год. Фота: Michael Sender. jetphotos.net, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Адзначым таксама, што ў Мачулішчах знаходзілася самая сучасная версія расійскага самалёта далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛВ) — А-50У, у якой усталяваны найноўшы радыётэхнічны комплекс з палепшанымі характарыстыкамі выяўлення нізкалётных і малапрыкметных цэляў. Паводле ацэнкі «Forbes Украіна», ён можа быць нават даражэйшы, чым варыянт для экспартных паставак. Калі ўлічыць, што выдаткі на нацыянальную абарону ў бюджэце Беларусі на 2023 год запланаваныя ў аб’ёме 2,8 мільярда рублёў (каля 1,1 мільярда даляраў па цяперашнім курсе), атрымліваецца, што адзін расійскі самалёт абышоўся б нашай краіне прыкладна ў 40% яе абароннага бюджэту.

Дарэчы, Расія з 2014 года распрацоўвае новую версію самалёта ДРЛВ — А-100. Але гэтая праца затармазіла праз санкцыі, уведзеныя заходнімі дзяржавамі на пастаўкі ў Расію электронных кампанентаў, у тым ліку мікрасхем.

Самыя дарагія ваенныя самалёты

А-50 — гэта вельмі дарагі самалёт. Яго амерыканскі аналаг (а дакладней, правобраз), самалёт ДРЛВ Boeing E-3 Sentry AWACS, каштуе «ўсяго» каля 270 мільёнаў даляраў за штуку. Ён таннейшы ў тым ліку і дзякуючы буйнасерыйнай вытворчасці. Калі ў СССР было пабудавана каля 25 А-50, то E-3 Sentry разышоўся партыяй больш за 60 самалётаў. З іх 31 знаходзіцца на ўзбраенні ў ЗША, сем — у Вялікабрытаніі, чатыры — у Францыі, пяць — у Саудаўскай Аравіі, яшчэ 17 знаходзяцца ва ўласнасці NATO як арганізацыі.

Тым не менш ёсць у свеце і даражэйшыя ваенныя самалёты.

Даражэйшы за ўсе — амерыканскі малапрыкметны стратэгічны бамбардзіроўшчык Northrop Grumman B-2 Spirit. Кошт аднаго «Спірыта» — 2,13 мільярда даляраў, то-бок амаль два гадавыя ваенныя бюджэты Беларусі. Гэты велізарны самалёт з максімальнай узлётнай вагой больш чым 150 тон выкананы з выкарыстаннем тэхналогіі «стэлс», дзякуючы чаму для вайсковых радараў ён «выглядае» як цэль памерам з чмяля.

Американский стратегический бомбардировщик B-2 Spirit над рекой Миссисипи в городе Сент-Луис, штат Миссури, США. 10 августа 2006 года. Фото: U.S. Air Force / Tech. Sgt. Justin D. Pyle - af.mil, Public Domain, commons.wikimedia.org
Амерыканскі стратэгічны бамбардзіроўшчык B-2 Spirit над ракой Місісіпі ў горадзе Сэнт-Луіс, штат Місуры, ЗША. 10 жніўня 2006 года. Фота: U.S. Air Force / Tech. Sgt. Justin D. Pyle — af.mil, commons.wikimedia.org

Другімі па кошце самалётамі ваеннага прызначэння ў свеце стануць тыя самыя расійскія А-50ЭІ, закупленыя Індыяй. Характарыстыкі расійскіх самалётаў не задавальняюць індыйскую армію, а таму іх абсталяванне будзе дапоўненае ізраільскімі радарамі EL/W-2090 PHALCON. Кошт дзвюх прыладаў для дзвюх машын складае яшчэ 1 мільярд даляраў. Такім чынам, Індыя на куплю двух расійскіх А-50ЭІ і двух ізраільскіх радараў для іх выдаткуе два мільярды даляраў. А значыць, адзін такі самалёт будзе каштаваць прыкладна мільярд — то-бок абыдзецца амаль у гадавы абаронны бюджэт Беларусі.

На трэцім месцы — два амерыканскія самалёты Boeing VC-25, прызначаныя для прэзідэнта ЗША. На тое, каб лічыць іх ваеннай тэхнікай, ёсць некалькі прычын. Яны ўваходзяць у склад Ваенна-паветраных сіл ЗША і, калі на іх знаходзіцца амерыканскі лідар, выкарыстоўваюць у паветры пазыўны Air Force One (літаральны пераклад — «ВПС № 1», рускамоўны аналаг гэтай фразы — «Борт № 1»). З аднаго боку, гэты самалёт уяўляе сабой Белы дом (рэзідэнцыю прэзідэнта ЗША) у мініяцюры — тут ёсць рабочы Авальны кабінет, канферэнц-зала, месцы для прэсы і іншых пасажыраў, адсекі для медыкаў і сакрэтнай службы. З іншага боку, як і іншыя ваенныя самалёты, ён абсталяваны сістэмай дазапраўкі ў паветры і абаронай ад ракетнай зброі.

Один из американских «президентских» самолетов Boeing VC-25 в Токио. 23 апреля 2014 года. Фото: East Asia and Pacific Media Hub U.S. Department of State, Public Domain, commons.wikimedia.org
Адзін з амерыканскіх прэзідэнцкіх самалётаў Boeing VC-25 у Токіа. 23 красавіка 2014 года. Фота: East Asia and Pacific Media Hub U.S. Department of State, commons.wikimedia.org

Цана аднаго такога самалёта — каля 390 мільёнаў даляраў, то-бок ён таннейшы за самыя дарагія версіі расійскага А-50. Але гэта толькі пакуль: Boeing працуе над двума новымі прэзідэнцкімі самалётамі, стварэнне якіх можа абысціся амерыканскім падаткаплатнікам у 3,9 мільярда даляраў.

У лік самых дарагіх ваенных самалётаў уваходзіць таксама амерыканскі малапрыкметны шматмэтавы знішчальнік пятага пакалення F-22 Raptor (350 мільёнаў даляраў за штуку — то-бок усяго ваеннага бюджэту Беларусі хапіла б на тры такія самалёты). Амерыканскі цяжкі ваенна-транспартны самалёт Boeing C-17 Globemaster III абыходзіцца прыкладна ў 197 мільёнаў сваёй арміі пры закупцы буйных партый і больш чым у 300 мільёнаў замежным заказчыкам пры закупцы адзінкавых машын. Boeing P-8 Poseidon, прызначаны для барацьбы з падводнымі лодкамі і разведкі, каштуе каля 156 мільёнаў даляраў.

Американские истребители F-22 Raptor на базе ВВС США Хикэм. Гавайи, 12 февраля 2007 года. Фото: U.S. Air Force photo by Tech. Sgt. Shane A. Cuomo - af.mil, Public Domain, commons.wikimedia.org
Амерыканскія знішчальнікі F-22 Raptor на базе ВПС ЗША Хікэм. Гаваі, 12 лютага 2007 года. Фота: U.S. Air Force photo by Tech. Sgt. Shane A. Cuomo — af.mil, commons.wikimedia.org

За ім ідуць еўрапейскі знішчальнік Eurofighter Typhoon (124 мільёны даляраў), яшчэ адзін амерыканскі знішчальнік-стэлс Lockheed Martin F-35 Lighting II (122 мільёны даляраў), французскі знішчальнік Dassault Rafale (115 мільёнаў даляраў) і першы кітайскі стэлс-знішчальнік​​​​​​​ Chengdu J-20 (110 мільёнаў даляраў).

Самыя дарагія ваенныя караблі

Калі вам падаецца, што ваенныя самалёты — гэта вельмі дорага, то толькі таму, што вы яшчэ не зірнулі на сумы, у якія дзяржбюджэту абыходзіцца купля навінак для ваенна-марскіх сіл.

Самым дарагім ваенным караблём у гісторыі з’яўляецца амерыканскі атамны авіяносец​​​​​​​ USS Gerald R. Ford. Гэта «першынец» з аднайменнай серыі караблёў, якая будзе ўключаць дзесяць аднатыпных авіяносцаў. Кошт «Джэральда Форда», які ўступіў у строй у 2017 годзе, склаў 13,3 мільярда даляраў. Гэты носьбіт двух ядзерных рэактараў магутнасцю ў 700 МВт кожны мае поўнае водазмяшчэнне (то-бок максімальную вагу) 101,5 тысяч тон і даўжыню 337 метраў (даўжэй, чым тры стандартныя футбольныя палі). Для параўнання, магутнасць кожнага з двух энергаблокаў БелАЭС складае 1200 МВт. Экіпаж «Форда» ўключае да 4,5 тысячы чалавек, на яго борце могуць размясціцца да 75 самалётаў.

Атомный авианосец США USS Gerald R. Ford во время прохождения взрывного испытания на прочность корпуса. Атлантический океан, 8 августа 2021 года. Фото: Mass Communication Specialist 3rd Class Novalee Manzella - US Navy, navy.mil, Public Domain, commons.wi
Атамны авіяносец ВМС ЗША USS Gerald R. Ford падчас праходжання выбуховага выпрабавання на трываласць корпуса. Атлантычны акіян, 8 жніўня 2021 года. Фота: Mass Communication Specialist 3rd Class Novalee Manzella — US Navy, navy.mil, commons.wikimedia.org

Будучыя браты «Джэральда Р. Форда» па серыі ненашмат таннейшыя. У чэрвені 2024 года амерыканскі флот плануе атрымаць «Джона Ф. Кэнэдзі» коштам 12,7 мільярда даляраў, у сакавіку 2028-га — «Энтэрпрайз» (12,8 мільярда), а ў лютым 2032-га — «Дорыс Мілер» (12,9 мільярда даляраў). Новыя караблі мусяць замяніць авіяносцы папярэдняга пакалення тыпу «Німіц». Такім чынам, кошт аднаго амерыканскага авіяносца новага пакалення параўнальны з ваенным бюджэтам Беларусі за 11 гадоў.

Другім па кошце караблём ваеннага прызначэння ў свеце можна лічыць брытанскі авіяносец HMS Queen Elizabeth, стварэнне якога абышлося казне Злучанага Каралеўства ў 6,2 мільярда фунтаў стэрлінгаў (на момант стварэння — 10,6 мільярда даляраў). На трэцім месцы размясціўся найноўшы амерыканскі стэлс-эсмінец​​​​​​​ Zumvalt (7 мільярдаў даляраў), на чацвёртым — амерыканскія атамныя авіяносцы папярэдняга тыпу «Німіц» (пабудова апошняга з іх, USS George H. W. Bush, абышлася ў 6,2 мільярда даляраў). Пятым замыкае наш спіс французскі атамны авіяносец Charles de Gaulle (3,2 мільярда даляраў — амаль тры гадавыя бюджэты Беларусі на нацыянальную абарону).

Эсминец ВМС США Zumwalt на приемочных испытаниях во время перехода через Атлантический океан. 21 апреля 2016 года. Фото: National Museum of the U.S. Navy, Public Domain, commons.wikimedia.org
Эсмінец ВМС ЗША Zumwalt на прыймальных выпрабаваннях падчас пераходу праз Атлантычны акіян. 21 красавіка 2016 года. Фота: National Museum of the U.S. Navy, commons.wikimedia.org

Самая дарагая наземная зброя

На першы погляд зброя, якая выкарыстоўваецца на зямлі, мусіць быць значна таннейшая за паветраныя і марскія ўзоры. Кошт нават самых дарагіх танкаў у сотні разоў саступае кошту авіяносцаў або стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў. Напрыклад, французскі AMX-56 Leclerc ацэньваецца ў 9,3 мільёна, паўднёвакарэйскі К2 «Чорная пантэра» — у 8,5 мільёна, індыйскі Arjun — у 7,8 мільёна, італьянскі С1 Ariete — у 7,5 мільёна, а брытанскі Challenger II — у 7,2 мільёна даляраў.

Южнокорейский танк К2 «Черная пантера» – один из самых дорогих современных танков. Фото: Simta, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Паўднёвакарэйскі танк К2 «Чорная пантэра» — адзін з самых дарагіх сучасных танкаў. Фота: Simta, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Але і на зямлі можна знайсці вельмі дарагое ўзбраенне. Праўда, створанае яно акурат для таго, каб супрацьстаяць паветраным цэлям. Гаворка ідзе пра зенітна-ракетныя комплексы (ЗРК). Асаблівасць такой зброі — іх праца ў складзе групаў, якія ўключаюць у сябе пускавыя ўстаноўкі, модулі кіравання агнём і радыёлакацыйныя комплексы. Таму іх кошт прынята ацэньваць у складзе такой групы — батарэі, — якая ўключае ўсе машыны, неабходныя для паўнавартаснага вядзення бою. Кошт батарэі найноўшага расійскага ЗРК С-500 «Праметэй» у 2020 годзе ацэньваўся ў 700−800 мільёнаў даляраў, батарэя амерыканскага ЗРК Patriot Pac-2 каштуе каля 1 мільярда даляраў, а батарэя амерыканскага супрацьракетнага комплексу THAAD — каля 3 мільярдаў даляраў.

Две пусковые установки американского противоракетного комплекса THAAD. Румыния, сентябрь 2019 года. Фото: Navy Lt. Amy Forsythe. Public Domain, commons.wikimedia.org
Дзве пускавыя ўстаноўкі амерыканскага супрацьракетнага комплексу THAAD. Румынія, верасень 2019 года. Фота: Navy Lt. Amy Forsythe, commons.wikimedia.org

Вельмі дорага абыходзіцца і ядзерная зброю са сродкамі яе дастаўкі да праціўніка. Прыняты ў верасні 2020 года пяцігадовы план Пентагона па развіцці ядзернай зброі ў ЗША прадугледжвае вылучэнне не менш чым 167 мільярдаў даляраў, якія пойдуць на распрацоўку, закупку ядзернай зброі і яе падтрыманне ў баяздольным стане. 13,3 мільярда даляраў з гэтай сумы плануецца выдаткаваць на стварэнне новай міжкантынентальнай балістычнай ракеты.