«Кіберпартызаны» атрымалі доступ да базаў з афіцыйнымі прычынамі смерці беларусаў. У ёй ёсць звесткі пра Макея, Зельцэра і Ашурка
20 снежня 2024 у 1734712980
Злата Сонцава / «Зеркало»
Базы дадзеных «Кіберпартызан» папоўніліся інфармацыяй пра памерлых жыхароў Беларусі аж да 2024 года з афіцыйнымі прычынамі смерці. Пра гэта паведамляецца ў тэлеграм-канале аб'яднання хакераў.
Яны адзначаюць, што гэтыя звесткі могуць спатрэбіцца для журналісцкіх расследаванняў.
«Такім чынам, звесткі па-ранейшаму выцякаюць, а рэжым не ў стане гэта спыніць», - гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца таксама, «што ўсе здзекі з беларускага народа фіксуюцца і не застануцца беспакаранымі. Ніхто не ўнікне адказнасці».
У якасці доказу яны апублікавалі некалькі скрыншотаў з інфармацыяй пра смерць экс-міністра замежных справаў Уладзіміра Макея і былога міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі, а таксама памерлага ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка, загінулага ў сваёй кватэры айцішніка Андрэя Зельцэра, да якога ўварваліся сілавікі, і іншых людзей, чые смерці выклікалі рэзананс у грамадстве.
Так, афіцыйнай прычынай смерці Уладзіміра Макея названыя «іншыя недакладна абазначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці». Тое самае гаворыцца пра смерць Аляксея Аўраменкі і Вітольда Ашурка.
Афіцыйнай прычынай смерці Андрэя Зельцэра ў атрыманых хакерамі звестках названая «адкрытая рана пярэдняй сценкі грудной клеткі». Гэтая ж прычына называецца і ў звестках пра загінулага на пратэстах Аляксандра Тарайкоўскага.
Яшчэ адзін загінулы падчас пратэстаў 2020 года - Генадзь Шутаў - памёр, паводле афіцыйных звестак, ад ачаговай траўмы галаўнога мозгу.
Афіцыйнай прычынай смерці супрацоўніка КДБ, які ўварваўся ў кватэру Зельцэра - Дзмітрыя Федасюка, - названыя «іншыя ўдакладненыя траўмы з улучэннем некалькіх абшараў цела».
«Кіберпартызаны» паабяцалі неўзабаве апублікаваць таксама статыстыку смяротнасці і нараджальнасці ў Беларусі, якую ўлады пачалі хаваць.