Пасля масавых затрыманняў 31 кастрычніка і 1 лістапада некалькіх беларусаў узялі пад варту за «змову з мэтай захопу ўлады»
16 лiстапада 2024 у 1731746700
Мсціслаў Жураўлёў / «Зеркало»
Некалькі чалавек змясцілі пад варту на падставе артыкула 357 Крымінальнага кодэкса (Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) пасля масавых затрыманняў, якія прайшлі па ўсёй Беларусі 31 кастрычніка і 1 лістапада, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Частку затрыманых пасля допытаў адпусцілі на волю як сведак па крымінальнай справе.
Аблавы праводзілі супрацоўнікі КДБ, у затрыманых правялі ператрусы ў дамах.
Адзначаецца, што КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» шэраг дваровых чатаў. Праваабаронцы лічаць, што прычынай масавых затрыманняў стаў менавіта ўдзел у такіх чатах.
Паводле звестак «Вясны», крымінальны пераслед па арт. 357 выкарыстоўваўся ўладамі з 2020 года супраць актывістаў і палітыкаў.
«Усяго за чатыры гады за "замах на змову ці змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады" асудзілі не менш за 67 чалавек, амаль палову з іх - завочна. Цяпер у зняволенні 25 чалавек, пазбаўленыя волі паводле гэтага артыкула, яшчэ двое былі нядаўна памілаваныя Лукашэнкам», - гаворыцца ў паведамленні.
Пра масавыя затрыманні 31 кастрычніка і 1 лістапада праваабаронцам вядома, што супрацоўнікі КДБ затрымалі каля сотні чалавек. Рэйды прайшлі ў Ваўкавыску, Навагрудку, Мінску, Смаргоні, Беразіно, пасёлку Елізава. Некаторым затрыманым задавалі пытанні пра дваровыя чаты, якія былі асабліва папулярныя пасля выбараў 2020 года, таксама сілавікі цікавіліся іх актыўнасцю ў 2020 і 2021 гадах.
Праваабаронцы нагадалі, што па розных частках артыкула за «захоп улады» прадугледжанае пакаранне ад васьмі гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення ці смяротнага пакарання.
Пры гэтым удзельнік змовы ці іншых дзеянняў, учыненых з мэтай захопу або ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, вызваляецца ад адказнасці па частцы першай гэтага артыкула, калі ён своечасова і добраахвотна заявіў пра злачынства дзяржаўным органам і актыўна спрыяў яе выкрыццю.
Чытайце таксама