Быў зоркай, але двойчы трапляў у ЛПП і памёр у рэстаране ў 35 гадоў. Успамінаем трагічную гісторыю легендарнага беларускага футбаліста
8 лiстапада 2024 у 1731063900
Кірыл Папаратнікаў / «Зеркало»
«Топчацца Пеле ў чарзе па піва, і ніхто не здагадваецца прапусціць. Тады кароль звяртаецца да мужыка, які стаіць перад ім: "Падумаць толькі, я, найлепшы футбаліст свету, стаю ў чарзе!" Мужык, углядаючыся ў твар, моршчыць лоб: "Ты што, Пракоп?"». Такі анекдот беларускія заўзятары прыдумалі пра культавага футбаліста Аляксандра Пракапенку, які пражыў усяго 35 гадоў. І ў часы БССР, і ў незалежнай Беларусі з'яўляліся гульцы, якія дабіліся значна большага, чым ён, - але менавіта Пракопа, як яго менавалі заўзятары, звычайна называюць «народным футбалістам». Сёлета ў Расіі пачалася праца над сцэнарам мастацкага фільма пра гэтага ўнікальнага спартоўца. Пра тое, якіх вышыняў ён дасягнуў і як слабасці заўчасна звялі яго ў магілу, - у нашым тэксце.
Беларуская сям'я, старт кар'еры і першыя праблемы
Аляксандр Пракапенка нарадзіўся ў 1952 годзе ў Бабруйску. Яго сваякі як па бацькавай, так і па матчынай лініі былі беларусамі, іх сапраўднае прозвішча было Пракапеня. Аднак у бацькі футбаліста, які быў танкістам, падчас Другой сусветнай згарэлі дакументы, а новыя ён атрымаў ужо на іншае прозвішча - Пракапенка.
«Калі кіеўскае "Дынама" спрабавала перавабіць бацьку, людзі нават спрабавалі прозвішча абыграць, - успамінаў сын футбаліста Дзмітрый. - Маўляў, Пракапенка - украінскае "прізвище", таму футбаліст мусіць гуляць у нас, у Кіеве! Але, як мы бачым, гэты заход не меў падставаў». Дарэчы, забягаючы наперад, скажам, што Пракопа ў розныя гады клікалі і ў тбіліскае «Дынама», і ў маскоўскі «Спартак», нават у Партугалію, што тады, зрэшты, было зусім нерэальна. Але найлепшыя 13 гадоў кар'еры Пракапенка аддаў мінскаму «Дынама».
Мама футбаліста працавала ў Бабруйску выкладчыцай беларускай. Паводле словаў Дзмітрыя, у сям'і ягонага бацькі размаўлялі выключна на роднай мове.
Хлопцы, якія разам з Пракапенкам займаліся ў дзяцінстве футболам, расказвалі журналісту Васілю Сарычаву, што ў тыя гады ён не асабліва вылучаўся (дадамо, што хіба заіканнем - пазней гэта стала адной з прычын асаблівай сціпласці Пракопа).
«Лазіў у сады, збягаў з урокаў на футбол, а падчас выязных спаборніцтваў лупіўся пасля адбою падушкамі, - пісаў Сарычаў. - Дзіця позняга развіцця, пры ўсёй шустрасці і тэхнічнасці першым сярод аднагодкаў ён стане пазней. Рэдкая здольнасць прадбачыць гульню на некалькі хадоў наперад не адразу будзе заўважаная і ацэненая ў спрошчаным юнацкім футболе, дзе трэнеры хутчэй дабіваюцца турнірнага выніку, калі робяць акцэнт на акселератаў, што рвуць абарону. Некалькі разоў Пракапенку выклікалі на збор у Магілёў, але ў склад рэспубліканскай спартакіяды, які адпраўляўся на рэспубліканскую спартакіяду, не ўключалі, аддаючы пазіцыю [іншаму гульцу]».
Пасля восьмага класа Пракапенка паступіў у адкрыты ў горадзе тэхнікум гумавай прамысловасці (цяпер - Бабруйскі дзяржаўны механічна-тэхналагічны каледж), там сустрэў сваю будучую жонку, а паралельна працягваў займацца футболам у юнацкай камандзе мясцовага клуба «Будаўнік». Зорак з неба не хапаў і за асноўную каманду не выступаў - праз тое, што хлопец не засвяціўся ў дарослым футболе, яго нават адпраўлялі падстаўным гульцом выступаць у чэмпіянаце глуханямых, дзе зборная Беларусі трапіла ў прызёры (тут дапамагло тое самае заіканне - сарамлівы Пракапенка ўвесь час маўчаў і не выдаў сябе).
Пераломным стаў 1971 год, калі ў Бабруйск прыехала каманда ветэранаў зборнай Савецкага Саюза. Ажыятаж у горадзе быў такім, што абвалілася адна з драўляных трыбун стадыёна. На шчасце, абышлося без ахвяр, а пасля дзесяціхвіліннай цісканіны тыя з пацярпелых, каго не звезла хуткая дапамога, усімі сіламі шукалі сабе новыя месцы, спрабуючы не прапусціць матч. Пасля першага тайма ветэраны вялі 1:0, і тады трэнер мясцовага «Будаўніка» ўпершыню выпусціў на поле 18-гадовага Пракапенку. Той зраўняў лік, потым яго партнёр забіў яшчэ адзін мяч. Бабруйчане выйгралі, і гэта стала сенсацыяй.
Пасля гэтага юнак прапісаўся ў аснове бабруйскага клуба, а ў 1972-м стаў разам з ім чэмпіёнам БССР, пасля чаго атрымаў запрашэнне ў мінскае «Дынама», наймацнейшую каманду рэспублікі, якая выступала ў Вышэйшай лізе чэмпіянату СССР. Там ён таксама хутка стаў гульцом асновы - гуляў пад шостым нумарам на пазіцыі левага паўабаронцы.
Вось што расказваў пра гульню Пракапенкі абаронца той каманды Сяргей Бароўскі: «Скажам, Пудзік (паўабаронца мінскага "Дынама" Юрый Пудышаў. - Заўв. рэд.) мог выканаць - так, выдатна, супер, але яго дзеянні як класічнага прафесійнага гульца мы маглі прадбачыць і зразумець. А вось Пракопа, які вырас, лічы, на вулічным футболе, - ні разу. Чаму ён аднойчы вырашыў прабіць шчакой у "дзявятку" з трыццаці метраў Атару Габелія? І чаму мяч паляцеў так моцна, што дасведчаны кіпер тбіліскага "Дынама" ўбачыў яго толькі ў сетцы? Чаму, імгненна зарыентаваўшыся, забіў той знакаміты мяч кіяўлянам пяткай (пра гэты мяч мы яшчэ ўспомнім ніжэй. - Заўв. рэд.)? Ніколі не бачыў, каб Пракоп жангляваў мячом. Але аднойчы, калі Саша пайшоў у заклад, стаў сведкам таго, што і тут ён найлепшы. Паводле ўмоваў закладу, ён, не даючы мячу апусціцца на зямлю, прайшоў ад ніжняга стайкаўскага поля (у Стайках пад Мінскам знаходзіцца трэніровачная база "Дынама". - Заўв. рэд.) да сталоўкі - праз канавы, горкі і карані соснаў, адкрываючы некалькі дзвярэй, падымаючыся па ўсіх прыступках і прызямляючыся потым за сваім сталом. Саша меў фенаменальную цягавітасць і выдатную каардынацыю. Вось ён імчыць на ўсю моц, вось рэзка тармозіць і робіць рывок ужо ў іншы бок, пакідаючы абаронцу ў дурнях. І пры гэтым, як мы ведаем, Саша не быў рэжымшчыкам і, як той казаў, мог сабе дазволіць».
Парушэнні рэжыму, пра якія ідзе гаворка, былі звязаныя з поспехамі самога Пракапенкі і «Дынама» ў цэлым. А пачалося ўсё з прыходу ў клуб новага трэнера.
Доўгі час у гісторыі мінскага «Дынама», заснаванага ў 1927 годзе, былі ўсяго дзве яркія ўспышкі: бронзавыя медалі Вышэйшай лігі чэмпіянату СССР у 1954-м і 1963-м. Пры гэтым тыя поспехі практычна не мелі працягу, а сама каманда перыядычна вылятала з эліты савецкага чэмпіянату. Апошні раз гэта здарылася ў 1976-м. Вярнуцца ў Вышэйшую лігу адразу не атрымалася, і ў 1978-м галоўным трэнерам каманды стаў Эдуард Малафееў, у мінулым - славуты форвард, які гуляў у мінскім «Дынама» і зборнай СССР (у складзе апошняй ён стаў датычны да самага гучнага поспеху савецкага футбола - чацвёртага месца на чэмпіянаце свету ў 1966-м). Эдуард Васільевіч (па ініцыялах яго называлі ЭВМ) адразу здолеў вярнуць «Дынама» ў эліту, дзе клуб заняў даволі высокае шостае месца.
Як пісаў Васіль Сарычаў, з прыходам Малафеева надышоў зорны час Пракапенкі. «Патрабаванні да мабільнасці сярэдняй лініі ўзраслі, але пачала вітацца нестандартнасць рашэнняў, і талент гульца заззяў новымі гранямі. Папулярнасць паўабаронцы перавысіла мажлівыя межы, з'явіліся прыхільнікі і прыхільніцы, незлічоныя спакусы - і Сашу панесла. Начальнік каманды, адміністратар збіваліся з ног, шукаючы зніклага гульца, з якім увесь час здараліся гісторыі. Сябрукі былі такія ж - <…> наш герой у кампаніі з экс-спартакаўцам Ігарам Грыгор'евым узялі за звычай пасля хатніх матчаў лётаць на "Масквічы" ў начныя рэстараны Вільнюса (212 км па начной дарозе). Вярталіся пад раніцу, і трэнеры ўзмоцненай парылкай і халоднымі акунаннямі выганялі рэшткі задавальнення з іх разбітых целаў».
Пазней, са словаў Сарычава, Пракапенка праз захапленне алкаголем наогул пачаў проста знікаць: «Каманда ляціць ранішнім рэйсам на гульню ў Адэсу - па Сашу, а шостай раніцы спецыяльна заязджае начальнік каманды [Аляксандр] Гарбылёў. Яго сустракае разгубленая [жонка Пракапенкі] Наташа: вось толькі што стаяў тут і некуды знік… Іншым разам адпраўляюцца цягніком у Маскву, адкуль ляцяць у афрыканскае турнэ, Саша выскоквае з вагона купіць мінералкі - у сталіцу прыбывае адна торба».
У тым ліку праз гэта міжнародная кар'ера Пракапенкі не склалася. У 1980-м у Маскве праводзілася Алімпіяда - і ў зборную СССР запрасілі ўраджэнца Бабруйска. «Ён жа трапіў у алімпійскі склад выпадкова - Сашу выклікалі на збор, што называецца, для масавасці, - расказваў сябар футбаліста Леанід Ліберман. - А калі ў спарынгу другі склад, дзе гуляў Саша, пераканаўча набіў першаму пяць штук, то ўражаны [трэнер зборнай Канстанцін] Бескаў сказаў яму: "Усё, едзеш на Алімпіяду!"».
Аднак Пракапенка згуляў толькі ў двух першых матчах, потым сарваўся, і да бронзы, якую Аляксандр усё ж атрымаў, каманду вялі ўжо іншыя гульцы. Пасля гэтага шанцы працягнуць выступы за нацыянальную зборную СССР, якую ўзначальваў той жа Бескаў, беларус страціў. Дарэчы, паводле ўспамінаў усё таго ж Лібермана, першым, што сказаў Пракапенка, вярнуўшыся з Масквы, было: «Усё, едзем замочваць медаль».
«Толькі вырвецца са Стаек са збору - усё, шукай ветру ў полі… - казаў сябар футбаліста. - Пракапенка ў гэтым плане быў падобны да свайго суседа па доме на вуліцы Маякоўскага <…>. Той нейкі час мог трымацца, але потым усё - зрываўся і сыходзіў у такое піке, што на яго страшна было глядзець… Ніякія ўгаворы не дзейнічалі, я і дагэтуль не ведаю, як з гэтай бядой можна справіцца».
«Выпіваў не толькі ён, - расказваў Дзмітрый Пракапенка. - Пілі тады, напэўна, усе. Хтосьці больш, хтосьці менш. Як мне здаецца, з ім злы жарт сыграла любоў заўзятараў. Ён за любым сталом быў жаданым госцем. Куды б ён ні заходзіў, усе запрашалі выпіць. Гэта яго надламала. А калі ўлічваць, што чалавекам бацька быў добрым, простым, то, магчыма, і загубіла».
Пік кар'еры - чэмпіёнства СССР
1982 год стаў пікам у кар'еры Пракапенкі. Тады ў мінскім «Дынама» склаўся ідэальны баланс маладосці і досведу. Сапраўднымі лідарамі былі шосты нумар і ўжо згаданы Юрый Пудышаў, якія ідэальна разумелі адзін аднаго.
«Унікальнасць Пракопа заключалася ў тым, што ён аднолькава добра гуляў з мячом і без яго, - успамінаў Васіль Сарычаў. - Галы ж, не валодаючы моцным ударам, забіваў незапамінальныя, як бы непераканаўчыя: падрэзкай у кут, сунуўшы галаву на апярэджанне, з куламесы, з пратыку… Наўрад ці заўзятар здолее выскрабці з памяці і дзясятак з няпоўнай сотні Пракопавых мячоў, але паказальна, што шэдэўральны гол у вароты кіяўлян <…> з тых, хто бачыў, не забудзе ніхто <…>. Цяжкае кастрычніцкае поле, адсутнасць момантаў, вязкасць барацьбы… 36-я хвіліна, Пудышаў адкрываецца направа, за ім нясецца [паўабаронца кіяўлян Леанід] Бурак, але не паспявае - пас кідаюць на ход уразрэз. Пудзік, з цяжкасцю наганяючы мяч, ад самай тарцавой лініі страляе ўздоўж - і далей азарэнне геніяльнасці, успышка, цуд! - Пракоп, прапусціўшы мяч пад сабой, раптам робіць рух пяткай, пускаючы лёгенькага "сваяка" ў далёкую лузу. [Брамнік кіяўлян Віктар] Чанаў, які пісьменна закрываў блізкі кут, сеў на калені, рэагуючы на чаканы ўдар, якога не было, і толькі бездапаможным позіркам праводзіў мяч, што запаўзаў побач з іншай штангай. Гэтая вынаходлівая пятка, паўзучы мяч, здзіўлены Чанаў - адбітак шчасця, які працягваем несці ў сабе <…> пяцьдзясят тысяч хлопчыкаў, хлопцаў і мужчын, якія ўскочылі тады ў адзіным парыве, як бы ні склаўся ў кожнага ў гэтыя дваццаць гадоў лёс».
Апісанне гола Пракапенкі, прыведзенае вышэй, паказальнае. Малафееў вызнаваў ідэю «шчырага футбола». Ён настойваў на гульні ў атацы, якая прыносіць радасць заўзятарам. Вітаў імправізацыю, але пры гэтым каманда была надзіва згулянай. «Мы з заплюшчанымі вачыма адчувалі адзін аднаго, хто дзе адкрыецца, куды перадачу аддаваць», - пісаў у мемуарах паўабаронца той каманды Сяргей Алейнікаў.
Мінчукі стартавалі ў канцы сакавіка 1982 года з дзвюх перамог над маскоўскім «Дынама» і «Спартаком». Потым прытармазілі, але ў траўні пасля дзесяці тураў узначалілі табліцу. На летні перапынак яны сыходзілі другімі, але пасля яго змаглі выйсці на першае месца. Прэтэнзіі на лідарства пацвердзіў і матч з галоўным фаварытам, кіеўскім «Дынама», выйграны з лікам 3:2.
На фінішы сезона мінчукам трэба было абавязкова перамагчы ў двух апошніх матчах у Маскве: супраць мясцовых «Дынама» і «Спартака». У адваротным выпадку іх маглі б апярэдзіць кіеўскія дынамаўцы, якія гналіся за лідарам. Розніца паміж мінчукамі і кіяўлянамі перад двума фінальнымі турамі складала ўсяго адзін бал - але тады за перамогу давалі два балы, а не тры, як цяпер. 16 лістапада мінчукі з неверагодным лікам 0:7 разграмілі сваіх маскоўскіх аднаклубнікаў - гэта была самая буйная параза для тых у гісторыі. А 19 лістапада перамаглі «Спартак» з лікам 3:4.
Дзве паралельныя перамогі кіеўскага «Дынама» ўжо нічога не вырашалі - мінскае «Дынама» першы і адзіны раз у сваёй гісторыі стала чэмпіёнам СССР.
Пазней папаўзлі чуткі, што гэтыя матчы былі дамоўнымі. Некалькі месяцаў таму гэты факт упершыню прызнаў абаронца той каманды Віктар Шышкін: «Ды зразумела, што мы дамовіліся. У нас са "спартачамі" былі добрыя адносіны, мы іх усіх добра ведалі <…>. У гульні заўсёды секліся, аж іскры з вачэй, а за межамі поля цудоўна камунікавалі. А вось кіяўлян <…> яны, што тут хаваць, недалюблівалі. Тым больш "Спартак" пры любым раскладзе заставаўся трэцім. Так што развіццё падзей было заканамерным. <…> У нас тады шалёная форма была, і спартакаўцаў мы і так маглі б абыграць, але хацелася ўсё-ткі падстрахавацца. Мы ім потым шампанскае выставілі, тое-сёе, хлопцы не ў крыўдзе засталіся».
У Мінску цягнік, які прыбыў з тагачаснай савецкай сталіцы, сустракаў захоплены натоўп фанатаў. Для Пракапенкі той сезон аказаўся звышудалым. Ён згуляў 32 матчы, забіўшы ў іх 11 мячоў (другі паказчык у камандзе).
Займець Пракапенку ў свой склад тады хацелі многія лідары чэмпіянату СССР. Але ён застаўся ў «Дынама».
«Ён вельмі любіў маму, - дзяліўся сын футбаліста. - Заўсёды прыслухоўваўся да яе парадаў. Вось вам характэрны прыклад. У свой час яго звалі гуляць у "Спартак", маскоўскае "Дынама", але ён не паехаў толькі таму, што мама была не згодная. Яна - патрыётка. Хацела, каб мы жылі толькі ў Мінску. На ўсе прапановы камандаў ён адказваў каротка: "Размаўляйце з маёй жонкай"».
Адлічэнне з «Дынама» і жыццё ў ЛПП
У наступным годзе выніковасць Пракапенкі, як і ўзровень гульні каманды ў цэлым, знізіліся, ён зноў пачаў парушаць рэжым. У выніку яшчэ ў сярэдзіне чэмпіянату Эдуард Малафееў адлічыў Пракопа з «Дынама» - гульцу было ўсяго 29 гадоў, самы росквіт кар'еры. А неўзабаве ЭВМ забралі ў Маскву трэніраваць моладзевую і алімпійскую зборныя СССР. За Веніямінам Арзамасцавым, які прыняў клуб, а да гэтага працаваў памочнікам Малафеева, каманда выдала ўдалы фініш і скончыла чэмпіянат трэцяй. Аднак бронзавы медаль Пракапенку не дастаўся - для гэтага не хапіла неабходнай колькасці згуляных матчаў.
У наступныя два гады мінчукі, захаваўшы касцяк, спыняліся недалёка ад медалёў, заняўшы, адпаведна, пятае і чацвёртае месцы. У 1986-м наступіў спад. Апошняй успышкай стаў 1987-ы, калі «Дынама» дайшло да фіналу кубка СССР (там мінчукі драматычна прайгралі аднаклубнікам з Кіева па пенальці, хоць падчас матча вялі 3:1) і заняло пятае месца ў чэмпіянаце. Пасля гэтага каманда пасыпалася. Магчыма, калі б у яе складзе застаўся Пракапенка, калі б ён захаваў сваю найлепшую форму, вынікі былі б яшчэ вышэйшымі. Але нам гэтага ўжо не даведацца.
Тым часам Аляксандр піў далей, і ў канцы 1984 года яго з уласнай згоды змясцілі ў Мазырскі лекава-працоўны прафілакторый (ЛПП). Такія ўстановы з'явіліся ў Савецкім Саюзе ў 1960-я. Аднак назва, у якой было слова «лекавы», - зманлівая. Фактычна ЛППўяўлялі з сябе працоўныя лагеры для пітушчых людзей. А пытанню лячэння алкагольнай залежнасці адводзілі апошняе месца. Па сутнасці, ад зоны ЛПП адрозніваўся толькі тым, што знаходжанне ў ім турэмным тэрмінам не лічылася.
За тры гады да Пракапенкі, у 1981-м, у той жа Мазырскі ЛПП трапіў пісьменнік Міхась Стральцоў. Паэт Леанід Дранько-Майсюк, які наведваў яго, так успамінаў гэтую ўстанову: «Уражанне ад месца, у якім Ён апынуўся, было вельмі гнятлівым - высокі глухі плот з калючым дротам; на КПП узброеныя прапаршчыкі; закрытыя кратамі вокны; падобныя на астрожнікаў пацыенты; цьмяны глыбокі снег; злосны брэх вартаўнічай аўчаркі».
Беларус Алег, з якім мы размаўлялі ў 2022-м, расказваў пра ЛПП аналагічнае. Падчас гутаркі ён увесь час называў установу «зонай» і адзначаў, што гэта «проста сродак запалохвання і ізаляцыі».
«Яны ізалююць тых, хто п'е, ад грамадства ў таварыства такіх жа хворых, дзе іх яшчэ і навучаць таму, чаго яны раней не ведалі, - казаў ён. - Калі нехта хоча вылечыцца, яму няма сэнсу туды трапляць. Пасядзець і абдумаць усё можна і дома, калі ў чалавека ёсць галава на плячах. Бо выходзяць людзі адтуль і ў першую чаргу, калі за імі зачыняюцца вароты, куды ідуць? Да найбліжэйшай крамы. І так большасць. Я не ведаю, можа, на некаторых і паўплывала знаходжанне ў ЛПП. Але колькі я ведаю людзей, хто там пабываў, у асноўным усе працуюць, бывае, выпіваюць. Некаторыя кінулі, як я, але на мяне паўплывала іншае».
Так што ў часы Пракапенкі сітуацыя, хутчэй за ўсё, была аналагічнай. Зразумела, што да народнага ўлюбёнца там ставіліся па-асабліваму. Ён працаваў у цэху, дзе рабілі ланцугі, і нават мог па некалькі гадзін трэніравацца і часам гуляць. Але пры сустрэчы з прадстаўніком «Дынама» галоўны доктар установы наўпрост сказаў: «Забірайце, калі не хочаце яго канчаткова страціць».
Узімку 1985-га Пракапенка выйшаў на волю. Ён марыў вярнуцца ў родны клуб, але, паводле кіраўніцтва клуба, у ЦК кампартыі і ў кіраўніцтве спартыўнага таварыства «Дынама» былі супраць. Тады ўзнікла ідэя знайсці прамежкавы варыянт - каманду, пасля паспяховага выступлення ў якой Аляксандра б паклікалі вярнуцца ў Мінск. Гродзенскі «Хімік» і брэсцкае «Дынама» адмовіліся, магілёўскі «Днепр» пагадзіўся.
«Падчас перадсезонкі галоўны трэнер магілёўцаў Валерый Стральцоў казаў, што Пракоп працуе з поўнай аддачай і, гледзячы на яго, цяжка працуе ўся каманда - ужо толькі для гэтага ён гатовы такога футбаліста трымаць. На спарынгу ў Стайках [пад Мінскам] Пракоп забіў два галы ў вароты мінскага "Дынама", потым Арзамасцаву з [адным з кіраўнікоў каманды Леанідам] Гараем давялося паглядзець кантрольны матч "Дняпра" ў Сочы - у непралазнай гразі Пракоп разбіраўся з супернікамі і мячом як на паркеце, забіў тры галы і прынёс магілёўцам перамогу. Па вяртанні ў Мінск трэнеры зноў пайшлі па інстанцыях: Пракапенка ў форме і патрэбны "Дынама". Але ў адказ прагучала катэгарычнае "не". Сашу сказалі, што гэта тэхнічная зацяжка, фармальнасці, трэба яшчэ пабыць у "Дняпры", але ён зразумеў усё. Згуляўшы ў складзе [магілёўскага клуба] 15 гульняў, Пракапенка з каманды знік, а праз нейкі час жонка моўчкі здала форму», - пісаў Васіль Сарычаў.
Канец кар'еры і ранняя смерць
Апошнім клубам, у якім гуляў Пракапенка, стаў азербайджанскі «Нефтчы», які выступаў у Вышэйшай лізе чэмпіянату СССР. 33-гадовы Аляксандр пачаў сезон там ярка. Забіў маскоўскаму «Спартаку», годна (1:2) разам з камандай толькі на апошніх секундах саступіў кіеўскаму «Дынама», якое ў тым сезоне дайшло да паўфіналу Кубка еўрапейскіх чэмпіёнаў (турнір - папярэднік Лігі чэмпіёнаў). Аднак правёўшы ўсяго пяць матчаў, Пракоп зноў сышоў у запой і быў адлічаны з каманды.
Пасля гэтага футбаліст зноў пачаў піць. «Паўторна трапіўшы ў Мазырскі ЛПП, у студзені 89-га (за два месяцы да смерці) Аляксандр напіша сыну: "Ты ўжо вялікі і ўсё разумееш. Што б ні здарылася, ведай: бацька ў цябе быў і ёсць. Ён ніколі не быў кепскім чалавекам. Ты расцеш і мусіш быць іншым. Лепшым, чым я. А людзі ў большасці сваёй - падонкі". Гэтае апошняе паласнула нажом: колькі ж давялося перажыць найдабрэйшаму ад прыроды стварэнню, каб прыйсці да такой страшнай катэгарычнасці, - пісаў Васіль Сарычаў. - Яму, учорашняму куміру, многія ўжо не падавалі падчас сустрэчы рукі. А можа, ён меў на ўвазе пад гэтым зусім іншае? Яшчэ ў адным лісце дадому знаходзім такія радкі: "…Ведаю, што сумленне не дазволіць мне што-небудзь з сабой зрабіць. Я ж не забойца"».
29 сакавіка 1989 года Аляксандр прыйшоў у рэстаран гатэля «Мінск». Зноў слова Сарычаву:
«Тыя, хто бачыў яго раніцай, запомнілі, што апрануты быў з іголачкі: белая кашуля і скураны фінскі плашч, які вядучым гульцам паспрыялі калісьці праз базу. У тую раніцу Саша быў цвярозы і казаў, што ўсё цяпер пойдзе па-іншаму. <…> Наведнікаў было няшмат, і з'яўленне элегантна апранутага Пракапенкі не магло застацца незаўважаным. Прайшлі часы, калі музыкі гралі на яго з'яўленне туш, але ўсім па-ранейшаму хацелася пачаставаць знакамітасць. Ён, як звычайна нікога не крыўдзячы, пераходзіў ад століка да століка. Потым выйшаў з залы, скіраваўшыся ў бок прыбіральняў. Праз хвіліну ў залу забегла спалоханая афіцыянтка: "Пракапенку кепска!" Супрацоўнікі і наведнікі атачылі Сашу, які ляжаў на падлозе, шчыльным кальцом, у чаканні дактароў хтосьці рабіў штучнае дыханне, не ўпэўнены ў яго мэтазгоднасці. Брыгадзе хуткай дапамогі засталося канстатаваць смерць і накрыць цела прасціной. Усё адбылося паміж 21 і 22 гадзінамі».
Паводле адной з версій, смерць наступіла ў выніку асфіксіі - у горле футбаліста нібыта захрас кавалак мяса. Паводле іншай, у яго проста не вытрымала сэрца.
«Зрэшты, гэта ўжо не мела значэння, - пісаў Сарычаў. - Сапраўдная прычына наўрад ці ляжала ў галіне фізіялогіі. Калі рыбу выкідваюць на бераг, яна гіне - тое ж здарылася з Аляксандрам Пракапенкам. Народжаны жыць толькі ў гульні, ён не меў ролі і месца ў пасляфутбольным жыцці». Народнаму ўлюбёнцу было ўсяго 35 гадоў. Месца на перапоўненых гарадскіх могілках у Бабруйску для Пракапенкі не знайшлося, хоць яго выйшаў праводзіць увесь горад. Таму яго пахавалі ў вёсцы Токары недалёка ад Бабруйска. Тамсама пахаваныя два яго родныя браты - усе яны памерлі маладымі.
У чым прычына жыццёвай трагедыі Пракапенкі? Можа, рэч у славе і адноснай забяспечанасці, якія зваліліся на яго, - яны і прывялі да праблем з алкаголем? «Пытанне дакладна не ў грашах, - лічыў Дзмітрый, сын футбаліста. - Рэч, я думаю, акурат у папулярнасці. Ён стаў адным з самых вядомых на той час гульцоў, значыць, мусіў адпавядаць пэўным маральна-ідэалагічным крытэрам, быць люстэркам дынамаўскага калектыву. Мабыць, папулярнасць разам з адказнасцю дзесьці і надламалі. Плюс пастаянны псіхалагічны, маральны прэсінг. А што да грошай, то не столькі яны атрымлівалі, каб надта ўжо шыкаваць. Як мы ведаем, гулялі тады за ідэю і за радзіму. Той самы "шчыры футбол", які прапагандаваў Эдуард Малафееў. Адпрацоўвалі душой і сэрцам, гэта я ведаю дакладна».
Сам Дзмітрый з маці ў 1999-м атрымалі грын-карту і эмігравалі ў ЗША. Цяпер Пракапенка-малодшы займаецца рэкламным бізнесам. Ён выдатна гаворыць па-беларуску, удзельнічае ў жыцці дыяспары. Шмат у чым дзякуючы Дзмітрыю з'явілася кніга, прысвечаная яго бацьку, пра яго быў зняты фільм. У 2015-м у гонар Пракапенкі назвалі стадыён у Бабруйску.
А вось з даўняй ідэяй пра помнік «народнаму футбалісту» ў Мінску ля стадыёна «Дынама» дагэтуль усё складана. Планы з'явіліся яшчэ ў 2007-м, потым усё заглухла праз маштабную рэканструкцыю арэны. У 2021-м з'явілася навіна, што скульптуру ўсё ж адкрыюць вясной наступнага года, пасля чаго праект з невядомых прычынаў зноў паставілі на паўзу. Хоць па-сапраўднаму народны футбаліст відавочна заслугоўвае годнай памяці пра сябе.
Чытайце таксама